Суббота, 15 марта 2025

Журналисты вместе с РОЧС съездили в рейд «по печкам». Напоминаем правила эксплуатации!

853

Аляксандр Іванавіч Куніцкі з вёскі Скорцы, як і іншыя адказныя ўладальнікі печак,  да  ацяпляльнага сезона  падрыхтаваўся загадзя.  Нездарма нашы продкі  ацэньвалі руплівага гаспадара па кастры дроў: ён заўсёды павінен выглядаць з-за плота. Калі інакш, то ўсе суседзі засмяюць.

Печка, нягледзячы на масавае выкарыстанне такіх відаў ацяплення, як газавае або электрычнае, па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю. Яна і зараз сустракаецца практычна ў кожным трэцім доме цэнтральных сядзіб сельскагаспадарчых таварыстваў, а ў аддаленых вёсках — амаль ва ўсіх домаўладаннях.

Але далёка не ўсе ставяцца да пячнога ацяплення з належнай адказнасцю.  Зараз для многіх гаспадароў печка страціла сакральны сэнс — гэта проста ўстройства, якое можна выкарыс-тоўваць «па поўнай праграме», не клапаціцца пра яго належны догляд, рамонт. Адсюль — і  надзвычайныя здарэнні, прычынай якіх  з‘яўляецца парушэнне правілаў эксплуатацыі печак.

У тым, што шэраг грамадзян бяздумна ставіцца да ўласнай бяспекі, карэспандэнты пераканаліся падчас удзелу ў рабоце агляднай камісіі на тэрыторыі Хараўскога сельсавета. У яе склад увайшлі старшы інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях В.В.Ліпко і кіраўнік спраў мясцовага сельвыканкама А.А.Паўлюковіч.

Як паведаміла Аксана Уладзіміраўна, нягледзячы на прымаемыя намаганні, лічыць пажарную абстаноўку на тэрыторыі сельсавета спакойнай нельга. Да катэгорыі рызыкі адносяцца адзінокія пажылыя людзі, а таксама тыя, хто злоўжывае спіртным.

Менавіта ў апошніх можна выявіць шэраг парушэнняў правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Як, напрыклад, у жыхара адной з вуліц аг.Харава. Гаспадар у момант наведвання агляднай камісіі курыў у доме, побач з канапай стаяла перапоўненая попельніца. Гэтаму чалавеку, як расказала прадстаўніца сельвыканкама, неаднаразова нагадвалася пра неабходнасць рамонту печкі. Нарэшце ён усё выканаў: адрамантаваў комін, навёў парадак каля печкі. Але інспектар РАНС усё роўна звярнула ўвагу на некалькі  парушэнняў: маленькі прытопачны ліст, складзеныя каля самай топкі дровы, складзіраванне на печцы лёгкіх на загаранне прадметаў і адзення. Усе гэтыя меры перасцярогі агаворваюцца ў правілах карыстання цеплагенерыруючымі ўстройствамі.

— Але амаль у кожнай трэцяй хаце яны парушаюцца,— зазначыла Вольга Васільеўна.— А самай частай прычынай узгаранняў з’яўляецца нерэгулярная ачыстка комінаў і печкі ад сажы. У гэтым сезоне, які толькі пачаўся, ужо зарэгістравана два выпадкі задымлення ў выніку ўзгарання сажы.

У добрага гаспадара такое немагчыма, у чым мы пераканаліся, калі наведалі сядзібу Таццяны Мікалаеўны ў аг. Харава. Жанчыне ўжо 80 гадоў, але гаспадыня сама і чысціць печку, і спраўляецца з яе доглядам. Усё ў парадку і ў жыхара Скорцаў Аляксандра Іванавіча (пра якога мы ўжо згадвалі вышэй), які добра ведае карысць печкі, а значыць, і цэніць яе бездакорную работу. І дровы сам рыхтуе, і чысціць коміны не адзін раз на год, а практычна штомесяц.

Шэраг іншых наведаных намі гаспадароў у вёсках Піняны, Жагалы, Скорцы, Носкі выказвалі падзяку тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання за дапамогу ў рамонце печак.  Але… зноў сустракаліся такія, хто і сам не браўся за аднаўленне належнага стану печкі і не ведаў, да каго можна звярнуцца па дапамогу ў гэтым.

— А брацца за рамонт трэба неадкладна. Калі пачнуцца моцныя маразы, печка будзе выкарыстоўвацца з вялікай нагрузкай,— зазначае інспектар РАНС.— Невялікая расколіна ў коміне, адсутнасць цягі, перапал печкі — асноўныя прычыны пажараў і загаранняў, якія здараліся ў мінулыя некалькі гадоў. Гаспадарам варта ведаць, што паліць у печы  трэба не перад сном, а за некалькі гадзін, каб паліва поўнасцю згарэла і не было дыму.

Пра  простыя правілы бяспекі В.В.Ліпко нагадвала ўсім наведаным гаспадарам. Хочацца спадзявацца, што зіма для іх пройдзе спакойна. А мы нагадаем гэтыя правілы ўсім чытачам.

Правілы ўладкавання
Печка павінна мець асобны падмурак, паміж яе сценкамі і драўлянымі канструкцыямі павінны быць паветраны прамежак або ўсталявана металічная абарона.
Лепш за ўсё пабяліць усе элементы печкі, каб своечасова заўважыць расколіну.
Перад топкай неабходна ўстанавіць металічны ліст памерам 50х70 см, каб вугалькі, якія могуць выпасці з топкі, не прывялі да пажару.
Коміны на даху дома неабходна адгарадзіць ад кантакту з драўлянымі канструкцыямі і забяспечыць спраўнымі іскраўлоўнікамі, у якасці якіх можна выкарыстаць сетку з ячэйкамі 5х5 мм.

Правілы карыстання
Перад пачаткам ацяпляльнага сезона неабходна пачысціць комін ад сажы. Потым на працягу халоднага перыяду варта рабіць гэтыя работы не радзей аднаго разу кожныя два месяцы.
Штомесяц трэба правяраць спраўнасць печкі і ўсіх яе элементаў.
Паліць у печы трэба не пазней чым за дзве гадзіны да сну.
Паліць у печы можна два-тры разы на дзень, але не даўжэй за паўтары гадзіны запар. Нельга перапальваць печку, аб чым сведчаць вельмі гарачыя (ажно не дакрануцца) сценкі або пачырванелыя металічныя элементы топкі.

Што выкарыстоўваць у якасці паліва?
Увогуле забаронена выкарыстоўваць для распальвання лёгкія на загаранне рэчывы і вадкасці. Не рэкамендуецца спальваць у печы смецце і пластык, адходы ежы, асабліва тлустыя. Спалены тлушч перамешваецца з сажай і асядае на сценках коміна. Да гэтага прыводзіць і частае выкарыстанне хваёвых дроў, якія ўтрымліваюць шмат смалы.
Выкарыстоўваць варта толькі добра прасушаныя дровы лісцевых парод. Таксама дапускаюцца вугаль і торф, але абавязкова патрабуецца наяўнасць іскраўлоўніка.

Як чысціць?
Чысціць комін можна з даху будынка, выкарыстоўваючы металічную шчотку і тросік. Калі заняцца гэтым самастойна складана, то лепш звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Як звязацца з імі, падкажуць у тэрытарыяльным цэнтры па тэлефоне 9-37-80.
Ёсць і хімічныя спосабы ачысткі ко-мінаў: пры спальванні спецыяльныя рэчывы прыводзяць да змякчэння сажы, якая паступова выпадае з коміна.

Як рамантаваць?
Для дробнага рамонту, напрыклад, расколін, выкарыстоўваецца сумесь гліны, пяску, здробненага азбесту і солі ў прапорцыі 2:2:1:1. Замест двух апошніх інгрэдыентаў можна ўзяць цэмент, тады прапорцыя будзе 1:1:1. Раствор павінен нагадваць тлустую смятану, без камякоў.
Для кладкі выкарыстоўваюць чырвоную вогнеўстойлівую цэглу, без расколін і іншых дэфектаў. Сілікатная цэгла дапускаецца толькі для ўладкавання элементаў, што не датыкаюцца да агню, напрыклад, коміна на даху.
Старыя цагліны лепш за ўсё не выкарыстоўваць: сажу з іх адцерці вельмі складана, потым яна будзе праступаць праз пабелку ў выглядзе плям.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).