Пятница, 17 января 2025

«Жыццё — гэта музыка», — кажа Іраіда Багамолава, якая сёння адзначае свой 70-гадовы юбілей

1 491

Ёсць сапраўдныя майстры сваёй справы, шчырыя рупліўцы, якія жывуць, твораць, не аглядваючыся на ўзнагароды, і з годнасцю адпраўляюцца на заслужаны адпачынак. Але, калі гучаць іх імёны, ты без лішніх слоў разумееш веліч іх асоб…

У верасні званне Ганаровага грамадзяніна Пружанскага раёна атрымала знакаміты педагог дзіцячай школы мастацтваў Іраіда Вітальеўна Багамолава. Падчас урачыстасці, калі жанчына падымалася на сцэну гарадскога Палаца культуры, узнялася хваля апладысментаў, а значыць, пружанцы яе паважаюць і дзякуюць за ўсё.

У далёкім 1970-м годзе таленавітая выпускніца Брэсцкага музычнага вучылішча з рэдкім, але, як аказалася, лёсавызначальным імем Іраіда (з грэч. “дачка героя”, “гераіня”) прыехала па размеркаванні ў Пружаны. Тады ўраджэнка Брэста нават не меркавала, што застанецца тут назаўсёды і ўвойдзе ў лік выбітных гараджан. Без малога сорак пяць гадоў яна аддала Пружанскай ДШМ імя Р.Р.Шырмы, дзе займалася выкладчыцкай дзейнасцю і арганізоўвала музычныя калектывы.

— Выкладчыкаў па домры ў музычнай школе тады не было, дзеці пра гэты цудоўны народны інструмент амаль нічога не ведалі. Таму, так бы мовіць, з лёгкай рукі выдатных кіраўнікоў – тагачаснага дырэктара школы Якава Сямёнавіча Малайчука і намесніка Ірыны Фёдараўны Шаровай — я стала ля вытокаў заснавання аддзялення струнна-народных інструментаў. Мне даводзілася хадзіць па школах і даваць сольныя канцэрты, каб наглядным чынам прадэманстраваць прыгажосць іх гучання. І дзеці да нас прыйшлі… Якое гэта было шчасце: працаваць з імі! Вася Кечка, Наташа Кавалёва і іншыя вучні з майго першага выпуску не падвялі і неўзабаве пачалі радаваць сваімі поспехамі, — успамінае Іраіда Вітальеўна.

Зараз яна вельмі ўдзячная ўсім сваім выхаванцам і шчыра ганарыцца тым, што многія з іх у жыцці выбралі шлях музыканта, трое нават скончылі кансерваторыю. У прыватнасці, Алёна Радкевіч сёння выкладае ў Брэсцкім музычным каледжы, Наталля Мязга — у Гродзенскім. А Аляксандр Арабей кіруе знакамітым інструментальным ансамблем Беларускага радыё і тэлебачання. У іх дзейнасці прасочваецца прафесійны почырк першай настаўніцы музыкі.

Тут варта нагадаць і пра вядомыя пружанскія калектывы, створаныя самой Іраідай Багамолавай. Ужо ў 1972 годзе пры Доме культуры арганізаваўся аркестр народных інструментаў з ліку выкладчыкаў музычнай школы і аматараў інструментальнай музыкі. Праз шэсць гадоў калектыў атрымаў званне “народны” (доўгі час І.В.Багамолава з’яўлялася яго кіраўніком, а сёння яна яго ўдзельніца).

— Сярод аматараў былі нават выкладчыкі тэхнікума, якія “пасябравалі” з домрай і балалайкай. Я атрымлівала велізарнае задавальненне ад працы з гэтымі людзьмі! — кажа Іраіда Вітальеўна.

З такой жа цеплынёй яна ўспамінае і пра дзіцячы калектыў, створаны ў 1973 годзе. Літаральна праз год ансамбль разросся ў аркестр рускіх народных інструментаў. У 1992 г. яму было прысвоена ганаровае званне “ўзорны”.

— Казачныя трыццаць год і тры гады я кіравала гэтым аркестрам. З канцэртамі мы аб’ездзілі ўвесь раён, выступалі нават у Польшчы. Кожны год бралі ўдзел у прэстыжных конкурсах і заўсёды вярталіся з узнагародамі. Дзякуй дарагім маім вучням!

Па-сапраўднаму зорная яе гадзіна наступіла ў 1989 годзе, калі жанчынай быў створаны ансамбль народных інструментаў з ліку выкладчыкаў школы. Яго пастаянны склад зацвердзіўся ў 1994 годзе, і ўжо праз чатыры гады калектыву было прысвоена званне “народны”. Актыўная творчая дзейнасць, унікальныя канцэртныя праграмы, пастаяннае абнаўленне рэпертуару, у тым ліку творамі беларускай тэматыкі, рэгулярныя перамогі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах — усё гэта ў кароткія тэрміны зрабіла калектыў сапраўдным брэндам Пружаншчыны.

— У гэтым ансамблі кожны выканаўца быў салістам!
У 2007 г. народны ансамбль народных інструментаў атрымаў назву “Пружанскі палацык”. Іраіда Вітальеўна працягвала ім кіраваць некаторы час нават пасля завяршэння педагагічнай кар’еры.

За час сваёй працоўнай дзейнасці Іраіда Багамолава была ўзнагароджана шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі як раённага, так і абласнога, і рэспубліканскага значэння.

Знак Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры “За дасягненне ў самадзейнай мастацкай творчасці”, Ганаровая грамата Мінкульта за ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе метадычнай і творчай працы выкладчыкаў навучальных устаноў культуры і мастацтва, Ганаровая грамата Мінкульта “За шматгадовую плённую працу па эстэтычным выхаванні дзяцей”, дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу харавых і аркестравых калектываў, Грамата аблвыканкама “ За значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружанскага раёна” і гэтак далей.
Адзін толькі пералік усіх узнагарод Іраіды Багамолавай можа заняць палову газетнай паласы. Але галоўнай з іх, бясспрэчна, стала званне “Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна”.

— Калі шчыра, то само жыццё, праведзенае ў Пружанах і напоўненае сэнсам, — ужо ўзнагарода! — дзякуе лёсу Іраіда Багамолава, якая 5 кастрычніка адзначыла свой 70-гадовы юбілей.

— Так дзіўна, — кажа юбілярка. — У музыцы ўсяго сем нот, адныя і тыя ж, але кожны дзень майго жыцця гучала і працягвае гучаць усё новая і новая музыка…

Алена Зялевіч
Фота Кацярыны Масік