Суббота, 15 февраля 2025

Жыхары в. Новыя Засімавічы падзяліліся сваімі думкамі пра рэферэндум і змяненні ў Канстытуцыю

569

Змены ў любой дзяржаве – гэта неад’емная частка яе развіцця і магчымасць далейшай паспяховай рэалізацыі намечаных планаў. Часам гэтага патрабуюць абставіны, але, у любым выпадку, стаяць на месцы — не самае лепшае выйсце ў плане жыццядзейнасці краіны. Тое ж датычыцца і Рэспублікі Беларусь. Прыйшоў час, калі мы, грамадзяне, павінны зрабіць выбар, у якой дзяржаве будзем жыць, якімі правамі і свабодамі карыстацца, хто будзе з’яўляцца гарантам нашай незалежнасці.

Размова, канечне ж, ідзе пра рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Як адносяцца да гэтай падзеі жыхары в. Новыя Засімавічы?

Рыгор Іванавіч Шульгін:

— Для мяне, як для чалавека ваеннага, вельмі важным з’яўляецца пытанне захавання нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту. Таму што гэта, у першую чаргу, магчымасць ісці сваім шляхам, мець уласнае незалежнае меркаванне на палітычнай арэне. Хочацца, каб і надалей у нашай краіне панавалі мір і згода (зноў жа як ваенны я ведаю, што такое ўзброены канфлікт), тым больш, што Асноўны Закон гарантуе нам абарону правоў, свабод чалавека і грамадзяніна. Заклікаю ўсіх прыняць удзел у рэферэндуме.

Вера Пятроўна Макарэвіч:

— Са змяненнямі і дапаўненнямі, якія ўносяцца ў Канстытуцыю, я поўнасцю згодна. Мяне і да гэтага часу ўсё задавальняла, але ж разумею, што яны неабходны і дадуць новы штуршок для ўсебаковага развіцця нашай роднай Беларусі. Ды і час патрабуе змен.

Для мяне немалаважным з’яўляецца пытанне бясплатнай медыцыны. Падтрымліваю і дапаўненне, у якім гаворыцца, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні асабістага здароўя. Бо ўсё ж урачы не ўсёмагутныя, і гэта варта разумець. Думаю, што кожны павінен аддаць свой голас за будучыню нашай краіны. Толькі разам мы зможам зрабіць яе квітнеючай.

Ірына Сяргееўна Чаранкова:

— Абавязкова прыму ўдзел у рэферэндуме. Гэта мая асэнсаваная пазіцыя, як грамадзянкі Рэспублікі Беларусь. Зараз моладзь не вельмі актыўная, многія нават не задумваюцца пра будучыню. А ў адным з дапаўненняў у Канстытуцыю прапісана, што кожны павінен праявіць сацыяльную актыўнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. І каму, калі не маладым, жыць у гэтай краіне, клапаціцца пра яе, памнажаць яе багацці?

Зразумела, радуе і той момант, што закранулі і медыцыну. Здароваму чалавеку і жыццю хочацца радавацца, і працаваць не толькі дзеля сябе.

Святлана Міхайлаўна Машненка:

— Змяненні і дапаўненні, якія ўносяцца ў Канстытуцыю, на мой погляд, гэта новы віток у развіцці дзяржавы. Для мяне як для загадчыцы Навазасімавіцкіх ясляў-сада, актуальным з’яўляецца захаванне культурных і духоўных традыцый, падтрымка сем’яў з дзецьмі. Не на апошнім месцы знаходзіцца дабрабыт грамадзян, незалежнасць і працвітанне Беларусі. Хацелася б звярнуць увагу і на тое, што на абмеркаванне вынесена пытанне аб духоўным, маральным і фізічным развіцці моладзі. Гэта актуальна, бо здаровая моладзь – заклад здаровай нацыі.

Думкамі цікавіўся Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік