Вокны ў палатах інфекцыйнага аддзялення Пружанскай бальніцы — не проста шкляная перагародка паміж вуліцай і памяшканнем. Гэта глыбокі падзел паміж двума светамі: адным — дзе людзі свабодна дыхаюць і бестурботна ўсміхаюцца, і іншым — дзе кругласутачна змагаюцца за здароўе і нават жыццё пацыентаў і… таксама ўсміхаюцца, калі перамагаюць.
Праз акенца сюды зазірнулі і журналісты «раёнкі».

У палаце інфекцыйнага аддзялення якраз праводзіліся медыцынскія маніпуляцыі. Каля пацыентаў завіхаліся сапраўдныя «анёлы-ахоўнікі» ў спецыяльных ахоўных белых камбінезонах з крыжападобнымі нашыўкамі. Паставая медсястра Ларыса Маслоўская рабіла кардыяграму аднаму з паціентаў, а яе напарніца Святлана Бушко ставіла кропельніцу мужчыне, якому праз маску дадаткова падаваўся кісларод.
У гэты момант зайшла пацікавіцца самаадчуваннем хворых і старшая медсястра інфекцыйнага аддзялення Іна Андрусевіч:
— Як справы, даражэнькія?
— Значна лепш! — амаль хорам адказваюць медыкам пацыенты палаты.
І ўсміхаюцца…
— Гэтыя ўсмешкі, паверце, для нас — самая галоўная ўзнагарода, — прызналіся пазней у гутарцы з намі жанчыны. — Калі бачыш, як чалавек, які яшчэ пару дзён таму, лічы, на ладан дыхаў, сустракае цябе ў бадзёрым аптымістычным настроі, адразу разумееш сэнс нашай работы.
Так, барацьба з кавідам, які зараз запаланіў думкі многіх людзей ва ўсім свеце, для медыцынскіх работнікаў – штодзённая праца, ад якой не адмовішся і не збяжыш. Па 12 гадзін сваёй змены ўрачы, медсёстры, санітаркі і раздатчыцы ежы вымушаны працаваць у тэмпературным рэжыме «лазня» (іншай аналогіі і не падбярэш, каб апісаць стан запакаванага з галавы да ног у сінтэтычнае «абмундзіраванне» медыка). Па 12 гадзін рэгулярна цікавяцца станам здароўя кожнага хворага. Робяць уколы, падаюць кісларод, мераюць тэмпературу, ціск, сатурацыю, рыхтуюць да здачы аналізаў, некаторых кормяць. Кожны дзень ставяць кропельніцы, як аказалася, амаль кожнаму пацыенту, а іх сёння ў аддзяленні — 19 чалавек.
Дарэчы, пад наглядам медыкаў у інфекцыйным аддзяленні сёння знаходзіцца і пяць дзетак з каранавіруснай інфекцыяй – узростам ад шасці месяцаў да дзевяці гадкоў.
— Сэрца крывёю абліваецца, калі глядзіш на хворага маленькага чалавечка, які да нас паступае. І адчуваеш неверагодны прыліў сіл, калі ён выздараўлівае. Магчыма, вам, журналістам, цяжка паверыць у тое, што на працу мы не проста ідзём, а ляцім. Так, у нас тут пануе небяспечная і невядомая да канца інфекцыя «з асаблівым характарам». Ніколі не ведаеш, у які бок паверне хвароба. Але нам не прывыкаць. Тым больш, дзякуючы нашаму загадчыку аддзялення, мы працуем адной дружнай камандай, нібы зладжаны гадзіннікавы механізм. Дарэчы, урач-інфекцыяніст у нас адзін на ўсе змены, а медсясцёр усё-такі больш. Дзяніс Уладзіміравіч Бут усё нам даступна тлумачыць і дакладна каардынуе дзеянні, — прызнаюцца медсёстры.
Работы хапае ўсім. Як зазначыў сам доктар, на сённяшні дзень для лячэння пацыентаў з кавідам у інфекцыйным аддзяленні выдзелена дваццаць ложкаў, пустуе цяпер толькі адзін, але ў любы момант гэтая статыстыка можа змяніцца.
Пацыенты – з рознай ступеню цяжкасці працякання хваробы.

— Самыя цяжкія — гэта тыя, хто не прышчапіўся, — зазначае Дзяніс Бут. — З’явіліся звесткі, што ў Еўропе, у прыватнасці, у Францыі ўзнялася пятая каранавірусная хваля, таму трэба і нашаму грамадству мацней «узбройвацца». Самы правераны спосаб – вакцынацыя. У нас у калектыве ўсе прышчапіліся, некаторыя нават пачалі ревакцынацыю. А хварэў персанал толькі ў першую хвалю. Самі рабіце высновы. Хай вакцына і не дае стапрацэнтнай гарантыі таго, што вы не заразіцеся каранавіруснай інфекцыяй, але выпрацаваць пэўны імунітэт яна дапаможа. Не буду крывіць душой, былі ў нас на лячэнні пацыенты і вакцынаваныя, але з мяккімі сімптомамі. Мы за імі назіралі, паколькі гэтыя людзі мелі шэраг спадарожных хранічных захворванняў: цукровы дыябет, анкалагічныя, сардэчна-сасудзістыя, лёгачныя і іншыя. Такім цяпер, сапраўды, найцяжэй. Але ў сённяшняй складанай сітуацыі трэба хапацца за саломінку. І назва ёй – вакцына.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік