Мікалая Якаўлевіча Дулько, які сёння адзначае 80-гадовы юбілей, у нашым раёне ведаюць вельмі многія. У якасці былога партыйнага работніка, загадчыка аддзела адукацыі райвыканкама, старшыні раённага савета ветэранаў…
Абавязкаў — і працоўных, і грамадскіх, ён заўсёды браў на сябе шмат. Але, на якой бы пасадзе ні знаходзіўся, заўсёды думаў пра людзей, лёсы якіх знаходзіліся ў зоне яго адказнасці.

А пачынаў з медыцыны…
Мікалай Дулько нарадзіўся ў 1941 годзе ў акупаванай фашыстамі вёсцы Чапялі, у сялянскай шматдзетнай сям’і. Так што «бязвоблачнага дзяцінства», як і ўсім яго равеснікам, на яго долю не выпала. У поўнай меры спазнаў і цяжар пасляваеннага часу.
— Нам, дзецям, даводзілася працаваць нароўні з дарослымі. Стараліся ва ўсім дапамагаць бацькам. Знаходзілі карысны занятак і зімой, і летам. Імкнуліся хутчэй стаць на ногі, — успамінае юбіляр.
Па заканчэнні Сухопальскай СШ ён паступіў у Брэсцкае медыцынскае вучылішча, каб атрымаць адну з самых паважаных і гуманных прафесій. І ўжо ў 1960 годзе пачаў працоўную дзейнасць у якасці загадчыка Смаляніцкага ФАПа. Па ўласным прызнанні, нягледзячы на ўсе цяжкасці (адсутнасць транспарту, аддаленасць вёсак і іншае), гэта быў адзін з лепшых перыядаў у яго жыцці.
— Я быў патрэбны мясцовым жыхарам, а яны ставіліся да мяне з павагай і імкнуліся дапамагчы ў вырашэнні маіх праблем, — настальгіруе мужчына. — У вёсцы фельчар, як святар, заўсёды карыстаўся бясспрэчным аўтарытэтам. Памятаю, толькі пачаў працаваць, як выклікалі да парадзіхі. Можаце сабе ўявіць? Мне ўсяго 19 гадоў было — і такая адказнасць! Прыехаў і… дапамог немаўляці з’явіцца на свет. Тады дзяцей нараджалася шмат, толькі на маім участку ад 40 да 60 немаўлят у год.
Характэрна, што пры амаль кругласутачнай загружанасці Мікалай Дулько спраўляўся і са значнай грамадскай нагрузкай па камсамольскай лініі: быў агітатарам на ферме, сакратаром камсамольскай арганізацыі брыгады №5 калгаса “Рассвет”, старшынёй селькама, а таксама прапагандыстам палітасветы.
Вучэнне — святло
Які фельчар не марыць стаць урачом? Марыў і Мікалай Дулько, аднак лёс падрыхтаваў яму іншую сцежку.
— У нашу вясковую школу з Пружан прыязджала маладая настаўніца. Неўзабаве мы з ёй узялі шлюб, нарадзілася дзіця. І я вырашыў перакваліфікавацца ў… педагогі. Не, медыцына не перастала падабацца. Проста завочнай формы навучання ў медыцынскіх ВНУ не было, а ў мяне ж сям’я, якую пакідаць на доўгі час не хацеў, — прызнаецца суразмоўца.
І ён паступіў завочна на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, дзе атрымаў спецыяльнасць “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”. Але настаўнікам у Навасёлкаўскай васьмігодцы, дзе, акрамя асноўных урокаў, выкладаў таксама і замежную мову, працаваў нядоўга: райкамам КПБ быў накіраваны на працу ў калгас “Чырвоны маяк” у в.Мокрае. Стаў тут намеснікам старшыні калгаса і сакратаром партарганізацыі.
— Адкрывалася перспектыва кар’ернага росту ў сельскай гаспадарцы, але я ўсведамляў, што не з маім характарам і стылем працы быць кіраўніком калгаса: там заўсёды патрабавалася жорсткая рука. Таму папрасіў аб пераводзе ў Пружаны. У 1972-73 гадах быў адказным сакратаром раённай арганізацыі таварыства “Веды”, галоўнай мэтай якога было несці асвету ў масы. Нашы пярвічкі ствараліся ва многіх арганізацыях горада і раёна, у актыў уваходзілі настаўнікі, урачы, прамыслоўцы… Мы запрашалі на лекцыі спецыялістаў з Брэста, Мінска і нават Масквы.
Літаральна праз год актыўнай працы на ніве асветы Мікалай Якаўлевіч быў прыняты на пасаду лектара райкама КПБ. А ў 1983 г. стаў старшынёй партыйнай камісіі.
Новыя віткі
У 1990-х пачаўся час палітычных змен. Пасля спынення дзейнасці КПСС і КПБ М.Я.Дулько быў запрошаны кіраўніцтвам раёна ў сістэму адукацыі. Год узначальваў гаспадарчую групу райаддзела, а потым быў назначаны дырэктарам Рудніцкай СШ.
— У гэты час актыўна імкнуўся павысіць сваю педагагічную кваліфікацыю. Стаў настаўнікам гісторыі, атрымаў вышэйшую катэгорыю і, на шчасце, хутка асвоіў навуку “кіраўніцтва настаўнікамі”. Ніякіх канфліктаў ні з калектывам, ні з бацькамі ў нас не было. Агульнымі намаганнямі мы стараліся ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу школы, пасадзілі вялікі агарод, які ў тыя няпростыя гады стаў добрай дапамогай для школьнай сталоўкі. Усяляк падтрымлівала нас і кіраўніцтва мясцовага калгаса, — распавядае Мікалай Якаўлевіч.
А ў лютым 1995 г. яго назначылі загадчыкам аддзела адукацыі райвыканкама.
— Гэта быў перыяд вострага недахопу фінансавых сродкаў у бюджэце, спалучаны з затрымкамі заробкаў настаўнікам і нават забастоўкамі апошніх. Аднак былі і пазітыўныя моманты: мы змаглі ўзяць на баланс аддзела адукацыі райвыканкама былыя калгасныя дзіцячыя садкі і шэраг кацельняў. Калі ў цяжкіх умовах удавалася вырашаць самыя складаныя задачы, я атрымліваў задавальненне ад працы, — кажа Мікалай Дулько. — Тым больш, што побач у той час працавалі вельмі годныя калегі, мае намеснікі Кацярына Аляксандраўна Ляшко і Аляксандр Васільевіч Сіцянкоў, якім я цалкам давяраў. Адзінай камандай мы здолелі адкрыць у горадзе гімназію. Старанна прааналізавалі работу гарадскіх адукацыйных устаноў і зразумелі, што на ролю навучальнай установы новага тыпу падыходзіць СШ №2. І, як паказаў час, не памыліліся.
Характэрна, што падчас яго кіраўніцтва аддзелам адукацыі ў Пружанах быў адкрыты цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, пачалася камп’ютарызацыя школ.
— На камплектаванне камп’ютарных класаў выдаткоў-валіся велізныя сумы. Па гэтым паказчыку наш раён быў пілотным у вобласці.
Спакой толькі сніўся…
У 2002 годзе М.Я.Дулько пакінуў крэсла кіраўніка. Крыху «адпачыў» на пенсіі, яшчэ год настаўнічаў у СШ №5, а з 2005-га пачаў актыўна працаваць у раённай ветэранскай арганізацыі — спачатку адказным сакратаром, а пазней старшынёй савета. Дарэчы, ветэранаў у той час налічвалася каля 500 чалавек. Пад кіраўніцтвам Мікалая Дулько колькасць пярвічных ветэранскіх арганізацый узрасла з 5 да 42, павысілася іх роля ў сацыяльнай абароне пажылых людзей і патрыятычным выхаванні моладзі.
У 2010 годзе саветам ветэранаў пры актыўным асабістым удзеле старшыні была падрыхтавана кніга “Успомнім усіх пайменна. Салдаты Перамогі — нашы землякі”. Гэта быў першы падобны праект у Беларусі, абласны савет ветэранаў нават рэкамендаваў іншым раённым арганізацыям зрабіць аналагічныя выданні.
Тут варта адзначыць, што Мікалай Якаўлевіч з’яўляецца таксама сааўтарам не менш унікальнай гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Пружанскі раён”, якая выйшла ў выдавецтве БелСЭ і на той час стала трэцім падобным выданнем у Беларусі.
За сваю актыўную грамадскую дзейнасць Мікалай Якаўлевіч Дулько быў узнагароджаны медалямі “За доблесную працу”, “Ветэран працы” і “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. А 14 жніўня 2019 года рашэннем прэзідыума Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў яму было прысвоена званне “Ганаровы старшыня”.
-Азіраючыся на пражытае жыццё, хачу сказаць, што ў цэлым я ім задаволены, — прызнаецца юбіляр. — Дзе нарадзіўся, там людзям і спатрэбіўся! Але самае галоўнае — жыццё працягваецца ў маёй дачцэ, у маёй унучцы, у маіх праўнуках, якія дзядулю не забываюць. Часта прыязджаюць у госці, дапамагаюць даглядаць градкі і кветнікі. Гледзячы на іх, падумваю асвоіць яшчэ прафесію агранома ці кветкавода. Чаму не?
Алена Зялевіч.
Фота Кацярыны Масік