
Прыбраць, падмесці, даставіць прадукты, вынесці смецце, насекчы дроў… Спіс спраў бывае бясконцым. І гэта не аднаразовая дапамога бліжняму, а штодзённая праца сацыяльных работнікаў — сям’і Сяргея і Валянціны Цабрук з аг. Стараволя. Менавіта гэтая прафесія стала для іх яднаючай, а для жонкі — сапраўдным прызваннем.
Цікава ўладкавана жыццё: ніхто ніколі не ведае, як крута могуць змяніцца твае планы ў любы момант. А па выніку атрымліваецца найлепшы сцэнарый лёсу, які толькі можна прыдумаць. Так здарылася і ў нашых герояў, якія ў свой час нават не падазравалі, што свае лепшыя якасці праявяць у адной з самых гуманных прафесій, клопаце пра тых, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу.
Мы заспелі Сяргея і Валянціну ў в. Засімавічы. У гэты дзень сацыяльныя работнікі наводзілі парадак у доме Зінаіды Іванаўны Ракіцкай, для якой кожны іх прыезд, як вялікае свята. Гаспадыні далёка за 80 і выконваць хатнюю працу ўжо цяжка, а тут такія памочнікі. Яны ўсё робяць разам, таму атрымоўваецца і хутка, і якасна. Сяргей займаецца нарыхтоўкай дроў, сочыць за станам печкі, напаўняе ёмістасці вадой, каб да іх наступнага прыезду ў бабулі ўсяго хапала і ўсё было пад рукой. Валянціна за гэты час усё прыбярэ, памые, прыгатуе ежу, вынясе смецце. Да вялікіх святаў разам робяць генеральную ўборку. Вядома, усё гэта не так проста, як здаецца, але для сям’і Цабрук — справа звыклая і кінуць сваіх падапечных яны проста не ў сілах.
— Мы з мужам іх так і называем, нашы бабулечкі. Мы ведаем усе іх патрэбы і жыццёвыя гісторыі, што давялося ім перажыць і чаму засталіся адны, — распавядае Валянціна. — Ды ад аповедаў сэрца зашчыміць, ох…. Безумоўна, бывае няпроста, усе са сваім характарам, то дрэнны настрой, то нешта не падабаецца, але гэта хутчэй выключэнні. Часам дзівішся іх душэўнай сіле і трываласці. З якой падзякай яны глядзяць на цябе, калі толькі адчыняеш вароты і заўсёды засмучаюцца, калі нам трэба ехаць да іншых, Я практычна 30 гадоў гэта назіраю і нічога не мяняецца. Усім трэба клопат, увага і душэўная цеплыня, тады самае халоднае сэрца растане.
Калі Валянціна — сацработнік са стажам, то Сяргей зусім выпадкова апынуўся ў сацыяльнай сферы і затрымаўся ўжо на восем гадоў. Спачатку былі 25 гадоў выслугі ў органах унутраных спраў, з іх 15 у ДАІ, затым 10 — участковым інспектарам у Сухопальскім сельвыканкаме. Ці думаў калі-небудзь маёр міліцыі, што на пенсіі вось так зменіцца яго жыццё і… зменіць яго самога?
Праца ў сацслужбе аказалася блізкай па духу да работы ўчастковага, хаця на першы погляд здаецца, што гэта зусім розныя сферы. Але на ўчастку таксама даводзілася сустракацца з адзінокімі людзьмі, аказваць дапамогу і садзейнічаць у вырашэнні розных пытанняў, таму праблемы добра яму вядомы.
А тут жонка прапанавала дапамагаць ёй, так усё і пачалося. Цяпер на іх маршруце 11 чалавек у шасці вёсках, кожнага наведваюць па два разы на тыдзень. Сустрэча пачынаецца з роспытаў аб здароўі, самаадчуванні бабуль, аб іх настроі і пажаданнях, а потым ужо бяруцца за працу. У кожным доме яны свае, быццам бы парадніліся, а як жа інакш, столькі гадоў разам. У некаторых вёсках усяго па два чалавекі, ім нават пагаварыць няма з кім. А кожны прыезд сацработнікаў заўсёды доўгачаканы, тады адразу ажываюць і хата, і двор, і гаспадары.
Кандытар па прафесіі, Валянціна выдатна гатуе і песціць любімых бабуль хатнімі прысмакамі. Самай старэйшай з в. Абруб — 93 гады. Дзеці жывуць у горадзе і прыязджаюць, калі дазваляе час, а дапамога ж трэба заўсёды. У горад пераязджаць старая не хоча, дома, кажа, заўсёды лепш. Сацработнікі для яе — родныя людзі. Яна ведае расклад і заўсёды рыхтуецца да іх прыезду, не важна, якое надвор’е на вуліцы: снег, мяцеліца, спякота ці навальніца. Так што прыбыць своечасова — асноўная задача Цабрукоў.
Дочкі Марына і Таццяна з разуменнем ставяцца да высакароднай справы бацькоў, хаця і ведаюць, наколькі яна складаная. Нездарма сацыяльных работнікаў заўсёды не хапае. Але гэта выбар Сяргея і Валянціны — несці святло людзям, якія чакаюць не толькі дапамогі, але і звычайнага чалавечага цяпла. Яны не проста прыходзяць на працу, а прыносяць з сабой часцінку хатняй утульнасці.
Сям’я Цабрук — і калегі, і верныя спадарожнікі жыцця. Іх саюз пабудаваны на павазе, адданасці справе і бясконцай падтрымцы адзін аднаго. Разам яны не толькі спраўляюцца з любымі цяжкасцямі, але і натхняюць навакольных сваім прыкладам і грамадскай адказнасцю. Яны не чакаюць падзякі, але атрымліваюць яе ў вачах тых, каму падарылі надзею. У іх жыцці няма месца абыякавасці, толькі шчырае жаданне дапамагчы, падтрымаць, абагрэць… І ў гэтым ёсць іх вялікая сіла, і любоў.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара
