Здаўна армейская служба лічылася выключна мужчынскім «заняткам». Аднак з цягам часу жанчыны здолелі даказаць, што і ў гэтай справе без іх ніяк не абысціся. У гэтым, як кажуць, на ўласным прыкладзе пераканаліся вайскоўцы 210-га авіяцыйнага палігона.
— Сёння ў нашай краіне практычна няма ні адной сферы дзейнасці, дзе не былі б задзейнічаны жанчыны, — зазначае намеснік камандзіра Аляксей Козел. — Дык чаму б ім не служыць і ў беларускай арміі, якая неадрыўна звязана з грамадствам і прытрымліваецца ўсіх тых каштоўнасцяў, што лічацца галоўнымі для грамадзян Беларусі.
Больш за тое, па словах Аляксея Аляксандравіча, жанчыны не толькі ўпрыгожваюць сваёй прысутнасцю армейскія будні. Ёсць задачы, у выкананні якіх прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва могуць нават «даць фору» тым, каго мы звыклі лічыць «дужай паловай». Ва ўсялякім выпадку на 210-м авіяцыйным палігоне менавіта так адгукаюцца пра мясцовых жанчын-ваеннаслужачых.
Кожную з іх на армейскую службу прывялі розныя падставы: прыклад родных, сямейныя абставіны і нават покліч душы. Нехта зусім нядаўна апрануў ваенную форму, іншыя ўжо больш за дзесяць гадоў служаць на ахове спакою Айчыны. Аднак ні «навічкі», ні тыя, хто мае вялікі стаж, не шкадуюць, што лёс склаўся менавіта так. Безумоўна, жанчынам таксама даводзіцца прывыкаць да іншых умоў працы, падпарадкоўвацца дысцыпліне, безумоўнаму выкананню загадаў камандавання. Але, як зазначаюць прыгожыя ваеннаслужачыя, у гэтым таксама ёсць прывабныя бакі.
— Асабліва тое, што ўсюды пануе парадак, а твае ўказанні не аспрэчваюцца і абавязкова выконваюцца,— смяюцца прадстаўніцы армейскага «жаночага савета».
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік