Воскресенье, 28 мая 2023

Жыхарка Смаляніцы Людміла Яроцкая прымае ўдзел у рэспубліканскім праекце «Культурная спадчына Беларусі» і стварае пано «Карта Беларусі»

301

Калі мы завіталі да Людмілы Яроцкай у Смаляніцу, жанчына была занята вышываннем. Пад яе ўмелымі рукамі на вялікім кавалку палатна распускала чырвоныя крылы над яркімі кветкамі нябачаная птушка.

Людміла Яроцкая за работай

– Гэтая птушка сімвалізуе мясцовы традыцыйны роспіс на шкле, – тлумачыць Людміла Міхайлаўна. – Калі хто не ведае, то гэты роспіс у свой час адрадзіла народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая, а сёлетняй вясной ён на рэспубліканскім узроўні быў прызнаны аб‘ектам нематэрыяльнай спадчыны.

– А што наогул атрымаецца? – цікавімся мы.

– Карта Беларусі, – усміхаецца майстрыха.

Сапраўды, у рамках рэспубліканскага праекта «Культурная спадчына Беларусі» майстры ўсіх рэгіёнаў удзельнічаюць у стварэнні нашага нацыянальнага сімвала. Кожны раён Брэстчыны – свая адметнасць: побач з пружанскай птушкай месцяцца вышытыя гладдзю выявы  бездзежскага фартушка, Косаўскага палаца, лунінецкага абрада ваджэння куста, збанка і гаршчка-«мамзэлькі» з Гарадной Столінскага раёна… Варта звярнуць увагу і на фон: вышыўка на ім адпавядае традыцыйным узорам тканых рушнікоў кожнай мясцовасці.

– Лягчэй было вышыць птушку, чым зрабіць гэты фон, – прызнаецца Людміла Яроцкая.

Вышыўкі будуць збірацца да Дня Незалежнасці ў вялікае пано – «Карта Беларусі» памерам 3х2,5 метра, якое адлюструе асноўныя аб’екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны кожнага рэгіёна краіны. Дарэчы, ініцыятарам праекта «Культурная спадчына Беларусі» з‘яўляецца Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Чаму такую адказную справу даверылі менавіта Людміле Яроцкай, здагадацца няцяжка, калі пабываць у яе доме. Вышытыя карціны, ручнікі, падушкі і пакрывалы – літаральна паўсюдна. З густам падабраныя колеры кветкавых арнаментаў радуюць вока, іконы грэюць душу.

– Колькі гадоў Вы вышываеце, Людміла Міхайлаўна? – пытаемся мы.

Жанчына смяецца:

– Гэта такая «заразная хвароба», што ўжо не магу спыніцца. Вочы стаміліся, рукі стаміліся, але трэба мне вышываць. Ноч магу сядзець, толькі б вышыўку закончыць, раніцай папрасаваць – і ўбачыць вынік. Кветкавыя кампазіцыі часам прыдумваю, часам у часопісах падгледжу, але колеравую гаму выбіраю сама: тыя адценні, што мне хочацца. Канцэртныя касцюмы для нашага гурта «Смаляначка» на свой густ вышыла. А вось іконы вышываю бісерам па схемах.

Прызнаецца:

– Пачала я вышываць з пачатковай школы. Тады на ўроках працы вучылі гэтаму рукадзеллю. Ды на вёсцы ўсё гэта было не ў навіну: жанчыны і вышывалі, і ткалі. Бабуля мая і мама – таксама. І карціны такія ж, яркія, на шкле з падкладзенай пад малюнак фольгай віселі ў нашай хаце. Так што ўсе гэтыя традыцыі ўвайшлі ў кроў з малых гадоў. А пазней, калі ўжо замужам была, прачытала ў абласной газеце «Заря» аповед пра вышывальшчыцу, паглядзела фота – і загарэлася: мне ж таксама патрэбна і падушкі вышываць, і многае іншае. Дзеці ў той час былі малыя – чацвёра хлопчыкаў – і гаспадарка, але часу  неяк на ўсё хапала.

«Пружанскі» фрагмент вышыванай карты

Дарэчы, мы даведаліся, што Людміла Міхайлаўна – не толькі выдатная рукадзельніца, але і вядомая ў акрузе каравайніца.

– На вяселлі мама некалі караваі выпякала і мяне вучыла. А потым я сама пякла. Раней памногу пяклі вясельных караваеў: на дарэнне вялікі, а часам і два, у царкву, сватам, бацькам для сустрэчы маладых… Цяпер гэтыя звычаі адыходзяць ужо, ды і вяселлі па-іншаму зусім ладзяцца. А шкада. Цэлыя абрады былі: як цеста замясіць, што сказаць, куды выліць ваду пасля мыцця каравайнага посуду. А падчас вяселля! Сват з караваем выходзіць пад рушніком, прыгаворваюць нешта. Зараз больш імкнуцца павесяліць гасцей, чым менавіта абрады, накіраваныя на доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё, выканаць. Ды і сыходзяць ужо старыя людзі, якія абрады ведалі. Цяпер, атрымліваецца, наша чарга перадаваць свае веды нашчадкам.

– А Вашы нашчадкі імкнуцца нешта пераняць?

– Сямёра ўнукаў цяпер у мяне, старэйшаму – 13 гадоў. Нешта пераймаюць, зразумела. Унучка Сонечка з бісеру пляце, спявае разам са мной у «Смаляначцы», ды не проста спявае – саліруе, вы ж чулі, напэўна. Так што спадчыну ёсць каму перадаць.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік