Суббота, 12 октября 2024

Жыхары Пружаншчыны віншавалі сталых людзей, якім давялося стаць сведкамі вайны

255

Напярэдадні 9 Мая і ў сам Дзень Перамогі віншаванні з гэтым вялікім святам прымалі ветэраны, былыя малалетнія вязні канцлагераў, остарбайтары і многія іншыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі сельсаветаў Пружанскага раёна.

Віншаванні прымае Вера Віктараўна Крэчка

Ружанскі сельсавет

Генадзю Іванавічу Арлову ў дзіцячым узросце было наканавана перажыць блакаду Ленінграда. Напярэдадні 9 мая мужчына прымаў віншаванні і падарункі ад мясцовага сельвыканкама, цэнтра культуры і вольнага часу, а таксама ваеннаслужачых 210-га авіяцыйнага палігона. Усе, хто завітаў у дом Генадзя Іванавіча, жадалі яму доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.

Мокраўскі сельсавет

Па добрай традыцыі напярэдадні Дня Перамогі старшыня сельвыканкама сумесна з вучнямі і педагогамі Кляпацкай і Мокраўскай школ павіншавалі былых малалетніх вязняў, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета.

Гэтым паважаным людзям уручылі паштоўкі з віншаваннямі ад кіраўніцтва раёна і харчовыя наборы. Тыя, на чыю долю выпаў цяжар ваеннага ліхалецця, шчыра дзякавалі за ўвагу і прасілі моладзь берагчы мір і любіць родную краіну.

Ліноўскі сельсавет

Прадстаўнікі «Белай Русі», Ліноўскага сельвыканкама і Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы павіншавалі з Днём Перамогі былых малалетніх вязняў – Марыю Рамановіч з Аранчыц і Ніну Севасцьянчык з Лінова.

Жанчынам выпала цяжкае дзяцінства. Маленькая Марыя разам з мамай трапіла ў лагер у Германію. А Ніна нарадзілася ў лагеры, ведае пра той час толькі па аповедах мамы. Мінулі гады, а страх вайны застаўся ў памяці.

Свой працоўны шлях жанчыны прайшлі ў Пружанскай ЦРБ. Галоўная медсястра Марыя Грышкевіч адзначыла, што ў калектыве іх памятаюць. Старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань расказала, што нядаўна Марыя Аляксееўна падпявала ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці, якія наведвалі яе. Няпростая доля не пазбавіла жанчын жыццёвага аптымізму і стойкасці.

Таксама работнікі Ліноўскага сельвыканкама, члены грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын» пабывалі з віншаваннямі ў гасцях у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паўла Бальцэвіча, удзельніка падзей у Венгрыі 1956 года Уладзіміра Амельянчука і ў сям’і Раісы Свірэпы.

Сухопальскі сельсавет

Работнікі сельвыканкама далучыліся да віншаванняў былых вязняў, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета.

У прыватнасці, віншаванні прымала Ніна Міхайлаўна Шамрук. Ёй пажадалі моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і даўгалецця.

Хараўскі сельсавет

Напярэдадні Дня Перамогі тут прымалі віншаванні ветэраны вайны Аляксандр Амяльянец і Іван Корсак, а таксама былы малалетні вязень Валянціна Севасцьянчык.

Цёплыя словы ў іх адрас гучалі ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, сельвыканкама і работнікаў культуры Хараўскога сельсавета.

Шаняўскі сельсавет

Цёплыя словы напярэдадні 78-й гадавіны Перамогі пачулі ветэран Вялікай Айчыннай вайны жыхарка Шубіч Марыя Бабрук і вязень фашызму жыхарка Шакуноў Алена Гарэйка.

Віншавалі жанчын старшыня Шаняўскога сельвыканкама Сяргей Лапука, загадчык мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі Таццяна Кабрынец, спецыяліст па ідэалогіі ААТ «Шані-аграпрадукт» Крысціна Асіпчук, настаўніца Шаняўской СШ Ірына Бяляева. Яны выказалі шчырыя словы падзякі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, уручылі кветкі і памятныя падарункі з пажаданнямі моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту і даўгалецця.

Зеляневіцкі сельсавет

Работнікі Зеляневіцкага сельвыканкама павіншавалі з Днём Перамогі былога непаўналетняга вязня Веру Крэчка. У вялікае свята яны пажадалі Веры Віктараўне наймацнейшага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і мірнага неба над галавой, каб блізкія заўсёды былі побач і акружалі сваёй любоўю і клопатам.

Нашы чытачы таксама знаёмы з Верай Крэчка: яе матэрыялы па гісторыі Пружаншчыны на старонках газеты можна ўбачыць за подпісам Веры Церахавай – такі псеўданім у былога вязня.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла