Адзіны дзень прыёму дэпутатамі прайшоў на Пружаншчыне на мінулым тыдні.
Прыняць, выслухаць і прапанаваць рэальныя варыянты рашэння праблемных пытанняў. У нашай краіне дапамога людзям — гэта святое, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі сам-насам з бядой, былі ўсебакова абароненымі, жылі спакойна і камфортна. Таму ніводная праблема падчас сустрэч насельніцтва раёна з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандрам Пішчом, дэпутатамі Брэсцкага абласнога і Пружанскага раённага Саветаў дэпутатаў не была пакінута без увагі.
Усяго паступіла больш за трыццаць зваротаў, звязаных з рамонтам дарожнага пакрыцця, жылых дамоў, добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый, якасцю паслуг, якія даюцца камунальнымі службамі, уводам у эксплуатацыю будынкаў і збудаванняў, атрыманнем арэнднага жылля маладымі спецыялістамі. Штосьці вырашалася адразу, даваліся слушныя парады, некаторыя пытанні ўзяты на кантроль і іх вырашэнне будзе абавязкова адсочвацца. Галоўнае — не падвесці, давесці справу да канца, чаму людзі і давяраюць у Беларусі тым, каго самі і выбралі абараняць іх інтарэсы, адстойваць правы.
Аляксандр Пішч, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні:
— Большасць пытанняў павінна вырашацца і вырашаецца на мясцовым узроўні. Прыемна, калі грамадзяне прыходзяць не толькі з праблемнымі пытаннямі, але і з нейкімі ініцыятывамі, прапануюць сваю дапамогу ў паляпшэнні месцаў адпачынку, паркаў або прыдамавых тэрыторый. Любое пачынанне наконт аднаўлення інфраструктуры раёна мы разгледзім і падтрымаем.
Мікалай Кудравец, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:
— Рашэнне праблем, якія, на першы погляд, здаюцца прыватнымі і малазначнымі, павінна стаць клопатам мясцовай улады: забеспячэнне жыллём, працаўладкаванне, прафілактыка злачыннасці, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, развіццё сацыяльнай сферы і аховы здароўя — вось што хвалюе людзей.
Трэба адзначыць дастаткова аператыўнае рашэнне пытанняў з боку службаў, калі такія пытанні ідуць ад дэпутата. Пэўны эфект ад гэтай работы мы бачым і, канечне, будзем яе працягваць. Адзіны дзень дэпутата — гэта спосаб зваротнай сувязі ўлады і грамадзян. Акрамя гэтага, праводзяцца прамыя тэлефонныя лініі і асабістыя прыёмы. Такая работа даказвае сваю эфектыўнасць, і дыялог павінен весціся пастаянна. Ад гэтага залежыць рашэнне важных пытанняў і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва.
Васіль Казмярчук, дэпутат Пружанскага раённага Савета дэпутатаў па Ліноўскай выбарчай акрузе:
— Дэпутат мясцовага Савета — сувязное звяно ў сістэме ўзаемадзеяння органаў улады і грамадзян, галоўная яго задача — работа з людзьмі. Мы ніяк не можам згубіць давер сваіх суайчыннікаў, павінны ўсімі сіламі старацца ім дапамагаць, бачыць у кожным асобу са сваімі радасцямі і горам.

Ірына Рапейка, дэпутат Пружанскага раённага Савета дэпутатаў па Пружанскай-Набярэжнай выбарчай акрузе:
— Усе дэпутаты маюць магчымасць не толькі рашыць нейкія праблемы, але, што немалаважна на сённяшні дзень, растлумачыць пытанні заканадаўства, дзейнасці тых або іншых структур у мэтах павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва.
Юрый Нежывінскі, дэпутат Пружанскага раённага Савета дэпутатаў па Шарашэўскай выбарчай акрузе:
— На прыёме было пяць чалавек. Узнімаліся праблемы ўтрымання і рамонту дарог і жылля. Па іх вырашэнні мы звернемся ў кампетэнтныя службы і дадзім адказ. Разумеем, што жыццё гладка ісці не можа, таму і стараемся дапамагчы кожнаму, хто ў гэтым мае патрэбу.
І сапраўды, пакінь чалавека ў бядзе, прайдзі міма яго гора, а на што ў далейшым ты сам зможаш разлічваць? Што тваё жыццё будзе ісці толькі па роўнай дарозе? Няхай так і будзе! Але ж па факце бывае зусім інакш, і хто тады дапаможа?
Вадзім Раўнейка
