Воскресенье, 15 марта 2026

Жыцце пражыць- не поле перайсці!

684

Аднак, калі ёсць жаданне супрацьстаяць цяжкасцям, знаходзіць сілы і час дапамагаць навакольным, упарта ісці да вызначанай мэты, тады абавязкова ўсё атрымаецца. Менавіта так лічыць стараста в. Навасёлкі Сухопальскага сельсавета Святлана Уладзіміраўна Данілюк. Чалавеку ўсё па сілах, і любыя перашкоды заўсёды часовыя. Галоўнае — быць адкрытым з людзьмі і сумленным з самім сабой.

У Святланы нейкі асаблівы погляд на рэчы і на ўсё, што яе акружае. Мабыць, уплывае 32-гадовы стаж медыцынскай практыкі. Пасля заканчэння Слонімскага медвучылішча размеркавалася ў Пружаны, а крыху пазней перавялася ў Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду, бліжэй да родных Навасёлак. І з таго часу нязменна працуе ў гэтай установе. Выконваць столькі гадоў абавязкі медсястры з пажылымі людзьмі не кожнаму пад сілу, а Святлана знайшла ў гэтым сваё прызначэнне, і змяніць любімую справу ніколі не хацелася. Таму і старастай яе абралі невыпадкова. У дадатак, тут яна нарадзілася, вырасла, стварыла сям’ю, выгадавала сына і ведае ўсё пра ўсіх, таму і лягчэй спраўляцца з бягучымі пытаннямі.

— На сённяшні дзень у Навасёлках 91 жыхар і 44 двары, з іх большая палова працаздольнага насельніцтва, што вельмі радуе. Стараста я ўжо 13 гадоў, і хочацца адзначыць, што за гэты час вёска значна змянілася. Раней было шмат старых пустых дамоў, летам яны ўвесь час зарасталі, і мы разам са старшынёй сельвыканкама пастаянна вырашалі гэтыя пытанні, каб быў нейкі парадак. А зараз, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, на месцы старых ужо пабудавана 20 новых дамоў, частка з іх «прэзідэнцкія». У бліжэйшы час запланавана будаўніцтва яшчэ трох. І вочы радуюцца, і душа не баліць, ды і людзі сталі вяртацца ў родны край. Калі побач пабудавалі ферму, з’явіліся новыя працоўныя месцы, і ўсе засталіся задаволены. Дом і праца — усё побач, — з гонарам кажа Святлана. — Вёска адраджаецца на вачах.

Для мясцовых жыхароў стараста — падобна вялікаму начальніку. Што б ні адбылося, усе звяртаюцца спачатку да Святланы. Каму дровы пасекчы, каму дапамагчы з дастаўкай торфа-брыкету, вырашыць пытанне з пасадкай бульбы, або нехта прыхварэў і патрэбны лекі — у вёсцы клопату хапае. Яе чулае сэрца заўсёды адклікаецца, і яна заўжды прыходзіць на дапамогу.

Па ініцыятыве Святланы Уладзіміраўны ў 2020-м годзе жыхары Навасёлак напісалі ў райвыканкам калектыўны ліст з просьбай замяніць электралінію. Іх пытанне было вырашана ў найкарацейшы час, і ў наступным годзе ўжо ўсе жадаючыя змаглі паставіць у дамах электракатлы. Таксама па просьбе вяскоўцаў стараста займалася праблемай прыпыначнага пункта. Цяпер, на радасць жыхароў вёскі, добраўпарадкаваны аўтобусны прыпынак выдатна ўпісваецца ў агульны выгляд цэнтральнай вуліцы Навасёлак.

Вясковыя дарогі таксама патрабуюць кантролю, паколькі асфальтаванне выраблялася даўно, ды і велікагрузная сельгастэхніка пастаянна выпрабоўвае іх на трываласць. Па званку старасты перыядычна праводзіцца пазапланавая падсыпка гранулятам. Яна паведаміла, што ў рамках Года добраўпарадкавання запланаваны ка-пітальны рамонт дарог. І адной праблемай стане менш.

На працягу чатырох гадоў — з 2014 па 2018 — Святлана Уладзіміраўна з’яўлялася дэпутатам Сухапольскага сельскага савета 27 склікання. За гэты час арганізатарскія здольнасці старасты раскрыліся ў поўную сілу. З яе удзелам быў устаноўлены графік прыезду аўтамагазіна з прыпынкамі каля дамоў пажылых жыхароў. Да ўладкавання грамадскага жыцця вёскі яна прыцягнула і моладзь. Актыўны ўдзел у жыцці Навасёлак сталі прымаць маладыя сем’і: разам праводзяць розныя мерапрыемствы, конкурсы, святы сяла. Стараста ніколі не забываецца пра юбіляраў і доўгажыхароў, для якіх увага і добрае слова даражэй за любыя ўзнагароды.

Якраз у дзень нашага прыезду яна арганізавала асвятленне паклоннага крыжа, які зусім нядаўна ўстанавілі на месцы былога. Дамовілася з настаяцелем храма Казанскай іконы Божай Маці аг. Мурава айцом Уладзімірам правесці малебен. Для аднавяскоўцаў такія ініцыятывы дарагога вартыя, яны свята шануюць праваслаўныя традыцыі і вераць у іх ахоўную сілу.

— Гэта вельмі важнае мерапрыемства, бо ва ўсе часы паклонныя крыжы ў славян мелі глыбокае духоўнае і сімвалічнае значэнне. Вось і да гэтага часу людзі вераць у іх заступніцтва ад зла, бедстваў і ўсякага праклёну. Раней казалі: няма крыжа ў вёсцы — і не будзе супакою. Цяпер у навасёлкаўцаў усё ў поўным парадку, і душа цешыцца, і на сэрцы цёпла. Дзякуй Святлане Уладзіміраўне за клопат, — зазначыў айцец Уладзімір.

Любыя пачынанні Святланы Данілюк падтрымлівае яе сям’я: муж, сын, нявестка і дзве ўнучкі. І што б ні адбывалася навокал, родныя заўсёды побач. Ды і аднавяскоўцы шануюць і паважаюць сваю старасту за працавітасць, клопат і ўвагу да кожнага жыхара. Ці не ў гэтым сэнс чалавечага жыцця?

Ірына Велясевіч

Фота Кацярына Масік