Першы вясновы месяц скончыўся, а значыць, самы час расказаць пра тое, якія матэрыялы нашага сайта і навіны ў месенджарах выклікалі найбольшую цікавасць чытачоў.
Усяго за сакавік сайт budni.by наведала 10,8 тыс. карыстальнікаў. Часцей за іншыя артыкулы нашы віртуальныя чытачы адкрывалі рэпартаж з конкурсу прыгажосці, грацыі і таленту «Queens Show 2022». Нагадаем, што фотаальбом з конкурсу можна знайсці ў нашай групе «ВКонтакте». Дарэчы, у ёй найбольшую колькасць лайкаў набраў запіс з навіной пра тое, што ў Пружанскай ЦРБ з’явілася новая карэта хуткай дапамогі. Гэты ж матэрыял займае чацвёртую пазіцыю сакавіцкага ТОПа на сайце. А вось другое месца ў праблемнага матэрыяла пра будынак былога гарадскога магістрата.
На трэцім размяшчаецца рэпартаж з ушанавання работнікаў ААТ «Жураўлінае» ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Замыкае пяцёрку нарыс пра кандытара-самавучку Наталлю Ануфрыенка і яе шыкоўныя торты.
У нашых сацсетках у першым месяцы вясны ўпэўненае лідарства трымалі, вядома, жанчыны. Так, у «Аднакласніках» найбольш зацікавіліся фотарэпартажам з малочнага камбіната, а ў «Facebook» — матэрыялам пра Ніну Дыдышка. Што да Instagram, то самымі папулярнымі тут сталі фотакарткі са святкавання пружанскай Масленіцы.
Тры відэасюжэты выйшлі за мінулы месяц на нашым YouTube-канале. Знайсці яго проста: уводзьце ў пошукавік «Раённыя будні» і абавязкова падпісвайцеся! Часцей за іншыя ролікі карыстальнікі відэахостынгу і нашы падпісчыкі ў сакавіку глядзелі рэпартаж з ТАА «Уніформа», дзе была створана прафсаюзная пярвічка.
І, нарэшце, пра месенджары. Больш за 750 праглядаў у Telegram-канале t.me/budniby набрала навіна пра тое, што дзесяцікласнікі СШ №1 імя ЧБВА навялі парадак каля помніка ахвярам фашызму на праваслаўных могілках. Амаль 600 праглядаў у інфармацыі пра мітынг у в.Байкі, прымеркаваны да Дня памяці жыхароў спаленых вёсак. На трэцім месцы — бомба часоў вайны, якую пружанец знайшоў, гуляючы з сабакам.
Асобна хочацца сказаць пра Viber. Справа ў тым, што 28 сакавіка ён «пераехаў»: мы вырашылі перайсці з групы на ўласны канал у гэтым месенджары. Для чаго гэта было зроблена? Па-першае, для вашай жа зручнасці. Цяпер вам не спатрэбіцца доўгая спасылка, знайсці наш канал вы можаце, увёўшы назву газеты ў радок пошуку. Па-другое, канал захоўвае вашы персанальныя дадзеныя, спіс удзельнікаў бачым толькі мы. Па-трэцяе, значна прасцей адключыць апавяшчэнні: унізе экрана маецца адпаведны званочак.
Якія навіны ў новым Viber-канале вы ўпадабалі больш за іншыя, мы раскажам у наступны раз. Пакуль жа запрашаем падпісвацца на яго, іншыя электронныя рэсурсы «раёнкі» і, зразумела, на друкаваную версію. Чытайце нас і будзьце заўсёды ў курсе раённых навін.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла