
Для аператыўнага рэагавання на заяўкі грамадзян на прадпрыемстве працуе брыгада аварыйна-тэхнічнага абслугоўвання, у якой майстар Аляксандр Шпарла, слесар Віталь Белаглавак, газаэлектразваршчык Віктар Немцаў, слесар Генадзь Чэга і вадзіцель Ігар Постнік. Штодня яны выязджаюць на выклікі жыхароў горада, каб выправіць паломкі і аказаць прафесійную дапамогу спажыўцам камунальных паслуг.
Менавіта такі пасыл заўсёды гучыць ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, калі ён зважае на сферу ЖКГ. І сапраўды, ад работы камунальнай службы шмат чаго залежыць у нашым паўсядзённым жыцці. Таму клопатаў у работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі не пералічыць. І напярэдадні прафесійнага свята пра дасягненні
і планы мы пагаварылі з дырэктарам КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком.
Сяргей Васільевіч, як Вы ацэньваеце вынікі працы прадпрыемства за мінулы год? Ці ўсё запланаванае атрымалася выканаць?
— З гонарам адзначу, што кожны год аб’ёмы выкананага ў нашай сферы толькі павялічваюцца. Летась, у прыватнасці, у рамках рамонту жылля заменена 3 ліфта, выканана бягучае аднаўленне 10 пад’ездаў, а ўстанавілі 336 свяцільняў на святлодыёдах.
Работы, якія праводзяцца штогод па будаўніцтву станцыі абезжалезвання, далі магчымасць пастаўляць якасную пітную ваду 97,35% насельніцтва. У 2024 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 2 станцыі абезжалезвання — у аграгарадках Зіновічы і Роўбіцк. А яшчэ вяліся работы па замене сетак водазабеспячэння і водаадвядзення: перакладзена 1,030 км водаправодаў і 0,7 км каналізацыі.
Летась адрамантаваны 6 дваровых тэрыторый, на што было накіравана 200 тыс. руб. са сродкаў абласнога бюджэту. Выконваліся суцэльнае асфальтаванне, ямачны рамонт, рамонт пешаходных дарожак, афарбоўка малых архітэктурных формаў, устаноўка пясочніц, лавак, урнаў, арэляў і іншага дзіцячага гульнявога абсталявання, пасадка, абразанне, знос дрэў і іншае.
— Якая праца вялася і плануецца па капітальным рамонце жыллёвага фонду ў раёне?
— У 2024 годзе капітальна адрамантавана 3 жылых дамы: № 10 па вул. Урбановіча, № 4 па вул. Вашкевіча ў г. Пружаны і № 15 па вул. Цэнтральная ў
в. Новыя Засімавічы.
Сёлета плануецца капітальна адрамантаваць столькі ж шматпавярховак: № 4 і 26 па вул. Інтэрнацыянальная ў г. Пружаны і № 183 па вул. Цэнтральная ў Н.Засімавічах. А таксама выканаць капітальны рамонт балконаў новазасімавіцкага дома № 152 па вул.Авіяцыйная.
— Сяргей Васільевіч, апошнія гады наш райцэнтр і шэраг іншых населеных пунктаў Пружаншчыны праходзяць праз сур’ёзныя выпрабаванні па добраўпарадкаванні. «Дажынкі» ў Ружанах, юбілей Пружан, «Вытокі». Зараз жа штогод у нас будзе праводзіцца рок-фэст «Сонцастаянне», які фактычна з’яўляецца міжнародным. Наколькі гатова камунальная служба да такіх іспытаў?
— Наша прадпрыемства ў поўным аб’ёме здольнае да правядзення маштабных мерапрыемстваў: ёсць неабходная тэхніка, прылады, матэрыялы, а самае галоўнае — згуртаваны працоўны калектыў. Камунальшчыкі заўсёды выконваюць і гатовы ў далейшым вырашаць пастаўленыя перад імі задачы. Доказам чаму можна лічыць тое, што г. Пружаны ў апошнія гады рэгулярна займае прызавыя месцы на абласных аглядах-конкурсах санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь.
І напярэдадні прафесійнага свята хачу ад шчырай душы падзякаваць усяму калектыву прадпрыемства за добрасумленную і годную працу. Яшчэ выказваю ўдзячнасць усім аддзелам райвыканкама, асабіста старшыні Міхаілу Грышкевічу за падтрымку, узаемадапамогу і разуменне пры рашэнні адпаведных задач.
— Менавіта зараз праходзіць месячнік па ўборцы, добраўпарадкаванню і азеляненню двароў, вуліц і тэрыторый. З гэтым пытаннем разбіраюцца толькі камунальшчыкі ці паступае і іншая дапамога? Наогул, што запланавана выканаць за адведзены месяц?
— Асноўныя планы — гэта максімальна забяспечыць навядзенне належнага санітарнага парадку на замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторыях: уборка і вываз лістоты ў гарадскім парку і скверах горада, на вайсковых пахаваннях (уборка магіл, нанясенне надпісаў, афарбоўка элементаў), навядзенне парадку на тэрыторыях могілак, падрыхтоўка зон адпачынку да купальнага сезону, рамонт лавак на вуліцах горада і прыдамавых тэрыторыях, аднаўленне і замена дарожных знакаў, пасадка дрэў, кустоўя і кветак на вуліцах і ў скверах, выкананне ямачнага рамонту асфальтабетонных дарог, нанясенне гарызантальнай дарожнай разметкі на праезнай частцы і тратуарах і многае іншае.
Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрных дамоў. Карыстаючыся выпадкам, звяртаюся да жыхароў з просьбай прыняць актыўны ўдзел у суботніках па ўборцы двароў. Наша прадпрыемства гатова аказаць дапамогу ў арганізацыі суботнікаў: даць транспарт для вывазу смецця.
— Што яшчэ ў планах на бягучы год?
— Сярод галоўных задач — будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Мураве, Варанілавічах і Янаўшчызне, тэхнічная мадэрнізацыя такой жа станцыі ў Шанях, бягучы рамонт 6 прыдамавых тэрыторый, работы па асфальтаванні вуліц у г. Пружаны і бягучы рамонт жылых дамоў. А яшчэ плануем перагледзець Схему абароту з камунальнымі адходамі з устаноўкай новых кантэйнерных пляцовак, наладзіць вулічнае асвятленне на аўтапаркоўках на вул. Савецкай і каля гарадскога парку, на вул. Будаўнічай (ЦРБ), на вулічна-дарожнай сетцы па вул. Шашэйнай, на прыдамавых тэрыторыях у
в. Н. Засімавічы, давесці да ладу ўсе помнікі Славы загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.
Ёсць і навінкі ў нашай сферы. Звярну ўвагу на рэканструкцыю кацельні ў в. Слабудка, работа якой плануецца на пелетах. Гэта будзе пакуль адзіная кацельня ў Брэсцкай вобласці такой вялікай магутнасці катлоў, а гэта 2 мВт. Кошт будаўніцтва 3,104 млн.руб. Падобная практыка ў нас ёсць, па перакладзе кацельні ў г.п. Ружаны, якая пасля рэканструкцыі запрацавала на пелетах. Абнаўленне цеплакрыніцы абышлося на суму каля 191 тыс. рублёў.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік