Птушка міру. Самы шматлікі прадстаўнік птушак у гарадскім асяродку. Знакаміты кур’ер… Як здагадаліся, гэта ўсё пра голуба. Дадзеная птушка, якой на сёння налічваецца каля пяцісот відаў, ужо больш за 5000 гадоў пражывае побач з чалавекам і асацыіруецца толькі з самым прыемным і незабыўным, што можа адбывацца ў жыцці кожнага. Як мужчына называе сваю каханую палавінку? Галубка мая! Буркуюць, як галубкі? Значыць, усё, захамутала, хутка будзе вяселле! Дый наогул голуб — вельмі прыгожая птушка. І для таго, каб пастаянна любавацца гэтай прыгажосцю, некаторыя жыхары нашага раёна займаюцца развядзеннем галубоў.
Калі гаварыць пра наш рэгіён, на сённяшні дзень тут пражывае шэсць галубятнікаў (у пачатку 90-х было дванаццаць!), самым вопытным з іх з’яўляецца Уладзімір Шырма. Калі ўзяць той факт, што Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1947 годзе і трымае галубоў з дзяцінства, то зразумела, што вопыту ў гэтай сферы ў яго хоць адбаўляй! І дзяліцца ім ён гатовы з кожным, хто вырашыць завесці сабе птушак гэтай пароды.
А мы ж знайшлі і тых галубятнікаў, якія згадзіліся расказаць чытачам «раёнкі», як патрэбна правільна займацца развядзеннем галубоў, з чаго наогул пачынаць? Знаёмцеся: жыхары горада Пружаны Міхаіл Вайцяховіч і Алег Чарнагалаў.

Дык з чаго пачынаем? Вядома, з пакупкі птушак! Але мужчыны адразу папярэджваюць: перш чым купіць галубоў, падумайце: ці зможаце вы ў наступным займацца імі, інакш кажучы, быць для іх не толькі гаспадаром, але і сябрам? Бо ўсё жывое на свеце любіць ласку. У адваротным выпадку нанесяце толькі шкоду жывой істоце, што з боку чалавечнасці зусім не даравальна.
Што датычыцца саміх галубятнікаў, то абодва займаюцца развядзеннем з падлеткавага ўзросту. Любоў да галубоў Міхаілу прывіў бацька Васіль Міхайлавіч, які ў свой час таксама разводзіў гэтых птушак. І Міхаіл, і Алег з юнацкага ўзросту выйшлі, а з любімай справай не расстаюцца, працягваюць кожную вольную мінуту праводзіць са сваімі галубамі, аддаюць часцінку сябе сваім падапечным, а тыя адказваюць узаемнасцю і прыязнасцю.

Што ж, купілі, а далей? Па-першае, да гэтага ў вас павінна ўжо быць пабудавана галубятня, у якой маюцца клеткі, кармушкі, паілкі, вентыляцыя, акенцы, адным словам, сапраўдны домік.
Не лішнім будзе пагаварыць і пра само ўтрыманне галубоў. Нейкіх асаблівых сакрэтаў у доглядзе птушкі, па словах Алега Леанідавіча, няма. Кармленне, канечне, павінна быць пастаянным, словам, кожны дзень, а не тады, калі ўспомніў. Аптымальна падыходзіць зерневая сумесь з сямі кампанентаў, кампаноўка якой можа мяняцца ў залежнасці ад пары года. У вывадкавы перыяд рэкамендуецца даваць камбікорм для птушак.

Нельга забываць пра здароўе сваіх прыгажуноў. Абавязкова ўключаем у рацыён вітаміны і мінеральныя дабаўкі, у лістападзе праводзім вакцынацыю. Як вядома, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Для падтрымання імуннай сістэмы галубоў можна паіць спецыяльным травяным чаем. Не забываем пра чыстку і дэзынфекцыю галубятні, якую трэба рабіць раз у месяц. Калі маеце жаданне, то гэтую работу можна праводзіць і часцей. А наогул, як расказвае Міхаіл Васільевіч, галубы — даволі ахайныя птушкі, яны даглядаюць сябе даволі старанна, вычышчаючы са свайго пер’я паразітаў і забруджванні.
Пагаворым і пра развядзенне галубоў. Перад зімой рассаджваем па клетках самцоў і самак, каб сіл набраліся, паспелі засумаваць адзін па адным. А вясной фарміруюцца пары. У гэты час Міхаіл Вайцяховіч можа гадзінамі назіраць за тым, як голуб заляцаецца да галубкі, апякае яе — сапраўдны джэнтльмен! Пры гэтым у кожнай пары свая тэрыторыя, якую самец ахоўвае. Алег Чарнагалаў дадае, што дваццаць пар племянных птушак даюць свету больш за сто птушанят. І вось тут узнікае праблема: каму іх раздаць?

Не вельмі нашы землякі хочуць займацца развядзеннем галубоў — вось вам і адказ. Яшчэ ў далёкія 90-я з пасылу старшыні абласнога клуба галубятнікаў Сяргея Бузы, ураджэнца Пружан, у райцэнтры праводзіліся бясплатныя выставы галубоў. Галубятнікі за свае сродкі куплялі клеткі, наладжвалі салодкія пачастункі і каву для наведвальнікаў. Вельмі ж ім хацелася папоўніць свае рады! На жаль, задума засталася толькі марай. Нікога не прывабіла магчымасць стаць шчаслівым уладальнікам прыгожых птушак. Такая ж сітуацыя назіраецца і цяпер: аматараў развядзення галубоў становіцца з кожным годам усё менш.
А якія пароды галубоў падабаюцца нашым субяседнікам? Міхаіл Васільевіч аддае перавагу паштовым караткадзюбым дэкаратыўным. Каб завесці гэтую пароду, яму беспаспяхова давялося паездзіць па ўсёй краіне. А ў выніку дапамог Алег Леанідавіч, які мае спецыяльнасць «Заатэхнік», а ў свой час працаваў селекцыянерам. Разам удалося шляхам скрыжавання ўзнавіць пароду, якая кожны дзень радуе гаспадара. Бойныя лётна-гульнявыя — хобі Алега Чарнагалава. Галубы першай пароды, калі іх выпусціць, могуць згубіцца ўжо за 500 метраў ад дому, а другой — і за 200 км вяртаюцца. Дарэчы, у свеце праводзяцца афіцыйныя спаборніцтвы сярод паштовых спартыўных галубоў на 300, 700 і 2500 км, падчас якіх бярэцца пад увагу не толькі тое, ці вернецца голуб дадому, але і хуткасць вяртання. Усё-такі як прыемна, бачыць сваіх галубкоў у блакітным небе, сустракаць іх і быць упэўненым, што яны не пакінуць цябе, бо тут для птушак родны дом!

І яшчэ адзін момант. З фінансавага боку разлічваць на вялікі прыбытак пры развядзенні галубоў не даводзіцца. Добра, калі будзе акупляцца корм. Часцей за ўсё галубятнікі раздаюць, а не прадаюць сваіх гадаванцаў. Ды для іх не гэта галоўнае. Зносіны са сваімі птушачкамі дапамагаюць людзям пакінуць у баку дэпрэсію, абстрагавацца ад шэрых будняў. Гэта магчымасць падняць настрой, адпачыць душой. Адно толькі галубінае буркаванне чаго каштуе! Яно настолькі мілагучнае, што знакаміты кампазітар Рымскі-Корсакаў перакладваў буркаванне на ноты і ўводзіў у творы для сімфанічнага аркестра. А старажытнагрэчаскі медык Асклепій лячыў ім сваіх пацыентаў.
Вось і атрымліваецца, што шчасце сваё можна знайсці не толькі ў грошах. Тут яны ёсць, а вось ужо і няма. А птушачкі, твае легкакрылыя галубкі, будуць радаваць сваёй прысутнасцю не адзін год, прыносячы з сабой заспакаенне на душы і шчымлівую радасць ад назірання за іх палётам у блакітным небе.

Р.S. Міхаіл Вайцяховіч не абмежаваўся развядзеннем галубоў: на яго падворку можна ўбачыць серабрыстых і залацістых фазанаў, важных паўлінаў, самых прыгожых у свеце качак мандарынак. Цэлы заапарк! Вось ужо сапраўды пра чалавека не скажаш, што ён чэрствы душою і жыве толькі дзеля карысці сваёй.
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік