Назваць дакладны ўзрост двухпавярховага дома №24 па вуліцы Піянерскай у Пружанах цяжка. Але нават калі дапусціць, што старажылы памыляюцца ў сваім меркаванні (карэспандэнту агучылі дату 1920 год), то адназначна гэта даваенная пабудова: у 1939-м, пры аб‘яднанні Заходняй Беларусі з БССР, дом стаяў. А гэта ўжо сведчыць, што сваё 75-годдзе даўно адзначыў.
Сёння ў доме, які афіцыйна лічыцца без зручнасцей, дзевяць кватэр, дзве з якіх з падсяленнем — так званыя «камуналкі». Ва ўсіх жыльцоў, акрамя аднаго, пячное ацяпленне. Кладка печаў была зроблена яшчэ за польскім часам і ўмельцаў, якія ведалі асаблівасці іх уладкавання і рамонту, ужо не засталося. Але ж праблема не толькі ў ацяпленні. На фасадзе разбураецца тынкоўка, кавалак яе ледзь не трапіў у дзіця, а сам дом, запэўніваюць жыльцы, небяспечны для пражывання.
У дадатак да ўсяго, гадоў дзесяць таму ў адной з кватэр здарыўся пажар. Так-сяк дах залаталі, але каб тут праводзіўся капрамонт, не згадаюць нават самыя старэйшыя ўласнікі кватэр.
У кабінеты спецыялістаў «Камунальніка» жыльцы пачалі стукацца каля дваццаці гадоў таму. Спачатку вусна прасілі дапамагчы, а ў 2007 годзе звярнуліся да мясцовых уладаў з пісьмовай калектыўнай просьбай. Нярэдка бывалі яны і на прыёмах грамадзян службовымі асобамі. І, здаецца, нават ужо змірыліся з тым, што перыядычна атрымліваюць адпіскі, у якіх гучаць толькі абяцанні, спасылкі на тое, што няма то сродкаў, то тэхнікі, і паведамленні аб перанясенні тэрмінаў рамонту.
Самым актыўным барацьбітом за капрамонт дома стаў Аляксандр Чавусаў. Ён дэманструе стос папер:
— Вось адны з апошніх, дзе нам паведамляюць, што капрамонт запланаваны на вясну 2016 года, а ў наступным значыцца, што з-за адсутнасці сродкаў яго пераносяць на чацвёрты квартал бягучага года.
Людзі чамусьці ўпэўнены, што і напрыканцы года доўгачаканага рамонту не будзе: маўляў, гэта чарговая адпіска.
— Што крыўдна, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч, — мы выступалі за рамонт двух дамоў — нашага і суседняга. Вось толькі атрымалася, што самі так і сядзім без рамонту, а суседзям, чый дом быў у лепшым стане (рабілася афіцыйнае даследаванне стану будынкаў), пашанцавала.
Сапраўды, жыхары двухпавярхоўкі №26 цяпер і з вадой, і з каналізацыяй, і з ацяпленнем, і з рамонтам, і з сучаснымі шклопакетамі. А іх суседзі так і чакаюць лепшых часоў. Працуючыя — а ў доме ўсяго чатыры сям’і працаздольнага ўзросту, — стараюцца рабіць рамонты за ўласныя грошы: Чавусавы, напрыклад, памянялі вокны, падвялі ваду і каналізацыю, а іх суседка з другога паверха нават падвяла сабе прыродны газ. Але ж астатнія — пенсіянеры, большасць якіх не мае грошай, каб залатаць дах, які «плача», правесці новую электраправодку замест зманціраванай яшчэ ў польскія часы, памяняць даўно прагніўшыя драўляныя перакрыцці, з-за якіх у адных падлога, а ў другіх столь сталі аб’ектам небяспекі з-за рызыкі абваліцца ў любы момант.
— Ды і чаму мы павінны клапаціцца пра капітальны рамонт дома, калі штомесяц робім належныя адлічэнні «Камунальніку»? — абураюцца людзі.
—Але плацім-плацім, а наш дом як не бачыў капітальнага рамонту, так, напэўна, яшчэ доўга не ўбачыць…
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).