
Што ёсць жыццё? Аказваецца, можна не проста пражываць дні, але і знайсці сябе ў працы, сваёй справе, плённай і карыснай. Як, напрыклад, жыхар раённага цэнтра Міхаіл Пятрань, пра якога, дарэчы, ужо пісала «раёнка» як пра лепшага ўчастковага інспектара Пружанскага РАУС.
Кожны з нас выбірае свой стыль жыцця. Можна, канечне, не перанапружвацца, прыйшоў з працы — перакусіў і да камп’ютара. Вясной і летам па вечарах сядзі на лавачцы, вядзі бяседы з суседзямі і знаёмымі. Не задумвайся аб заўтрашнім дні, не забівай галаву думкамі аб дадатковым занятку. А калі рукі да работы свярбяць? Тады наперад, знайдзі сабе занятак па душы і атрымлівай асалоду ад кожнага пражытага дня. Так вось і герой нашага рэпартажу. Не той чалавек Міхаіл, каб ляжаць на канапе і глядзець футбол, яго штодня чакае вінаграднік у вёсцы Дабучын.

Яшчэ ў савецкія часы, падчас вучобы ў школе, Міша пазнаёміўся з такімі гатункамі вінаграду, як «агат данскі», «касманаўт», «алёшанькін». Матуля Марыя Апанасаўна прывезла саджанцы з Пінскага апорнага пункта паўночнага вінаградарства, якім загадваў вядомы вучоны Рамуальд Лойка. Пасадзілі чаранкі на сваім прысядзібным участку. Праўда, не ўсё напачатку было гладка. Міхаілу даручылі на зіму ўкрыць вінаград — хлопец пайшоў у гарадскі парк, назбіраў лісця і прынёс дадому. А па вясне — што за бяда, дзе зніклі саджанцы, можа, укралі? Ды не, проста некаторыя расліны згнілі пад лістотай. Дарэчы, цяпер ужо вопытны вінаградар свае плантацыі ўкрывае спецыяльнай плёнкай.
І зацягнула Міхаіла развядзенне вінаграду, яго непаўторны смак, ды ўжо на ўсё жыццё. Цяпер любую інфармацыю можна знайсці ў тым жа інтэрнэце, іншай літаратуры таксама ў дастатку. А ў 1991 годзе дастаць хоць якую кніжку па вінаградарстве было вельмі складана, да ўсяго патрэбна было даходзіць шляхам спроб і памылак. Ды і памеры вінаградніку ў Дабучыне не ішлі ні ў якое параўнанне з сённяшнімі. Пачыналася ўсё з невялікага кавалачка ў канцы агарода каля дома, у якім вырас бацька Міхаіл Васільевіч.
Далей — болей. А ў 2011 годзе на сямейным савеце вырашана было закласці вінаграднік «Анюта». Назва сімвалічная, бо носіць імя любімай дачкі і дзвюх бабуль Міхаіла. Як кажуць, на шчасце, каб вінаград пладаносіў і прыбытак таксама прыносіў. Нішто сабе так, калі размова ідзе пра 240 гатункаў, якія падбіраліся, глядзелася на ўраджайнасць і прыжывальнасць у нашых кліматычных умовах. А як вам лічба 270? Столькі цяпер разнавіднасцей расліны на
ўчастку Міхаіла. А колькі сіл патрэбна, каб усё дагледзець, нічога не прамінуць. Раней дапамагала матуля, але гады бяруць сваё, таму цяпер вінаградар сам займаецца любімай справай. Ну, можа, крыху дапамагае лабрадор Віста, які ветліва сустракаў карэспандэнтаў «раёнкі» ў варотах і потым суправаджаў па вінаградніку: мала што госці задумаюць?
Што ўяўляе сабой вінаграднік? Пакуль што дзве цяпліцы для больш хуткага выспявання гронак (у планах падвоіць іх) і астатняя плошча пад металічнымі апорамі, паміж якімі нацягнуты шпалеры. І што-дзённы догляд круглы год: каб не падмарозіла, а паліваць трэба, падвязаць, апрацаваць ад розных хвароб, прадумаць стратэгію на будучыню. Вось ужо цяпер у планах пашырэнне, таму ў зімовы час Міхаіл усё падрыхтаваў для новых вінаградных насаджэнняў. На дадзены момант выкапаны такой прыладай, як ВШЛ (вялікая шуфлікавая лапата, гэта і далей скарачэнне вінаградара), траншэя на 80 см у глыбіню і 15 м у даўжыню. Далей будзе ўнесена арганіка (менавіта перагной) пры дапамозе тачкі і РВ4З (ручныя вілы з чатырма зубамі), укрыта зямлёй, драўняным попелам і мінеральным угнаеннем (суперфасфатам або азафоскай). Гаспадар вінаградніку шчыра запрашае: калі хочаце падкачаць мускулы, скінуць некалькі кілаграмаў — калі ласка, у госці, ды і думкі дрэнныя пакінуць, бо не будзе часу для іх.
Ніколі б не сказаў пры знаёмстве, што Міхаіл некалі працаваў у міліцыі. Цяпер, на пенсіі, ён больш нагадвае дасведчанага агранома, які гадзінамі можа расказваць пра любімы занятак, у якую зямлю пасадзіць саджанец, калі лепш паліць і апрацаваць, пра зваротныя замаразкі, што прыносяць апошнія гады вялікую шкоду вінаграднікам па ўсёй краіне. Падчас размовы ажно самому захацелася нечым падобным заняцца, столькі непадробнага захаплення справай было ў вачах Міхаіла. А яшчэ аптымізму: усё будзе добра, іначай і быць не можа. У дадатак, з прыемным чалавекам пагаворыш — на душы весялей становіцца, ніякага дачынення да работы не маеш, а ўсё роўна радуешся, бо нехта знайшоў сэнс у жыцці.
Не сакрэт, што любое пачынанне патрабуе ўкладанняў. Трэба ж было недзе купляць саджанцы. Ды па ўсёй краіне і за яе межамі шукаў і выпісваў іх вінаградар, падбіраў лепшыя гатункі, эксперыментаваў. Набываюцца новыя дарагія гатункі і гібрыдныя формы, напрыклад, саджанцы «клубнічныя». Усё грошы, але, як сцвярджае Міхаіл, праз тры гады яны дадуць добры прыбытак. Зразумела, што чакаць імгненных грошай у любой справе не даводзіцца, а яшчэ ж душу ўкласці ў расліны!
Так вось і жыў вінаграднік ад продажу саджанцаў, пакуль тры гады таму не пачаў Міхаіл рэалізацыю самых сакавітых і вельмі смачных гронак розных гатункаў. Хто купляе? Ды пакупнікоў хапае, адзін раз
паспрабавалі — усё, на наступны год абавязкова вяртаюцца, бо ад такой духмянай прадукцыі адмовіцца проста немагчыма.
Што канкрэтна да гатункаў вінаграду, то мужчына можа іх пера-лічваць не адну гадзіну і кожны ахарактарызаваць, расказаць пра смакавыя якасці. Проста хадзячая энцыклапедыя па вінаградарстве! Аказваецца, ёсць у Міхаіла сталовыя гатункі, бліжэй пазнаёміліся з «аркадзіяй», «ахілесам», «мадоннай», «магнатам». Сярод тэхнічных (для вінных вырабаў) былі названы «марс», «крыстал», «мукузані», «рэгент». І не забываем пра ўніверсальныя «свенсен рэд», «лепсна». Канечне, гэта не поўны пералік і лепш было б самому пакаштаваць і даць ацэнку, хоць і не прафесіянала. А ў гэтым і праблемы няма, бо вінаградар ад душы запрасіў у верасні яшчэ раз наведацца ў госці і правесці дэгустацыю. Як бы сціпласць ні пераважала, але наведацца ўсё-такі не прамінём.
Вось так незаўважна прайшла экскурсія па вінаградніку і лёгкая, простая бяседа з Міхаілам Петранём. Вельмі хочацца пажадаць віна-градару поспехаў у яго справе, каб хапіла запалу яшчэ на доўгія гады, каб замаразкі не засмучалі і ўраджаі радавалі. Каб весела жылося і ўсё задуманае збылося!
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік і з уласнага архіва Міхаіла Петраня
