Суббота, 13 апреля 2024

Згадаем пра паэтку. Ніне Мацяш сёння споўнілася б 80 гадоў

159

Сёння мы адзначаем 80 гадоў з дня нараджэння Нiны Мацяш (20.09.1943-19.12.2008), пiсьменнiцы, перакладчыцы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi, лаўрэата Лiтаратурнай прэмii iмя А. Куляшова.

Яна нарадзілася ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна, жыла і працавала ў Белаазёрску, але мела шмат сяброў у Пружанах і некаторы час у 1970-х гадах нават была пазаштатным кансультантам літаратурнай старонкі ў нашай «раёнцы». Яе вершы кранаюць душу сваёй лірычнасцю, глыбінёй роздуму, адкрытасцю пачуццяў, адданасцю Беларусі і роднаму слову. Яе жыццё можна назваць прыкладам стойкасці, моцы духу: сорак гадоў паэтка была прыкавана да інваліднага крэсла, але шмат працавала, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю. «Ёсць адзінае выйсце — жыць», — сцвярджала Ніна Іосіфаўна ў вершы, які ўвайшоў у зборнік «Душою з небам гаварыць»…

НЕСПАКОЙ

У мяне ўсё добра, ціха, ясна.
Гэткі ж ясны і спакойны дзень.
Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай,
Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары
У абдымках густалістых ліп.
Углядаюся ў людскія твары:
Чый жа боль сягоння мне баліць?..


Шчэ не журуся я па харастве,
Якое параскрадваюць маршчыны.
Смуткую: без мяне мае сцяжыны
Марнеюць па пяску і па траве.
Па мураве, па камені, вадзе
Мной не адкрыты свет мяне гукае,
І з немагчымасцю ўсё не звыкаю,
Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.
Пакуль яе не абарве няўзнак,
Мне столькі трэба зведаць
і пабачыць
Людзей у працы, весялосці, плачы,
Каб зразумець, што так, а што не так,
Што не па-людску складваю
ў жыцці.
Падчас і па чужых краях журуся,
А хопіць і куточка Беларусі,
Каб цэлы век свой да яе ісці.

Зборнікі вершаў Ніны Мацяш сёння займаюць пачэснае месца ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы.