Хто ведае праблемы і недахопы населенага пункта лепш, чым самі жыхары? Толькі падчас шчырай гутаркі з людзьмі можна зразумець, за што яны любяць мясціны, дзе жывуць, і што хацелі б там палепшыць. Паразважаць на гэтую тэму мы прапанавалі жыхарам Кабылаўкі і іншых вёсак.
Ксенія:

— Я жыву ў Брэсце, а нарадзілася і вырасла ў Кабылаўцы. Вельмі люблю наш аграгарадок, прыязджаю сюды да мамы і таты разам з дзецьмі. Кабылаўка – вельмі прыгожае месца, тут магу атрымаць асалоду ад спакою і цішыні. Але бачу, што малым не хапае добрай дзіцячай пляцоўкі. Увогуле яна ёсць, але там усяго толькі адны арэлі, а стадыёна для дзяцей мала.
Вячаслаў Пятровіч:

— Пражываю ў Навасёлках, і да гэтага населенага пункта ніякіх заўваг не маю. Наша вёска малая, таму двойчы на тыдзень яе абслугоўвае аўталаўка. Прадуктаў хапае, а паколькі працую ў Кабылаўцы, то магу нешта купіць у мясцовым магазіне, тут жа ёсць цырульня. Калі патрабуецца медыцынская дапамога, звяртаемся ў наш ФАП. Словам, асабіста мне ўсяго хапае.
Юрый Уладзіміравіч:

— Кабылаўка – вельмі прыгожы і зручны населены пункт, якому, мне здаецца, могуць пазайздросціць многія іншыя. Мне ўсё тут падабаецца. У нас вельмі добрая інфраструктура, у школе маецца басейн, які могуць наведваць усе жадаючыя, дом культуры, гандлёвыя кропкі… Рэгулярна ходзяць аўтобусы.
Ну, а каб было яшчэ лепш, не трэба забывацца пра падтрыманне чысціні каля свайго дома ці пад’езда.
Дзмітрый і Ангеліна

— Мы вучымся ў 10-м класе Хараўской СШ, а жывём у Калядзічах. Любім свой аграгарадок. У яго вельмі зручнае месцазнаходжанне, таму выехаць у Пружаны можна ў любы час. Вось толькі б зрабілі якую-небудзь спартыўную пляцоўку з турнікамі, каб вечарам можна было выйсці і пазаймацца.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).