Вторник, 18 февраля 2025

Журналісты пабывалі на выязным пасяджэнні гарадскога грамадскага пункта аховы правапарадку. Што ўбачылі?

1 188

Штомесяц на пасяджэнні гарадскога грамадскага пункта аховы правапарадку выклікаюцца грамадзяне, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні. Часцей за ўсё «галоўнымі героямі» такіх сустрэч з’яўляюцца сямейныя скандалісты, выпівакі, хуліганы. У пераважнай большасці ўсе яны падыходзяць пад адзінае апісанне: злоўжыванне спіртным, асацыяльны лад жыцця. І практычна кожны нідзе не працуе. Менавіта на апошнюю акалічнасць звяртаецца асноўная ўвага членаў камісіі. Справа ў тым, што, за рэдкім выключэннем, на пасяджэнні выклікаюцца асобы працаздольнага ўзросту. Вось толькі адны ўвогуле не ведаюць, што заключаецца ў слове «праца», другія — даўно забыліся пра гэта. Адных даглядаюць састарэлыя бацькі (а не наадварот), іншым дапамагаюць неабыякавыя суседзі або гуманітарныя арганізацыі.

З аднаго боку складваецца ўражанне, што такія грамадзяне сталі ахвярамі негатыўнага збегу акалічнасцей — з-за сямейных трагедый, з-за канфліктаў на працы і нават па стане здароўя. У сваіх «выступленнях» яны расказваюць членам камісіі пра свае намаганні, якія яны прымаюць дзеля выпраўлення сітуацыі: шукаюць работу, рамантуюць дом або праводзяць «кансіліўмы» з урачамі. Вось толькі нярэдка яны трапляюць на пасяджэнні другі, здараецца і трэці раз.
І зноў заводзяць тую ж «пласцінку».

Нішто не раскажа пра чалавека больш, чым яго акружэнне — быт, лад жыцця, сябры-прыяцелі. Такое правіла, якое з гадамі перайшло ў катэгорыю ксіёмы, даўно вынайшлі філосафы. І з улікам гэтага старшыня грамадскага пункта аховы правапарадку Аляксандр Момлік прапанаваў у стандартны алгарытм пасяджэнняў унесці дапаўненне, у форме выездаў на месца, каб ацаніць перспектывы выпраўлення, наладжвання жыцця падуліковых. І трэба прызнаць, што ўбачанае не парадавала.

Жытло. Інакш тыя месцы, дзе жывуць такія асобы, назваць нельга. Ад знешніх прыкмет у наяўнасці толькі сцены і дах, усё астатняе нельга назваць домам. Магчыма, раней, як у лёсе адной з гараджанак, некалі яе жытло мела ўсе неабходныя прыкметы абжытага месца. Калі былі жывыя бацькі, майстравіты тата даглядаў гаспадарку, а маці завіхалася ў хатніх справах. З адыходам бацькоў у нябыт татавы інструменты былі адразу абменены на алкаголь. А тое, што недабудавалі старыя, так і засталося напамінам пра іх планы. Унутры ўзнікала першае ўражанне, што тут з вобыскам пабывалі акупанты. Але потым здагадваешся, што столькі бруду не наносяць нават салдацкія боты. І наўрад ці апошнія будуць крыніцай настолькі агідных пахаў.

Бруд на падлозе, сценах, столі, на непрыбраных ложках, на стале назапашваўся гадамі. Посуд даўно не бачыў гарачай вады, а ўсе пакоі ператвораны ў сапраўдныя попельніцы. «Гаспадыня» прызнаецца, што не можа «справіцца» з беспарадкам і ад кожнага члена камісіі патрабуе дапамогі. Пераважна фінансавай, на папраўку здароўя.

На вуліцах Гудзімава, 60 год БССР, К. Марача і па іншых адрасах убачылі абсалютна такую ж карціну. Практычна ўсю ды начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Рыгор Рашанок звяртаў увагу на стан печак. Дакладней, тых напаўразбураных прылад, што працягваюць выкарыстоўвацца па прызначэнні. Усюды даўно адключана святло за няўплату, адсутнічаюць іншыя зручнасці.

Асабіста ў мяне ад падобнага выязнога пасяджэння ўзніклі дзве высновы. Падчас сустрэч у кабінеце, у цывільнай абстаноўцы ўсе выкліканыя займаліся абсалютнай хлуснёй. Галоўнай іх мэтай было як мага хутчэй вызваліцца ад інтарэсу адміністрацыйных органаў і вярнуцца ў былы стан. Ні адзін не збіраецца працаўладкоўвацца, мяняць лад жыцця. Напэўна, пра ўсе свае абяцанні яны забывалі, як толькі пакідалі кабінет. А другая выснова вынікае з першай: здаецца, што не так працуе адпаведнае заканадаўства, як таго хацелі заканатворцы. Яно або абыходзіць бокам падобную катэгорыю грамадзян, або вельмі мяккае ў дачыненні да парушальнікаў. Зразумела, што многае прымалася на пачатку станаўлення беларускай незалежнасці. Калі кіраваліся «еўрапейскімі каштоўнасцямі» кшталту «талерантнасці», «дэмакратыі», «гуманізму». Аднак даўно высветлілася, што паняцці культуры жыцця і грамадства ў нашай краіны і калектыўнага Захаду зусім розныя. І залішняя «памяркоўнасць» да дабра не прывядзе. Яна становіцца слабасцю грамадства, і заўсёды знойдуцца тыя, хто будзе карыстацца ёю. Жыць, як паразіт, смактаць сокі з навакольных і блізкіх, несці пагрозу законапаслухмяным суседзям. Пакуль падобным асобінам, якіх складана назваць людзьмі, не будзе выказана рашучае «Стоп!».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік, з архіва рэдакцыі і носяць ілюстрацыйны характар