Чаму ўзгаранне з-за печкі пажарныя заўсёды звязваюць з парушэннямі правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення? Як зазначае інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Талмачавец, спраўная печка, якую гаспадары загадзя падрыхтавалі да інтэнсіўнай работы ў халодны перыяд, не можа стаць крыніцай пажару. У чым мы пераканаліся, калі прынялі ўдзел у рабоце агляднай камісіі Шарашэўскага сельвыканкама па праверцы жылога сектара гарадскога пасёлка з нагоды супрацьпажарнай бяспекі ў рамках акцыі «Не спальвай сваё жыццё!».
Як расказвае старшыня мясцовага выканаўчага камітэта Святлана Амельянец, асноўная ўвага надаецца дамам, дзе жывуць шматдзетныя сем’і, адзінокія пенсіянеры і грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным.
— У сем’ях, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей, акцэнтуем прафілактычную работу менавіта на папярэджванні пажараў з-за дзіцячых гульняў з агнём. З гэтай нагоды іх дамы за кошт дзяржаўнага фінансавання абсталёўваюцца аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі з вывадам светлагукавага сігналу на вуліцу, — паведамляе Святлана Анатольеўна. — Адзінокім пенсіянерам аказваем дапамогу ў рамонце печак, электраправодкі, вырашэнні шэрагу бытавых пытанняў па падрыхтоўцы да зімы. А вось праблема з тымі, хто выпівае, для нас сапраўдны галаўны боль.
Па словах Святланы Амельянец, на тэрыторыі сельсавета жыве 78 такіх грамадзян. Пераважная большасць з іх — людзі працаздольнага ўзросту, для сацыяльнай падтрымкі якіх не распрацаваны адпаведныя механізмы. Так, мясцовая ўлада дапамагае (а часцей прымушае) афармляць дакументы, якія засведчваюць асобу, шукае абібокам работу, пры неабходнасці накіроўвае іх па медыцынскую дапамогу. Але на поўнае забеспячэнне ніхто іх не возьме. Ці можна гэта назваць несправядлівасцю? Мяркуйце самі.
Сяргей у свае 58 гадоў забыўся, калі апошні раз працаваў. У мужчыны нават уласнага жылля няма, сацыяльную кватэру яму выдзеліла камунальная служба. Дык і гэтыя квадратныя метры кватэраздымшчык пераўтварыў у хлеў, дзе дастаткова адной іскры, каб здарыўся пажар. Абнавіць печку, замяніць няспраўную праводку, сабраную з кавалкаў правадоў, прыбраць смецце… Зрабіць усё гэта мужчыне па сілах, але ж не па жаданні. Сваю пазіцыю ён так і тлумачыць: маўляў, я наймальнік, няхай рамонты робіць уласнік жылля.
Як зазначае Святлана Анатольеўна, гэта яшчэ не самая горшая рэакцыя. Ёсць такія асобы, якія ўмудраюцца вынесці з арэнднага жылля электраправодку і металічныя прылады да печкі.
Такую «карціну» мы ўбачылі падчас наведвання яшчэ аднаго грамадзяніна. У Мікалая за няўплату адключана электраэнергія, вакол сядзібы няма плоту, які даўно спалены ў печы, вокны забіты плёнкай або закладзены рыззём. Унутры дома сітуацыя яшчэ горшая: запаленая печка распаўсюджвае дым, побач з напаўразбуранай топкай пакінуты дровы.
— Праблема ў тым, што дзейсных метадаў уздзеяння на такіх грамадзян няма, — скардзіцца старшыня сельвыканкама. — Прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне супрацьпажарнай бяспекі няма сэнсу, бо пратаколы і штрафы іх не хвалююць. На ўсё жыццё ў лячэбна-працоўны прафілакторый не аформіш, а ўзяцца за розум — не прымусіш. І вялікая бяда жыць побач з такім «гаспадаром». Для нашага пасёлка з яго малой адлегласцю паміж дамамі гэта праблема вельмі актуальная.
У выпівак свае довады. Адны не могуць працаўладкавацца, бо «ў пасёлку мала прадпрыемстваў», у іншых «няма здароўя». Напрыклад, як у Дзмітрыя, які нам скардзіўся на сваё самаадчуванне, не вымаючы цыгарэту з рота. Яго сужыцелька таксама нідзе не працуе, бо «няма месцаў». Святлана Анатольеўна пералічыла вакансіі ў камунальнай службе, мясцовай гаспадарцы, падраздзяленні мэблевага прадпрыемства…
Такія прапановы, дарэчы, старшыня выказвала ўсім абібокам, але зацікаўленасці не ўбачыла. Адна з беспрацоўных увогуле заявіла, што зімой… холадна працаваць.
Падобныя выказванні можна смела называць адгаворкамі. Асабліва, калі побач з такімі безгаспадарнымі сядзібамі бачыш іншыя, дагледжаныя. Напрыклад, побач з зарослай хатай, вокны якой амаль нябачныя за бур‘яном, стаіць дом, які з першага позірку можна назваць узорным. Жыве там пенсіянер Валерый Гурамавіч. Наўрад ці ён у свае 73 гады можа пахваліцца «касмічным» здароўем, але адразу бачна добрага гаспадара, які падтрымлівае сваё жыллё ў належным стане. Усюды парадак: чысціня, адрамантаваныя печкі, спраўная праводка і выключальнікі, нават кветкі зелянеюць на падаконніках. Тое ж самае мы ўбачылі і падчас наведвання шэрагу шматдзетных сем’яў пасёлка, у якіх хапае сіл і часу не толькі расціць дзяцей, але і ствараць для іх належныя ўмовы. Вось такім грамадзянам дзяржаўная падтрымка будзе на карысць.
А ці варта ўводзіць сацыяльнае ўтрыманства для тых, хто не жадае зрабіць хаця б адзін крок да чалавечай годнасці? Адказ відавочны: такі падыход карысці не прынясе. А вось праблему з імі, дакладней, з месцам пражывання побач з руплівымі гаспадарамі, неабходна вырашаць. З пачатку бягучага года, як паведаміў інспектар РАНС Максім Талмачавец, на тэрыторыі Шарашоўскага сельсавета здарылася пяць пажараў у жылым сектары. Пераважная колькасць здарэнняў — з-за парушэнняў правілаў эксплуатацыі печак. З улікам асаблівасцей пасялковай забудовы толькі дзіву даешся аператыўнасці пажарных падраздзяленняў, якія не даюць узгаранням перарасці ў катастрофу і нанесці сур’ёзны ўрон. У адрозненне ад саміх «гаспадароў», якія нібыта наўмысна ствараюць небяспеку для сябе і для суседзяў.
Важныя правілы бяспекі пры карыстанні печкай
З пачатку бягучага года на тэрыторыі раёна здарылася 11 пажараў па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.
З улікам трывожнай сітуацыі выратавальнікі нагадваюць пра меры пажарнай бяспекі ў ацяпляльны перыяд:
- трэба загадзя правесці чыстку дымавых каналаў, праверыць спраўнасць комінаў, абнавіць іх пабелку;
- перад топкай неабходна прымацаваць металічны ліст шырынёй не менш чым 50 см і даўжынёй 70 см;
- не складзіруйце побач з печкай гаручыя матэрыялы;
- не пакідайце запаленую печку без нагляду;
- не паліце ў печы доўга і часта, каб пазбегнуць яе перагравання;
- попел выдаляйце з печак толькі поўнасцю патушаны, дадаткова паліце яго вадой.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік