Четверг, 19 июня 2025

Жыхары і госці горада расказалі, які след пакінула Вялікая Айчынная вайна ў іх сем’ях

1 141

Май да кожнага прыходзіць па-рознаму. Разам з пышнай квеценню садоў, яркімі цюльпанамі і радасцю Перамогі ён нясе смутак і боль. Смутак па тых, хто з вайны не вярнуўся. Боль і крыўду за тых, каму ніколі не давядзецца пачуць запаветнае «Этот День Победы…»
А які след пакінула Вялікая Айчынная вайна ў сем’ях жыхароў і гасцей горада? Як сёння яны захоўваюць памяць пра родных, якія прынеслі нам перамогу?

Міхаіл Іванавіч, г.Пружаны:


— Я з таго пакалення, якому пра вайну расказвалі яшчэ не бабулі і дзядулі, а бацькі. Ваяваў дзед маёй жонкі, які вярнуўся інвалідам, а яе бацька быў вывезены на тэрыторыю Польшчы. Змагаўся з фашыстамі і мой дзядзька.
Наша сям’я 9 мая стараецца заўсёды ўдзельнічаць у памятных мерапрыемствах. У гэтым годзе планую сустрэць свята ў Брэсцкай крэпасці. Памяць трэба захоўваць, і вельмі хочацца, каб пра ўрокі мінулага памятала і моладзь.

Артур, в.Клепачы:


— Гэта вялікае свята, значнае для ўсяго народа. А яшчэ — памяць пра подзвіг нашых продкаў дзеля дабрабыту і развіцця краіны. Штогод 9 мая мы з бацькамі наведваем пахаванне ахвяраў вайны каля в.Краснае, ускладаем кветкі. Лічу, што чалавек, які забывае пра мінулае народа, забывае і пра ўласнае мінулае. Без памяці няма будучыні.

Лідзія Іванаўна, г.Пружаны:


— Вайна – гэта вялікі боль для маёй сям’і. Мой бацька Іван Ніканоравіч Мірчук партызаніў, з вайны вярнуўся інвалідам. Цяжка хварэла і мама. Але бацькі ніколі не здаваліся, вырасцілі пяцёра дзяцей. Помню, як узімку вазіла бацьку на санках. А мінулай восенню дарагога мне чалавека не стала. Яму было 94 гады… Заўсёды ўспамінаем бацькавы аповеды пра вайну. Праўнучка падрабязна запісала іх, таму для мяне бацька ўсё роўна застаецца жывым.

Маргарыта, г.Пружаны:


— Мае бабуля і дзядуля: Лідзія Іванаўна і Мікалай Якімавіч Сачко — былі ў канцлагерах. Ваяваў і прадзядуля. Памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах, а яшчэ ў вялікай колькасці фотаздымкаў. Часта ўспамінаем дарагіх нам людзей, ездзім у вёску Боркі, дзе пахаваны родныя. Пра жудасныя падзеі вайны трэба гаварыць не толькі напярэдадні 9 Мая. Памяць трэба захаваць і перадаць наступным пакаленням.

Дзмітрый, жыхар г.Смаленска:


— Калі ўспамінаю пра Дзень Перамогі, узгадваю сваіх дзядуляў. Цімафей Арцемьевіч Чабаеў і Рыгор Акімавіч Званкоў ваявалі на тэрыторыі Расіі. Адзін з іх служыў разам са знакамітай лётчыцай Валянцінай Грызадубавай. Памяць пра родных мы з жонкай, ураджэнкай Пружан, канечне ж, захоўваем. А ў Дзень Перамогі збіраемся ля тэлевізара і глядзім ваенны парад.

Анастасія, жыхарка г. Бабруйска:


— Вайна ў рознай ступені закранула кожную сям’ю. Ваяваў і мой прадзядуля. Для мяне 9 Мая — свята, якое прынесла людзям мір. Дзякуючы яму зараз мы жывём у прыгожай краіне, не перажываем за дзяцей. Пра гэта ўсё разам з мужам будзем абавязкова расказваць дачушцы Ганначцы. Дарэчы, яна ўжо была на памятным мітынгу да Дня Перамогі. Плануем наведаць яго і сёлета.
Думкамі цікавіліся Уладзіслаў Шпарла і Кацярына Масік (фота).