Суббота, 14 декабря 2024

Жніво-2024 на Пружаншчыне: работа кіпіць, колькасць тысячнікаў павялічваецца!

577

Жніво-2024 ідзе сваёй чарадой. Наступіла чарга азімага рапсу. Убраць яго трэба своечасова і без страт. Бо дадзеная сельгаскультура — гэта прамы фінансавы прыбытак гаспадарак. План па рапсе сёлета для нашага раёна — 6180 га (6210 у мінулым годзе). Пакуль што ўраджайнасць на чацвер бягучага тыдня складае 26,7 ц/га, але абяцае быць большай, для гэтага ёсць усе прадумовы: своечасовая сяўба восенню, патрэбныя падкормкі і ўдалае сёлетняе летняе надвор’е. Як вынік — з’яўляюцца чарговыя пераможцы на жніве.

Добра ў панядзелак стартавала на ўборцы азімага рапсу ААТ «Агра-Калядзічы» (план на год бягучы — 450 га). Тут — самая высокая ўраджайнасць у раёне — 37,5 ц/га. Што паспрыяла такому выніку? Прадуманы выбар гібрыдаў — «анабела», «тэкнік», «харнас», якія з’яўляюцца зімастойкімі, маюць аптымальныя тэрміны сяўбы, валодаюць высокімі паказчыкамі прадукцыйнасці. Належны і прадуманы догляд раслін.

На ўборцы азімага рапсу ў ААТ «Агра-Калядзічы» працуюць камбайнер Альберт Багдасараў і старшы камбайнер Аляксандр Басак.

А ў аўторак карэспандэнты «раёнкі» на свае вочы назіралі за тым, як на палетку ў 190 га каля в. Сілічы тры камбайны «Гомсельмаш GS12A1 PRO» няспешна, але ўпэўнена папаўнялі зерневую скарбонку гаспадаркі азімым рапсам. Дарэчы, адразу здрабнялі салому ад сельгаскультуры і раскідвалі па палетку як будучае ўгнаенне.

Галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік, дырэктар гаспадаркі Сяргей Субота, вадзіцель Яўген Зеляняк і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаставарыства Святлана Ляўковіч на рапсавым палетку каля в. Сілічы.

І чарговая перамога не прымусіла чакаць, яна ўжо другая ў ААТ «Агра-Калядзічы». Толькі на мінулым тыдні ўшаноўвалі калектыў зернесушыльнага комплексу з нагоды першай у раёне прасушанай 1000 тон зерня, як на гэтым — новы віноўнік урачыстасці раённага маштабу: першая прыступка п’едэстала па перавозцы 1000 тон зерня ў маладога вадзіцеля Яўгена Зеленяка.

Спыталіся ў яго, ці хопіць сіл на новыя перамогі?

— Было б што вазіць, а запалу хопіць на ўсё жніво, — зазначыў Яўген так упэўнена, што сумнявацца ў яго словах зусім не даводзіцца. Тым больш, што сам мясцовы, з Руднікаў, і прынцып «дзе нарадзіўся, там і працуй, бо тут тваё шчасце» яшчэ ніхто не адмяняў.

Раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК у асобе яе старшыні Вольгі Зубковай не прамінае магчымасці, каб выказаць падзяку за шчырую працу, пажадаць поспехаў як на палетку, так на сямейнай ніве і ўручыць Яўгену Зеленяку падарунак у знак удзячнасці за тое, што не цураецца сялянскай працы, а імкнецца падняць яе прэстыж. Не пакінула без увагі вадзіцеля і сельгаставарыства: яму была ўручана грашовая прэмія з наказам і надалей задаваць тэмп у рабоце.

Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Зубкова і дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч віншуюць аператараў працэсу апрацоўкі зерня Дзмітрыя Тарасевіча, Дзмітрыя Вайцяховіча, Аляксандра Місюлю і Генадзя Тарасевіча.

І што, усё? Як бы ні так! Нашы хлебаробы вельмі злыя да работы, таму перамогі ідуць адна за адной, толькі паспявай віншаваць. У гэты ж аўторак 3000 тон першымі ў раёне прасушылі на ЗСК-50 ААТ «Жураўлінае». Ганаровыя стужкі пераможцаў былі павязаны аператарам працэсу апрацоўкі зерня Дзмітрыю Тарасевічу, Дзмітрыю Вайцяховічу, Аляксандру Місюлю і Генадзю Тарасевічу.

Сваю тысячу ў гаспадарцы перавёз і малады вадзіцель Аляксандр Крэйдзіч, які і ў мінулым годзе таксама паказаў сябе шчырым працаўніком, які ведае сваю справу, ганарыцца ёю.

Новых пераможных вяршынь вам, хлопцы! Калі ласка, падарункі ад сельгаставарыства і Вольгі Зубковай на добрую памяць.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік