Воскресенье, 13 октября 2024

Жыхару раёна, які збіваў сваю сужыцельку, пагражае 6 гадоў пазбаўлення волі

684

Пракуратура раёна падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе ў дачыненні да грамадзяніна Н., жыхара раёна.

Яму інкрымінавана наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое стала прычынай смерці па неасцярожнасці пацярпелай. Да таго ж па факце сямейнага насілля па ініцыятыве пракурора без наяўнасці заявы з боку ахвяры мужчына быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі кароткачасовае расстройства здароўя.

Абвінавачаны напрыканцы сакавіка бягучага года падчас сваркі на глебе сямейна-бытавых адносін наўмысна нанёс не менш за тры ўдары кулаком у вобласць галавы і твару сваёй сужыцельцы Р., у выніку чаго прычыніў ёй закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Ён жа на наступны дзень у стане алкагольнага ап’янення ў чарговы раз збіў сужыцельку, у выніку чаго прычыніў ёй лёгкія цялесныя пашкоджанні. Але здароўе жанчыны ўжо было падарвана, і на наступны дзень яна памерла ад пабояў.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме і чыстасардэчна пакаяўся. З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы, з якой суд пагадзіўся, доказаў і характарыстыкі грамадзяніна Н., характару і ступені грамадскай небяспекі зробленага суд раёна пастанавіў прыгаварыць грамадзяніна да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 6 гадоў 1 месяц з накіраваннем у папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Вераніка Манец, памочнік пракурора