У панядзелак, 27 сакавіка, прыхільнікі мастацтва адсвяткавалі Сусветны дзень тэатра. Вядома, што тэатр пачынаецца з вешалкі. Цікава даведацца: што лічыцца яго заканчэннем? Як праходзіць працэс падрыхтоўкі спектакля і што адчувае артыст падчас бурных авацый? Мы вырашылі «прыадкрыць заслону» і сустрэліся з кіраўніком народнага драматычнага калектыву «Сейбіты» Пружанскага гарадскога Палаца культуры Васілём Курачынскім.
Творчасць — з дзяцінства
Трэба сказаць, што ад асобы кіраўніка залежыць зладжанасць калектыву, яго дасягненні. У гэтым плане «Сейбітам» вельмі пашанцавала. Васіль Іванавіч — таленавіты чалавек, якому падуладны многія віды мастацтва. Так было з дзяцінства.
— Яшчэ зусім малым задумаў зрабіць нешта накшталт батлейкі: змайстраваў сцэну з заслонай, падрыхтаваў лялькі. Калі людзі збіраліся на вячоркі, я даваў свае «канцэрты»: спяваў песенькі і частушкі, хацеў народ павесяліць, сябе паказаць, — узгадвае Васіль Курачынскі.
А ўжо ў шостым класе таленавіты хлопчык атрымаў сваю першую галоўную ролю — у п’есе «Партызаны» Кандрата Крапівы. Дарэчы, словы, якія адказна вучыў у далёкім мінулым, мужчына памятае дагэтуль. Увогуле, падчас сустрэчы ён цытаваў шмат радкоў з розных твораў. Добрая памяць — цудоўная палёгка для акцёра!
Будучы юнаком, Васіль Іванавіч актыўна займаўся самадзейнасцю ў раённым Доме культуры (які на той момант размяшчаўся ў будынку касцёла), удзельнічаў у агітбрыгадах, выступаў у складзе розных творчых калектываў і пры гэтым ледзь не звязаў жыццё… з сельскай гаспадаркай. З чырвоным дыпломам скончыў Пружанскі тэхнікум, потым завочна паступіў у Горкі, але не давучыўся: зразумеў, што культура вабіць больш.
Ад інструктара да дырэктара… за два гады!
Працоўны шлях на ніве культуры пачаўся ў 1974 годзе, калі Васіль Курачынскі ўладкаваўся ў раённы Дом культуры інструктарам (нешта накшталт сучаснага культарганізатара), а праз два (!) гады стаў яго дырэктарам. З 1976 па 2012 гады Васіль Іванавіч паспяхова ўзначальваў установу. Пры гэтым ён не схаваўся ад падначаленых за стосам дакументаў і неадкладных спраў. Дырэктар сваёй невычэрпнай энергіяй зараджаў калектыў, жывіў творчасцю.
Каб пералічыць усе ініцыятывы, у якіх прымаў удзел Васіль Курачынскі, і яго дасягненні, гэтага артыкула будзе мала. Скажам так: будучы кіраўніком, ён танцаваў у ансамблі, спяваў у хоры, іграў у спектаклях, вёў мерапрыемствы, удзельнічаў у тэлеконкурсах і ўсё гэта рабіў проста выдатна!
У 1986 годзе скончыў завочнае навучанне ў Інстытуце культуры. Сярод мора цікавых дысцыплін, якія выкладаліся маладым талентам, яму асабліва палюбілася рэжысура…
Зазірнём за кулісы?
У 1996 годзе па ініцыятыве Васіля Курачынскага быў створаны новы творчы калектыў аматараў тэатральнага мастацтва, які атрымаў назву «Сейбіты». У 2012 годзе калектыву было прысвоена званне народнага.
Рэпертуар пружанскай трупы складаецца ў асноўным з камедый. Таксама «Сейбіты» іграюць пастаноўкі патрыятычнай тэматыкі, ставяць тэатралізаваныя праграмы, падчас якіх дэманструюць традыцыйныя беларускія абрады.
— Чаму камедыя? Стараемся пацешыць гледачоў гумарам. Хочацца, каб людзі іншы раз расслабіліся, на паўтары-дзве гадзіны адпачылі ад турбот, — кажа Васіль Іванавіч.
За столькі гадоў існавання аматарскі калектыў падрыхтаваў шмат пастановак. Публіцы асабліва палюбіліся спектаклі «Мікітаў лапаць» і «Падшукваю жонку. Нядорага!». Някепска «стартавала» «Курыца», прэм’ера якой адбылася ў лістападзе: артысты двойчы збіралі аншлагі, а зараз гастралююць з гэтым спектаклем па раёне.
Тэатр аматарскі, а значыць, прымерыць ролю акцёра можа кожны жадаючы, калі, канечне, ён мае творчыя задаткі і адпаведныя здольнасці.
Напрыклад, у склад «Сейбітаў» уваходзяць Жанна Лесіна, якая працуе ў «Беларусбанку», работнік бальніцы Пётр Юзафовіч, Алег Мардань з «Нятканага свету», Кацярына Зубко з электрасетак і іншыя таленавітыя артысты. Яны сталі любімчыкамі публікі, займелі сваю фанацкую базу.
— Часта я знаходжу акцёраў сам. Звяртаю ўвагу на знешнасць, паводзіны незнаёмых людзей. Калі разумею, што чалавек падыходзіць для майго спектакля, раблю яму прапанову адчуць сябе сапраўдным артыстам. Вось так людзей з розных сфер дзейнасці можа аб’яднаць муза Мельпамена, — заўважае рэжысёр.
Галоўнае патрабаванне Васіля Курачынскага да сваёй трупы — у традыцыях тэатральнага мастадонта Канстанціна Станіслаўскага: іграць так, каб публіка паверыла. Артысту неабходна ўжыцца ў ролю, адчуць свайго героя, па сутнасці, стаць іншым чалавекам — і тады прыйдзе поспех.
— Акцёр павінен быць усебакова развітым, працалюбівым і мэтанакіраваным. Пажадана, каб валодаў гумарам: без яго цяжка, — зазначае Васіль Іванавіч. — Ёсць частка праўды ў тым, што артысты крыўдлівыя і ранімыя людзі, якія балюча ўспрымаюць любую, нават самую нязначную крытыку. Канечне, не ўсе, але за сваю кар’еру я такіх сустракаў. Ды нічога, заўсёды знаходзілі агульную мову.
Яшчэ адна неад’емная частка закуліснага жыцця — хваляванне. Былы дырэктар, маючы за плячыма такі каласальны вопыт, прызнаецца, што ўсё роўна нервуецца перад кожным спектаклем.
— І разумею, што ўсё дасканальна падрыхтавана, але тым не менш хвалююся: хаджу ўлева-ўправа. Толькі дзякуючы актыўнаму руху крыху заспакойваюся, — прызнаецца Васіль Курачынскі. — Лягчэй становіцца падчас першай рэплікі, потым зусім аддаешся сцэне, раствараешся ў пастаноўцы. А самым шчаслівым момантам, бясспрэчна, з’яўляеецца фінал спектакля. Калі публіка, стоячы, шчыра дорыць апладысменты, кветкі і апускаецца заслона… Так, для акцёра вельмі важна прызнанне.
Пружанская трупа з некаторымі пастаноўкамі гастралявала і па-за межамі раёна, неаднаразова была адзначана на разнастайных конкурсах. Але справу прыметна падкасіла пандэмія каранавіруса. Для параўнання: калі ў 2018 годзе калектыў даваў 21 спектакль, то ў 2020 — усяго толькі шэсць…
Зараз дзейнасць тэатра паступова вяртаецца ў прывычнае рэчышча. Ужо цяпер Васіль Іванавіч працуе над новай пастаноўкай «Цёшча на пракат, або Пудзілы гарохавыя» і абяцае камедыйную прэм’еру ў канцы года.
— Хочацца, каб папулярнасць «Сейбітаў» аднавілася ў поўнай ступені, больш людзей шчыра зацікавіліся тэатрам, а мы, артысты, радаваліся вялікім чэргам на свае пастаноўкі, — падзяліўся жаданнямі рэжысёр.
Напрыканцы сустрэчы ўзгадваю незададзенае пытанне: «Чаму ж такая назва калектыву? Што сееце?» і атрымліваю лаканічны адказ: «Разумнае, добрае, вечнае».
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік