Менш за дэкаду засталося да таго часу, калі ў Польшчы пройдуць ключавыя выбары ў Сейм. Пасля іх будзе вызначаны вектар развіцця краіны-суседкі на бліжэйшыя чатыры гады.
Чаго там граху ўтойваць, апошнія некалькі год Польшча без усялякіх падстаў стала лезці, як кажуць, папярод бацькі ў пекла. Хаця падставы ёсць. Залаты ярлык на гэта выдалі ёй за акіянам. А яшчэ і спіс загадаў, сярод якіх — раскалоць Еўропу, хоць не зжэрці, то пакусаць Расію і Беларусь.
Трэба аддаць належнае, Польшча нядрэнна з гэтым спраўляецца. Чаму ж не? Гістарычная памяць аб сваіх здольнасцях яшчэ засталася. Разводзячы інтрыгі паміж краінамі Еўропы, пагражаючы вайной шляхам сцягвання войскаў да мяжы Беларусі, накачваючы Украіну знішчальнай зброяй, бо стала своеасаблівым хабам гэтаму, суседняя для нас краіна стала даволі балючай занозай на целе свету.
Тут узгадваюцца мары панавання «ад мора і да мора». Зразумела, такія амбіцыі Рэчы Паспалітай не даюць ёй добра спаць, вяртанне так званых заходніх крэсаў так і мроіцца. А яшчэ — стаць гегемонам у Ероўпе, пасунуўшы ў бок Германію. Амбіцыі немаленькія. Але на чым яны трымаюцца? Можа, на вялікім эканамічным цуде, індустрыяльным, навуковым прарыве? Не. Усе прыбыткі гэтай краіны трымаюцца на фінасавай кропельніцы ЗША і Еўрасаюза. Гэта асэнсоўваюць разумныя палітыкі і людзі, якіх даволі нямала ў Польшчы. Адна з такіх — Каміла Гасюк-Піховіч. «Хто гэта?», — спытаеце вы. Адкажу. Гэта юрыст, палітык, якая ў апошнія часы пачала абвінавачваць польскага прэзідэнта Дуду ў тым, што той прадаў Польшчу Штатам.
Крыху аб самой Каміле. У свае 40 гадоў яна даволі ўплывовы палітык. У 2014-м Каміла Гасюк-Піховіч стала прадстаўніком палітычнай партыі «Мадэрн». Праз год была выбрана ў польскі Сейм, узначаліўшы выбарчы спіс партыі па акрузе Варшава-2. У студзені 2018 года стала старшынёй парламенцкай групы «Сучасная партыя». У снежні гэтага ж года перайшла ў «Грамадзянскую платформу».
Яна адразу стала апазіцыянеркай у адносінах да партыі ўлады і не толькі да яе, а да тых непапулярных рашэнняў, якія прымаў Сейм. Напрыклад, у 2017 годзе Сеймам большасцю галасоў быў падтрыманы татальны знос мемарыялаў савецкім воінам. За дэмантаж выказалася 408 дэпутатаў, супраць — сем. Іх тады ў Польшчы ахрысцілі «сямёра смелых». У гэтай сямёрцы была і пані Каміла. І вось зараз яна з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком «Грамадзянскай платформы».
Цяпер Каміла Гасюк-Піховіч вельмі папулярная ў краіне. Яе паважаюць за розум і прафесіяналізм. У выпадку перамогі «Грамадзянскай платформы» на выбарах Каміле прадказваюць адну з вышэйшых пасад у дзяржаве. На гэтых выбарах тварам у твар сутыкнуцца дзве магутныя партыі: правячы нацыянал-кансерватыўны блок на чале з Яраславам Качыньскім і «Грамадзянская платформа» на чале з Дональдам Тускам. Іх процістаянне зараз называюць «Польска-польскай вайной».
Дарэчы, Туск некалькі дзён таму вывеў на вуліцы Варшавы каля мільёна людзей. Такога яшчэ ніколі не было за ўсё існаванне Польшчы. А вось правячая кааліцыя Качыньскага губляе галасы. Віной таму шматлікія скандалы. Да гэтага можна яшчэ дадаць пагаршэнне стану краіны. Палітыка бязмежнай падтрымкі ЗША, ахвярай якой стала прасяданне эканомікі, зніжае рэйтынг правячай кааліцыі з 43,5% на мінулых выбарах да 34% зараз. У мінулым годзе, напрыклад, палякі збіралі галлё для ацяплення, бо вугаль ужо быў не па кішэні. Краіна ператварылася ў прытулак украінскіх мігрантаў, з-за гэтага мясцовым было вельмі цяжка знайці работу. Вельмі падмачыў рэпутацыю правячай вярхушкі «візавы скандал», які называюць аферай стагоддзя. Не малой праблемай для правячай партыі стаў транзіт украінскага зерня. Транзітныя магчымасці Польшчы не змаглі забяспечыць яго вялікі паток. Зерне пачало накоплівацца ў сховішчах, і зараз там яго ўжо больш за 10 мільёнаў тон. Гэта адбілася на прыбытках мясцовых фермераў, якія пачалі бунтаваць. А гэта самы вялікі для Польшчы электарат.
«Грамадзянская платформа» абвінавачвае правячую партыю ў самых розных злачынствах. Самае галоўнае — што ўлада прадала Польшчу ЗША.
А што ж паабяцала Каміла Гасюк-Піховіч, калі партыя выйграе выбары і прыйдзе да ўлады? Вось яе выказванне: «Прыйшоўшы да ўлады, мы аддамо пад суд прэзідэнта Анджэя Дуду. А заадно і яго палітычных паплечнікаў — прэм’ер-міністра Маравецкага, віцэ-прэм’ера Сасіна і лідара партыі Качыньскага».
Падводзячы вынікі, можна канстатаваць той факт, што зараз у правячай чацвёркі ідзе барацьба не толькі за ўладу, але і за свабоду. Што ж, пажывём — убачым.
Віктар Ільюшчанка