Валянцін Пікуль, не памятаю, з якой нагоды, сказаў, што сапраўдны ўзровень культуры нацыі вызначаецца па ступені добраўпарадкавання могілак і… туалетаў.
Пра тое, як ідуць справы з культурай — ва ўсіх сэнсах гэтага слова — у г.п.Шарашэва, журналісты “раёнкі” высветлілі ў свой апошні прыезд. І, прызнацца, былі прыемна ўражаны.
Каталіцкія могілкі па праве лічацца своеасаблівай візітнай карткай пасёлка. Яны – узор для ўсіх, як трэба добраўпарадкоўваць месцы пахавання людзей. Хтосьці, гледзячы на зімовае фота, магчыма, скажа, што пад покрывам белага снегу любая тэрыторыя будзе выглядаць прыгожа, маўляў, снег скрые ўсе хібы. Аднак можаце быць упэўнены: тут парадак заўсёды.
— У нейкім сэнсе нам пашчасціла з месцам знаходжання могілак. Вельмі зручна нават пасля службы прайсціся паміж радкоў і хуценька прыбраць смецце, што трапіць на вочы, — кажа настаяцель Свята-Троіцкага касцёла ксёндз Яцэк Дубіцкі, які правёў для нас невялічкую экскурсію па цвінтары.
У Шарашэве пахавана шмат вядомых асоб. У прыватнасці, адразу за касцёлам знаходзіцца магіла Яна Крашэўскага, беларускага шляхціца, павятовага харунжага, бацькі сусветнавядомых дзеячаў культуры – Юзафа, Люцыяна і Каятана Крашэўскіх. Калі прайсці ўглыб могілак, то можна ўбачыць яшчэ шмат вядомых прозвішчаў.
— Цэлае сузор’е славутасцей. Але на тым свеце перад Богам усе роўныя. І мы, людзі, якія яшчэ жывуць на зямлі, не павінны дзяліць памерлых на “сваіх” і “чужых”. Заўсёды прашу прыхаджан: навялі парадак на магілках родных, абавязкова паглядзіце навокал. Заўважылі магільныя ўзгорачкі, да якіх ніхто не прыходзіць (сваякі жывуць далёка, а можа, ужо нікога і няма ў жывых), калі ласка, прыбярыце і тут. Мы ж за ўсіх молімся! — кажа святар.
Ксёндз Яцэк, дарэчы, прымае непасрэдны ўдзел ва ўсіх добраахвотных “суботніках”, якія наладжваюцца на могілках некалькі разоў на год. А паколькі тыя знаходзяцца на балансе “Камунальніка”, то вялікую падтрымку ў навядзенні парадку аказваюць работнікі мясцовага камунальнага ўчастка, якім кіруе Андрэй Янушкевіч.
— За нашым участкам замацавана 20 могілак, усе імкнёмся годна даглядаць. У абавязковым парадку абкошваем тэрыторыю па перыметры, а на саміх могілках косяць і выразаюць хмызняк удзельнікі суботнікаў. Мы даём транспарт для пагрузкі і вывазу смецця. Балазе, людзі ў нас вельмі актыўныя і свядомыя. Не трэба асабліва і прасіць, каб сабраліся. Тэлефануем, паведамляем пра мерапрыемства – і ўсе на месцы, — кажа Андрэй Віктаравіч.
На каталіцкіх могілках у Шарашэве хаваюць таксама жыхароў Перадзельска, Вялікага Сяла, Шчарбоў, Васькоў і іншых навакольных вёсак. Многія сваякі памерлых жывуць у Брэсце, Гродне, Мінску і імкнуцца падтрымаць вернікаў рознымі сродкамі.
Адметна, што фронт работ, праведзеных на могілках падчас настаяцельства ксяндза Яцэка Дубіцкага, не малы. І работы працягваюцца.
Калісьці вакол каталіцкіх могілак не было агароджы па ўсім перыметры, толькі з аднаго боку невялікі плот. Вернікі сабралі грошы і ўсталявалі дыхтоўную агароджу, агульнымі намаганнямі добраўпарадкавалі сцежку па цэнтры. Акрамя таго, пачалі рэнавацыю старых помнікаў, ачысцілі іх ад моху. Таксама з дапамогай работнікаў “Камунальніка” прыбралі старыя дрэвы, для гэтых мэт прыхаджане наймалі нават альпіністаў. Фінансавыя выдаткі, вядома, былі вялікія, але шарашэўцы разумеюць, што ёсць рэчы, на якіх нельга эканоміць.
— Прызнацца, сам я люблю, калі ёсць дрэвы на могілках, можа, таму, што мой бацька пахаваны пад дрэвам, у цяньку, — кажа ксёндз Яцэк. — Але, з іншага боку, калі падае такое дрэва, то яно разбівае адразу некалькі помнікаў… А абсалютны парадак магчымы толькі там, дзе беражліва ставяцца і да родных магіл, і да магіл незнаёмых людзей. Дарэчы, слова “незнаёмых” стала для нас, шарашэўцаў, умоўным. Адна жанчына зрабіла нам старонку ў інтэрнэце з класіфікатарам-даведнікам, дзе можна пачытаць пра таго ці іншага памерлага. Чытаеш прозвішчы і міжволі ўзгадваеш пра вядомае італьянскае надмагілле з выявай чалавечых костак, а пад імі надпіс: “Я быў тым, кім ты з‘яўляешся. А ты будзеш тым, кім я з’яўляюся зараз”.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік