Воскресенье, 19 января 2025

ААТ «Жураўлінае»: асноўны фактар развіцця сельскай гаспадаркі — працавітыя людзі

567

Сёння, 17 лістапада, адзначаецца ці не самае важнае прафесійнае свята ў нашай краіне — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Жыццё нам даецца толькі адзін раз. Ці добра гэта, ці дрэнна — адна справа. А вось пражыць яго, як падаецца, трэба годна, у любых абставінах заставацца чалавекам, шчырым працаўніком, не згінаць спіну ні перад якімі цяжкасцямі. І вось тут некаторыя пасуюць, бо хочуць адразу ўсяго і многа, у тым ліку і грошай поўныя кішэні. Толькі сельскія працаўнікі не здаюцца, яны з дня ў дзень выходзяць на цяжкую ад веку працу, сумленна яе выконваюць, бо інакш нельга. І не бегаюць з месца на месца, бо прыкіпелі душой да роднай зямлі, не патрабуюць завоблачнага, толькі каб шанавалі, бачылі ў кожным чалавека. Дык што ж прымушае іх любіць сваю справу, рухацца наперад, нават думкі не дапускаць аб іншым жыцці?

Аб усім пакрысе напярэдадні свята пагутарылі з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктарам ААТ «Жураўлінае» Аляксандрам Пішчом.

— Аляксандр Іванавіч, як Вы лічыце, хто ці што з’яўляецца асноўным фактарам развіцця сельскай гаспадаркі краіны?

— Як не раз адзначаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, адзіная непарушная сіла ў дасягненні любых пастаўленых задач у нашай дзяржаве — гэта чалавек. Не выключэнне, канечне, і сельская гаспадарка. Інавацыйныя тэхналогіі вітаюцца ў любой галіне эканомікі. Але ж… Ніякая тэхніка не заменіць жывёлавода, аператара машыннага даення з іх душэўнасцю, заўзятасцю ў рабоце, нават усмешкай у адносінах да сваіх падапечных. Кармы тыя ж нарыхтоўваюцца таксама людзьмі, у нашым выпадку самымі лепшымі, а жніво, бухгалтэрыя, будаўніцтва? Увогуле, куды ні кінь, усюды яны, простыя, засяроджаныя на рабоце, свае.

Хто надоі добрыя мае, хто ў прывагах БРЖ толк знае, хто пра абсталяванне пільна дбае? Канечне, работнікі МТФ «Клепачы» — аператар машыннага даення Наталля Карпеш, слесар Мікалай Пачэбут, аператары машыннага даення Святлана Каралькевіч і Любоў Белавусава, брыгадзір Аксана Паўтарэйка.

— Робім лагічны вывад, што разам з такім калектывам ёсць і рэзультат, напрыклад, у малочнай жывёлагадоўлі?

— Нават не сумнявайцеся. Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў бягучага года склала 49726 тон (109% да мінулага). Плюс за той жа перыяд і па рэалізацыі — 45942 тоны (108%). Радуе таксама і той момант, што на 638 кг паднялі сярэдні надой малака ад каровы, цяпер ён складае 7508 кг. І гэтыя паказчыкі не мяжа, бо мы імкнёмся ісці толькі ўперад, знаходзім новыя падыходы ў кармленні БРЖ, яе доглядзе.

Такія чароўныя і непаўторныя дзяўчаты, як загадчыца лабараторыі якасці Ангеліна Шэлест, лабарантка хімічнага аналізу Таццяна Дудко, практыкантка Ніка Карунас і лабарантка Алеся Бардзюк, — не толькі адказныя работніцы, але і сапраўднае ўпрыгажэнне ААТ «Жураўлінае».
У прадаўцоў фірменнага магазіна «Прадукты» ў аг. Клепачы Алены Сахарук і Вольгі Джэйкун на прылаўках заўсёды толькі свежая прадукцыя, якая задаволіць густ любога гурмана.

— Будзем са смятанай і сырамі. А як справы з вырошчваннем і рэалізацыяй жывёлы?

— Калі гаварыць пра вырошчванне ў жывой вазе, то лічба па буйной рагатай жывёле за студзень—кастрычнік 2024 года склала 2424,5 тоны (104% да 2023 года). Рэалізавалі жывёлы 8729 тон — 100,5%. Штодзённа кантралюем сярэднясутачныя прывагі. У БРЖ дасягнулі +85 грамаў, у свіней на адкорме — +9 грамаў. Можа падацца, што лічбы не такія вялікія. Але тут скачка і быць не можа, работа праводзіцца паступова, адсочваецца рацыён, дабаўкі, пажыўныя рэчывы.

Працай трэба жыць, а не проста на яе хадзіць, каровак сваіх любіць, а значыць, іх добра карміць. Такой думкі прытрымліваюцца начальнік комплексу «Котра» Іна Лакатош (у цэнтры) і аператары жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных фермаў Віктар Вядзёрчык і Іван Хоміч.

— Не забываеце, відаць, Аляксандр Іванавіч, і пра ўзнаўленне малочнага статка?

— Атрымана цялят ад кароў 4391 галава (+256 да 2023 года). Выхад на 100 рагуль склаў 68 цялят — +4. Абнаўляецца і асноўны статак, уведзена 2648 цялушак супраць 2435 галоў у мінулым годзе. Работа важная, бо ад гэтага напрамую залежаць будучыя надоі, зразумела, прыбытак гаспадаркі.

Зерне трэба не толькі ўбраць, але яшчэ і на насенне захаваць, каб было чым сеяць па вясне, хапіла і для краіны, і для сябе. Таму і ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў кладаўшчык Анатоль Якутчык і аператар працэсу дапрацоўкі зерня Ілья Ліцкевіч вельмі сур’ёзна, з поўнай адказнасцю.

— Пра дасягненні сельгаставарыства на сёлетнім жніве «раёнка» не раз пісала. Але не будзе лішнім успомніць, чым была адметная ўборка-2024 для гаспадаркі?

— Гэты год быў для нас спрыяльным. У бункернай вазе намалацілі збожжавых і зернебабовых 25498 тон (113,4%), і гэта пры не вельмі спрыяльнай вясне і засушлівым леце. На 141,6% выйшлі па рапсе. Таксама сабралі сваёй садавіны 1570 тон (128,7%). Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых склала 54,3 ц/га, рапсу — 44,5 ц/га. Усюды плюс, за гэта нізкі паклон усім працаўнікам.

Дай любую тэхніку трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці Віктару Палішчуку і Сяргею Власюку, і яны пакажуць цуды і ва ўзворванні, і на касьбе, і на жніве.
А мы, вадзіцелі Ігар Валько, Генадзь Хамета, Мікалай Крэйдзіч і Сяргей Пятрань, кіламетры матаем, усе дарогі ў «Жураўліным» знаем, даставім усё на месца і ў час, у любым выпадку можна спадзявацца на нас.

— І зарплата…

— Усе мы разумеем, што любая работа павінна аплачвацца. А калі ты яшчэ што ні кожны дзень на працы і да самага позняга вечара, тады святы абавязак кіраўніцтва забяспечыць добрую фінансавую падтрымку. Даць магчымасць не хвалявацца, што не хопіць на бохан хлеба ці малако. На дадзены момант па гаспадарцы сярэдняя заработная плата складае 2181,5 рубля, у працэнтных адносінах 127,2 да 2023 года. Будзь заўсёды з людзьмі, дапамагай вырашаць праблемы, стаў для сябе прыярытэт — важны кожны працаўнік. Тады зможаш усё, нават больш таго, што планаваў.

Хочаце падсілкавацца, з’есці талерку духмянага супу, пакаштаваць смачнай каўбасы і выпіць кубак натуральнага соку? Запрашаем у Дом механізатара, дзе запраўляюць мілавідныя кухонныя работніцы Аліна Бурнас і Таццяна Пацэпня, повары Таццяна Харута і Таццяна Янушкевіч, кухонная работніца Галіна Карняйчук, мыйшчыца посуду Дар’я Гедзько і кухонная работніца Тамара Кухарэнка.

— Няхай ААТ «Жураўлінае» заўсёды будзе на ўзлёце, ніколі яму не перашкаджаюць шквалістыя ветры і спякотныя дні!


Гутарыў Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік