Адгучалі, адгандлявалі сельскагаспадарчыя кірмашы ў райцэнтры, Ружанах і Шарашэве. Здавалася б, усе жадаючыя закупіліся сезоннай агароднінай, час пакласці яе на захоўванне ў склепы і кладоўкі — і паставіць кропку ў падобных восеньскіх мерапрыемствах.
Ды не, нездарма ж цудоўнае надвор‘е працягвае радаваць і ў лістападзе, цешыць вока прыгажосцю залатой восені. І ў ААТ «Жураўлінае» вырашылі наладзіць свой кірмаш.
І вось у мінулую нядзелю цэнтрам увагі стала вёска Мокрае, дзе прама з машын разгарнуўся гандаль агароднінай. Гаспадарка прывезла капусту і яблыкі, кляпацкі фермер Пётр Барычэўскі — моркву, чырвоныя буракі і цыбулю. Прадавалі тут і саджанцы вінаграду з вінаградніка «Анюта», і камбікорм з Аранчыцкага ХПП.
— Бульбы няма, — мімаходам адзначыла адна з жанчын-пакупніц.
— Няўжо вяскоўцы і яе на зіму купляюць? – засумнявалася я, па шматгадовым уласным вопыце ведаючы добрую беларускую традыцыю садзіць і капаць бульбу.
— У нас ужо сучасная вёска, больш на горад падобная, — засмяялася ў адказ жанчына. — Над градкамі і соткамі ўсе спіну гнулі, калі купіць немагчыма было. А зараз — без фанатызму. Але, думаю, бульбу ўжо ўсе назапасілі.
Напэўна, найбольшы попыт быў на мясную прадукцыю, якой апошнія гады славіцца ААТ «Жураўлінае». Сапраўды, нават галубцы цяпер гаспадыні перастаюць рабіць самастойна: навошта, калі па-дамашняму смачныя паўфабрыкаты ва ўсіх магазінах сельгаставарыства.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік прызнаецца, што нават не чакалі, што такі попыт будзе: 200 кілаграмаў галубцоў прадалі літаральна мінут за 40, на катлеты і шашлыкі попыт быў таксама неверагодны.
— Мы не гатовы былі да такой колькасці народу, — кажа Зінаіда Міхайлаўна. — Выбачайце, гэта быў першы такі вопыт, спадзяёмся, што не апошні.
Сапраўды, у «Жураўліным» упершыню арганізавалі кірмаш. Але «першы блін» не аказаўся камяком, незадаволеных не назіралася. Два разы давялося падвозіць са сховішча яблыкі. Налітыя і румяныя, яны радавалі і вока, і кашалёк: 1,65 руб. каштавалі самыя прыгожыя, 83 капейкі — некандыцыйныя, якія выглядалі, здаецца, не горш. Чарга вілася і па капусту, вырашчаную гаспадаркай. Нямала было знаёмых твараў: аказваецца, не ўсе пружанцы паспелі затарыцца ў горадзе. Так што прадалі капусты прыкладна столькі ж, колькі і яблык, па адной тоне.
Купілі і па 200 кілаграмаў фермерскіх цыбулі і морквы.
— Буракоў менш прадаў, кілаграмаў 50, — адзначае Пётр Іосіфавіч, які таксама ўпершыню прыняў удзел у падобным кірмашы.
Над пляцоўкай каля гасцінічна-турыстычнага комплексу «Мікалаеўскі» віўся пах шашлыкоў, гучалі песні ў выкананні артыстаў мясцовага Дома культуры, і хто-ніхто нават пусціўся ў скокі пад задорныя мелодыі. Ціха падала залатое лісце з дрэў, і людзі не спяшаліся разыходзіцца-раз‘язджацца, нават калі ўсе пакупкі былі зроблены, а прысмакі, што прапанавала мясцовая кулінарыя, — пад‘едзены.
— Вельмі добра, што наладзілі нам такі кірмаш, — прызнаўся адзін з пенсіянераў. — У Пружаны ехаць у сталым узросце ўжо бывае праблемна, а тут падвезлі ўсё ледзь не пад самы дом ды яшчэ і ў машыну сетку з капустай пагрузіць вадзіцель гаспадаркі дапамог. Дзякуй адміністрацыі і калектыву «Жураўлінага», асабіста Зінаідзе Міхайлаўне, усім, хто прымаў удзел у арганізацыі, працаваў тут.
Ірына Сядова. Фота аўтара
Глядзіце больш фота ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_299074441 і https://ok.ru/budni/album/970524813448