Калі малады супрацоўнік становіцца сапраўдным прафесіяналам, якімі якасцямі павінен валодаць спецыяліст і чаму важна не забывацца пра творчасць, нават працуючы за станком, — адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў «SuperПРОФІ—2024». Яго заключны, фінальны этап, прайшоў на мінулым тыдні ў сталіцы.
Каб трапіць у лік амаль сотні лепшых маладых работнікаў краіны, хлопцам і дзяўчатам прыйшлося прайсці праз своеасаблівае «сіта» адбору: раённыя і абласныя этапы. Нагадаем, што па выніках апошняга ў рэспубліканскі фінал «SuperПРОФІ—2024» прайшлі адразу два прадстаўнікі Пружанскага раёна. Гэта першы сакратар Пружанскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук, якая выступала ў намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы работы з моладдзю». А яшчэ наш калега — загадчык аддзела вэб-інфармацыі ўстановы «Рэдакцыя Пружанскай раённай газеты «Раённыя будні» Уладзіслаў Шпарла.
Даведка
Рэспубліканскі конкурс маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Беларусі «SuperПРОФІ» ўпершыню прайшоў у 2023 годзе. Мэта — выяўленне і заахвочванне лепшых прадстаўнікоў у розных сферах у адпаведнасці з намінацыямі. Іх колькасць у параўнанні з мінулым годам павялічылася з 14 да 19. SuperПРОФІ сярод маладых работнікаў СМІ сёлета вызначалі ўпершыню.
Трэба сказаць, што арганізатары конкурсу, а гэта Міністэрства адукацыі, ФПБ, Рэспубліканскі савет працоўнай моладзі, Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр і БРСМ, падрыхтавалі для ўдзельнікаў цікавую і разнастайную праграму. Але ўсё гэта чакала хлопцаў і дзяўчат пасля асноўных конкурсных выпрабаванняў. Яны праходзілі ў аўторак адразу на чатырох пляцоўках. Яно і не дзіўна: удзельнікі спаборнічалі ў 18 намінацыях, вызначылі і пераможцу анлайн-галасавання.
Кожнага з фіналістаў заключнага этапу конкурсу чакала тры выпрабаванні. Першае з іх — візітоўка, падчас якой удзельнікі прэзентавалі сябе і адказвалі на пытанне «Чаму мая прафесія лепшая?». Другім этапам стала дэманстрацыя відэароліка. Яго фіналісты здымалі загадзя, і тут увагу надавалі ўжо рабоце сваіх арганізацыі, установы ці прадпрыемства. Нарэшце, завяршальным выпрабаваннем быў творчы нумар. Удзельнікі былі абмежаваны 5 мінутамі, але за гэты час змаглі прадэманстраваць творчы патэнцыял і фантазію. Хтосьці спяваў ці танцаваў, паказваў сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, граў на музычных інструментах ці чытаў верш. Многія прыехалі з уласнымі групамі падтрымкі.
Кожны з удзельнікаў рэспубліканскага фіналу атрымаў Падзяку ад Міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца і сувенірную прадукцыю конкурсу. Яго вынікі аб’явілі толькі ў чацвер, падчас гала-канцэрта. А вось серада была напоўнена трэнінгамі па медыясуправаджэнні праектаў і мерапрыемстваў, граматным вядзенні сацыяльных сетак.
У гэты ж дзень прадстаўнікі Пружанскага раёна разам з іншымі ўдзельнікамі на свае вочы ўбачылі, што такое прамысловы турызм, наведаўшы з экскурсіяй ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», вядомы як VOLAT. Там жа, на МЗКЦ, прайшла сустрэча з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Марынай Лянчэўскай.
Увечары фіналістаў «SuperПРОФІ—2024» чакала культурная праграма: усе разам яны наведалі аперэту ў двух дзеяннях «Герцагіня з Чыкага» ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Чацвер пачаўся з семінараў на сямейную тэматыку ад цэнтра «Лада» з Расіі, але, бадай, самым чаканым яго момантам стаў гала-канцэрт. Падчас яго і былі названы пераможцы рэспубліканскага конкурсу. Наш калега Уладзіслаў Шпарла і стаў адным з іх, ён прызнаны лепшым у намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы масавай інфармацыі, выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці». Канкурэнцыю яму на конкурсе склалі журналісты-тэлевізіёншчыкі з Ліды і Мазыра. Павіншаваў Уладзіслава і ўручыў яму дыплом Міністэрства адукацыі, статуэтку «SuperПРОФІ—2024» і падарункі другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Аляксандр Іваненка.
— Хачу шчыра падзякаваць усім, хто дапамагаў рыхтавацца да конкурсу, усім, хто верыў і перажываў, хто «трымаў кулачкі». Выступаючы на сцэне БГТУ, адчуваў вялікую адказнасць, паколькі разумеў, што прадстаўляю не толькі Пружанскі раён, але і медыясферу першага рэгіёна ў цэлым. Вельмі рады, што ўдалося зрабіць гэта на нашай роднай мове. Рады, што пра Пружаны ведаюць, а многія нават паспелі пабываць у нашым горадзе.
Прыемна, што ў краіне існуюць такія праекты, як «SuperПРОФІ», паколькі яны дапамагаюць моладзі заявіць не толькі пра сябе, але і пра свае працоўныя месцы на ўсю краіну, зацікавіць іншых сваёй прафесіяй. Актыўным і нераўнадушным маладым людзям, якія працуюць на Пружаншчыне, раю абавязкова прыняць удзел у «SuperПРОФІ—2025». Гэта каштоўны вопыт, цікавыя знаёмствы, новыя эмоцыі і зарад новымі ідэямі. Паверце: не пашкадуеце! Сваю перамогу прысвячаю самым блізкім людзям, роднаму раёну і нашай юбілярцы — Брэсцкай вобласці, — падзяліўся эмоцыямі Уладзіслаў Шпарла.
Віншуем нашага калегу, жадаем натхнення і новых асабістых і творчых вяршынь!
«Раённыя будні»