Воскресенье, 15 марта 2026

Жыццё на месцы не стаіць

511

Як жа хуткаплынны час. Неяк незаўважна праходзіць год за годам. А трэба так многа ўсяго зрабіць для сябе, сваіх суайчыннікаў, Радзімы ў цэлым.


Актыўна ўдзельнічаюць у жыцці роднай Пружаншчыны раённы Савет і сельсаветы дэпутатаў, дапамагаюць людзям і словам, і справай, дбаюць аб працвітанні раёна, думаюць аб тым, што нас чакае наперадзе. І дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням, Беларусь з кожным годам становіцца яшчэ больш прыгожай, адметнай, нашым утульным куточкам для спакойнага жыцця. Як прайшоў 2024 год для дэпутацкага корпуса рэгіёна, пагутарылі са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом.

— Мікалай Пятровіч, прайшоў амаль год з дня адкрыцця першай сесіі раённага Савета дэпутатаў 29 склікання. На вырашэнне якіх пытанняў была накіравана дзейнасць дэпутацкага корпуса?

— Дэпутаты раённага Савета прымаюць удзел у пасяджэннях сельскіх выканаўчых камітэтаў, сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў, школьных лінейках, святах вёсак, сустракаюцца са старастамі населеных пунктаў, удзельнічаюць у правядзенні сходаў грамадзян па месцы жыхарства. Такія формы ўзаемадзеяння органаў кіравання і самакіравання з сельскім актывам і насельніцтвам дазваляюць глыбей вывучыць і прааналізаваць праблемы той ці іншай адміністрацыйнай тэрыторыі. Дэпутаты пастаянна вядуць прыёмы грамадзян. За красавік-снежань мінулага года іх было праведзена 274.

Упершыню 20 снежня праведзены Адзіны дзень прыёму дэпутатамі раённага Савета грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Звярнулася 39 грамадзян. Падымаліся пытанні ўтрымання дарог і вуліц, набыцця жылля з дзяржаўнай падтрымкай, рамонту жылых дамоў, газіфікацыі населенага пункта, транспартнага абслугоўвання, добраўпарадкавання і іншыя.

— Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляецца сесія. Як была арганізавана работа на працягу 2024 года?


— Раённы Савет дэпутатаў імкнуўся ў поўнай меры рэалізоўваць свае функцыі і паўнамоцтвы на падведамаснай тэрыторыі, выступаў каардынатарам дзейнасці ўсіх органаў самакіравання праз сесіі, пасяджэнні прэзідыума, пастаянныя камісіі. За мінулы год адбылося 5 сесій, у тым ліку адна пазачарговая, было разгледжана 51 пытанне з прыняццем адпаведных рашэнняў, праведзена 4 пасяджэнні прэзідыума раённага Савета.

— Адна з асноўных задач органаў мясцовага кіравання і самакіравання — усебаковая падтрымка насельніцтва. Як вырашалася гэтая задача?


— За 2024 год у населеных пунктах сельсаветаў адбылося 176 сходаў. У нашым раёне вядзецца жывы дыялог з людзьмі ў форме пляцовак, дзён інфармавання, прыёмаў і сустрэч. Работа з насельніцтвам асвятляецца ў Тэлеграм-канале «Пружанскія навіны», газеце «Раённыя будні», у сацыяльных сетках. Не ўпускаецца з-пад увагі прынцып зваротнай сувязі. Мы стараемся данесці да кожнага, што канкрэтна робіць улада для паляпшэння жыцця, так як ад работы з насельніцтвам залежыць устойлівасць рэгіёна, маральны клімат у кожным калектыве і грамадстве ў цэлым. Напрыклад, у кожным сельскім Савеце створаны старонкі ў сацыяльных сетках, на 01.01.2025 года размешчана 12524 заметкі і інфармацыйныя матэрыялы. З мэтай паляпшэння ўзаемадзеяння паміж сельскімі Саветамі дэпутатаў і раённымі службамі ў пытаннях арганізацыі абслугоўвання сельскага насельніцтва, забеспячэння яго жыццядзейнасці, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі на вёсцы праводзяцца Дні сельскіх Саветаў. У мінулым годзе яны прайшлі ў Велікасельскім і Зеляневіцкім сельсаветах. У 2025 годзе плануецца правядзенне такіх мерапрыемстваў у Ліноўскім і Мокраўскім.

— Раскажыце пра работу органаў адзінкавага тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.


— Яны прадстаўлены 116 старастамі і актыўна ўключаюцца ў рашэнне шырокага спектра пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Адзначу работу асобных старастаў: гэта Сяргей Іванавіч Шчэрба (аг. Роўбіцк і в. Бабінец), Алена Мікалаеўна Пераўчук (аг. Сухопаль) Сухопальскага с/с, Ніна Вячаславаўна Ляшчынская(в. Смаляніца) Хараўскога с/с, Таццяна Яўгеньеўна Бабыла (в. Баравікі і Бельчыцы) Мокраўскага с/с.

— Ведаю, што кожны сельскі Савет праводзіць значную работу па навядзенні парадку на зямлі. Што зроблена ў мінулым годзе?
— Беларусь — наш агульны дом. Навядзенне парадку на зямлі, у сельскіх населеных пунктах — задача мясцовых Саветаў дэпутатаў разам з выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады. У 2024 годзе старшыні сельсаветаў працягнулі работу па абследаванні населеных пунктаў. З уласнікамі або магчымымі нашчадкамі домаўладанняў праводзяцца гутаркі. За год было выдадзена 946 прадпісанняў па навядзенні парадку.

Пытаннямі добраўпарадкавання неабходна займацца пастаянна. Гэтаму, згодна з Указам Прэзідэнта краіны, будзе прысвечаны ўвесь бягучы год. На тэрыторыі раёна на пастаяннай аснове праводзіцца работа па ўцягванні ў гаспадарчы абарот зямель, якія вызваліліся пасля зносу будынкаў і збудаванняў, якія не выкарыстоўваюцца. У мінулым годзе ў сельскіх населеных пунктах вызвалілася 24,1 га зямель, у гаспадарчы абарот сельгаставарыстваў, а таксама давання зямельных участкаў грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і агародніцтва перададзена 66,5 га.

Штогод у раённым бюджэце на правядзенне работ па зносе дамоў, прызнаных ва ўстаноўленым парадку безгаспадарнымі і перададзенымі раней ва ўласнасць сельвыканкамаў, прадугле-джваюцца асігнаванні. У 2024 годзе — 110,6 тыс. рублёў. Аднак дадзеных сродкаў недастаткова для прывядзення ў парадак усіх населеных пунктаў, таму на бягучы год сума склала 218,382 тыс. рублёў.

Адным з спосабаў рашэння пытанняў жыццезабеспячэння грамадзян па адпаведнай адміністрацыйнай тэрыторыі з’яўляецца ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. У 2022-2024 гадах Брэсцкая абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў аб’яўляла адпаведны конкурс. Удзельнічалі Ліноўскі і Мокраўскі сельсаветы.
На працягу мінулага года ўзнікалі пытанні па выдаленні аварыйных дрэў на землях агульнага карыстання. Знесена 401 дрэва.

Пытанне, якое пастаянна знаходзіцца на кантролі Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, — гэта навядзенне парадку на могілках. У раёне ўсе пахаванні знаходзяцца на балансе Пружанскага КУВП «Камунальнік». У 2024 годзе на могілках выдалена 156 дрэў, устаноўлена 245 метраў пагонных агароджы. 10700 рублёў сабрана ў насельніцтва Велікасельскага, Ліноўскага, Сухопальскага і Хараўскога сельсаветаў для добраўпарадкавання пахаванняў.

— Мікалай Пятровіч, адзін з накірункаў Вашай дзейнасці — гэта правядзенне сустрэч з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, прыёмаў грамадзян, прамых тэлефонных ліній…
— Як старшыня раённага Савета дэпутатаў вёў сваю работу ў адпаведнасці з Законам нашай краіны «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», прымаў удзел у пасяджэннях абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, працаваў з сельскімі Саветамі дэпутатаў, удзельнічаў у рабоце сельвыканкамаў, сесій. На працягу 2024 года было праведзена 16 сустрэч з прадстаўнікамі працоўных калектываў, навучэнцамі каледжа, членамі маладзёжнага парламента і актывам БРСМ. Правёў 4 прамыя лініі, звярнулася 9 грамадзян. Падымаліся пытанні землекарыстання, навядзення парадку на зямлі, утрымання вуліц і дарог, рамонту памяшканняў агульнага карыстання. Удзялялася ўвага і прыёмам грамадзян.

У рамках правядзення акцыі «Ад усёй душы» наведаў аддзяленне для пажылых людзей у аг. Лыскава, Шарашоўскі сацыяльны пансіянат «Бярозавы гай». Не засталася без увагі і акцыя «Нашы дзеці». У 2024 годзе было ўручана 82 Ганаровыя граматы і 27 Падзячных лістоў прадстаўнікам працоўных калектываў за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, выхаванне падрастаючага пакалення, актыўную грамадзянскую пазіцыю.

— Пайшоў у гісторыю 2024 год — Год якасці. Назавіце, калі ласка, некалькі мерапрыемстваў, вырашэнне якіх забяспечыла больш камфортнае пражыванне насельніцтва ў сельскай мясцовасці.
— За гэты час вырашаліся пытанні павышэння якасці жыцця кожнага з нас, абслугоўвання насельніцтва. Выкананы вялікія аб’ёмы работ па паляпшэнні якасці дарог мясцовага і рэспубліканскага значэння. І ў першую чаргу, на тэрыторыях Зеляневіцкага, Шчарчоўскага, Ліноўскага, Сухопальскага, Шаняўскога, Пружанскага, Хараўскога сельсаветаў. Укаранёна новая форма медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва перасоўным ФАПам.
Пытанні вырашаліся і па выкарыстанні электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння жылых дамоў. Усяго ў сельскай мясцовасці электрафікаваны 261 дом. Праведзена замена лямпаў вулічнага асвятлення на энергазберагаючыя ва ўсіх сельсаветах раёна ў колькасці 2192 штукі. Вырашаліся пытанні газіфікацыі. Уведзены ў эксплуатацыю 32-кватэрны дом у г.п. Ружаны. Закуплена райспажыўтаварыствам 3 аўтамабілі для дастаўкі тавараў сельскаму насельніцтву, пабудавана 3 станцыі абезжалезвання.

— І апошняе. Што запланавана на год бягучы?
— Працягнем праводзіць сустрэчы з насельніцтвам, дыялогавыя пляцоўкі, сходы грамадзян. Лічу, што трэба і надалей фарміраваць у людзей адказнасць за рэзультаты сваёй працы і пачуццё прыналежнасці да будучыні сваёй краіны.

Бягучы год — гэта 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы абавязаны асаблівую ўвагу надаць мерапрыемствам грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.
Толькі сумеснай адказнай працай мы зможам захаваць мір і забяспечыць якасць жыцця грамадзян любімай Беларусі. І як сказаў Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка: «Беларусь — краіна хлеба і тэрыторыя міру, узаемаразумення і павагі адзін да аднаго. Так было і так павінна быць заўсёды».

Гутарыў
Вадзім Раўнейка