Четверг, 5 декабря 2024

Начальнік малочнатаварнага комплексу «Смаляны» Ніна Асіпчук

309

Атрымаць прафесію — адна справа. А вось пасля з задавальненнем штодзень ісці на працу, атрымліваць асалоду ад работы — гэта ўжо зусім іншае. Але менавіта гэта адыгрывае вялікую ролю ў дасягненні канчатковага рэзультату ў даручанай справе. Узяць, напрыклад, сельскую гаспадарку. Ну, як тут без усмешкі на твары ты прыйдзеш на ферму, дзе цябе кожны дзень чакаюць рагулі!? Яны ж жывыя істоты, якія любяць ласку, цягнуцца да чалавека, давяраюць яму.

І аказваецца, што ў нашым раёне такіх апантаных работай людзей вельмі многа. Яны адказна выконваюць свае абавязкі, не чакаючы ўзнагарод, бо працуюць не для галачкі, а на сумленне. Так як ужо многа гадоў шчыруе начальнік МТК «Смаляны» філіяла «Айчына»

На здымку: начальнік малочнатаварнага комплексу «Смаляны» Ніна Асіпчук.

Ураджэнка Івацэвіцкага раёна пасля сканчэння Пінскага сельскагаспадарчага тэхнікума па спецыяльнасці «Заатэхнія» ў 1983 годзе па размеркаванні трапіла ў Пружанскі раён. Маладая спецыялістка адразу была назначана на пасаду загадчыцы фермы ў Смалянах тагачаснага калгаса «Дружба». І сталася так, што для Ніны Несцераўны абраны працоўны шлях стаў справай жыцця, цяпер жанчына і не ўяўляе сябе на іншым месцы.

Адзінаццаць гадоў таму Ніна Асіпчук узначаліла новы малочнатаварны комплекс «Смаляны» цяпер філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі».

Што змянілася ў працы за гэтыя гады? Ды многае. Узяць пагалоўе кароў. Калі некалі на дзве фермы было 400 галоў, то цяпер на комплексе толькі дойнага статка — 874 рагулі. Раней многае рабілі ўручную, у тым ліку раздавалі кармы. Цяпер усе асноўныя працэсы механізаваны. Ды і чысціня на рабочым месцы адыгрывае сваю ролю, ад гэтага і працаваць прыемней. Кармавая база таксама палепшылася, што ўплывае і на надоі, і на здароўе пагалоўя. Павялічыліся магчымасці ветэрынарнай службы.

А ў сукупнасці работнік менш стамляецца, значыць, павышаецца прадукцыйнасць працы.

Кіраваць людзьмі больш за сорак гадоў таксама трэба ўмець. У падначаленні Ніны Асіпчук на дадзены момант трыццаць два чалавекі, гэта і аператары машыннага даення, і жывёлаводы, і ветурачы. І як сцвярджае начальнік комплексу, галоўнае — разумець і чуць людзей, паважаць іх, калі хочаш тое ж мець у адказ. А ў кожнага ж свой характар: аднаму слова добрае скажы, другога ў бядзе падтрымай, трэцяму дапамажы ў рабоце. Але калі ў выніку стварыў сапраўдную каманду, тады і работа вядзецца спраўна, без асаблівых збояў. Скіраваць жа на вынік можа толькі той чалавек, які сваім прыкладам кожны дзень паказвае: для нас усё магчыма, трэба толькі мець жаданне і старанне. Ніне Несцераўне ўдалося згуртаваць вакол сябе людзей працавітых, якія не падвядуць, якім можна ставіць любыя задачы. А ўжо якія незаменныя ў яе аператары машыннага даення, тут ужо і гаварыць няма чаго!

За адказнае стаўленне да працы Ніна Асіпчук неаднаразова ўзнагароджвалася. Напрыклад, у мінулым годзе за шматгадовую сумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце атрымала Ганаровую грамату, падпісаную міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Ігарам Брыло.

А надзейным тылам для жанчыны, месцам, дзе чакаюць і любяць, шануюць, з‘яўляецца сям‘я. Зоркі шчасця для Ніны Несцераўны — дачка Святлана, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў Хараўской СШ, і сын Уладзімір — галоўны заатэхнік у ААТ «Шані-аграпрадукт». Яны часта збіраюцца ў родным доме ў Смалянах. Радуюць бабулю і ўнукі: Ганна, Ягор, Аліса і Ігнат напаўняюць жыццё Ніны Несцераўны радасцю і жаданнем дарыць ім сваю пяшчоту і клопат.

Жыццё даецца, каб жыццё ствараць. Словы, якія як мага лепш характарызуюць Ніну Асіпчук. Яна вывела ў свет двух дзяцей, а на працы сваім прыкладам і па дзень сённяшні паказвае: жыць работай — справа хоць і цяжкая, але вельмі пачэсная.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік