Понедельник, 9 марта 2026

Аператыўна і зладжана працуюць у ААТ «Ружаны-Агра»

407

Не трэба быць вялікім знаўцам душ чалавечых, каб вызначыць, дзе справа робіцца шчыра, а дзе — абы не чапляліся, каб толькі было ціха. Да першых адносяцца працаўнікі ААТ «Ружаны-Агра». У гэтым сельгаставарыстве мы не так даўно пабывалі.

Арыенцір — на новую тэхніку

Намеснік кіраўніка ААТ «Ружаны-Агра» Руслан Атулян.

Важным для любога чалавека з’яўляецца само месца працы, умовы, якія створаны для работы. Намеснік кіраўніка ААТ «Ружаны-Агра» Руслан Атулян недзе нават з гонарам паведаміў, што ў сельгаставарыстве кожны год абнаўляецца аўтапарк.

Адну з самых сучасных адзінак тэхнікі карэспандэнты ўбачылі, калі пабывалі на палетку каля в. Верчыцы, дзе на ўборцы кукурузы першы сезон быў задзейнічаны механізатар Дзмітрый Казлюк, які ўвогуле адпрацаваў у гаспадарцы 22 гады. Зразумела, каб гэта быў пасрэдны работнік, то новую тэхніку яму наўрад ці даверылі б.

Дзмітрый Казлюк: на новым камбайне працуецца куды лягчэй!

— На кормаўборачным камбайне Krone 2022 года выпуску працаваць адно задавальненне, — кажа Дзмітрый. — Тут у маім распараджэнні нават камеры відэаназірання, якія дапамагаюць пазбегнуць страт корму падчас уборкі.

Да слова, сёлета ААТ «Ружаны-Агра» набыло пяць МАЗаў 6501, тры МТЗ-1221 і самаходны кормараздатчык SILOKING.

Трывалы падмурак — працоўныя дынастыі


Вітаюцца ў сельгаставарыстве сямейныя дынастыі, прадстаўнікі якіх сведчаць, што знайсці сябе можна і на малой радзіме, а не за светам. Анатолій Шапавал, напрыклад, гаспадарку «Ружаны-Агра» можа назваць роднай для сябе, бо гэта адзінае месца яго працоўнай дзейнасці, стаж — 40 гадоў вадзіцелем! Як прыйшоў сюды пасля Афганістана, дзе выконваў інтэрнацыянальны доўг, так і працуе па сённяшні дзень.

Бацька Анатолій і сын Павел Шапавалы: сталае і маладое, а разам — вопыт і новыя павевы ў рабоце.

Побач і жонка Раіса, якая займае пасаду агранома-насеннявода. А не так даўно, у параўнанні са стажам бацькі, у гаспадарцы шчыруе на новым МАЗе і сын Павел. І кожны з іх разумее, што лёгкіх грошаў нідзе няма. А хто дбае — той і мае.

У працы — комплексны падыход


А якія ж яны, палеткі, прыгожыя, калі дагледжаныя. Глядзіш удалячынь, і здаецца, што яны мала без чаго бясконцыя, толькі далёка бачны лес у восеньскім убранні. Чужому чалавеку нічога не перашкаджае стаяць і любавацца. А вось любы механізатар з ААТ «Ружаны-Агра» вам раскажа, што для гэтай прыгажосці патрэбна прыкласці шмат намаганняў, паспець зрабіць усё ў вызначаны час і ў пэўным парадку. Убралі, напрыклад, кукурузу — адразу ўносім мінеральныя ўгнаенні, затым — час узворвання. На словах проста, а на справе…

Сяргей Бацяк: любую работу патрэбна выконваць з душой.

Вось і механізатар Сяргей Бацяк пацвярджае, што нават унясенне ўгнаенняў патрабуе ўвагі, каб не было на палетку дзе густа, а дзе пуста. Любая справа любіць дакладнасць і своечасовасць.

Нічога не перабольшыў, нічога не прыдумаў. Расказаў пра тое, што сам бачыў і чуў. Проста хочацца, каб ведалі нашы чытачы пра тых працаўнікоў, якія сваёй шчырай працай даказваюць: любі сваю справу — і будзе табе добра ў жыцці.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік