Воскресенье, 20 апреля 2025

Здароўе, моц, прыгажосць… 11 каманд прыняло ўдзел у летнім мнагаборстве “Здароўе”

2 737

Дзясяткі спартсменаў, гукі фанфараў, высокія вынікі і радасць сяброў па камандзе… Масавае спартыўнае свята прайшло ў мінулую суботу на базе ДЮСШ № 1 і на стадыёне г. Пружаны. Свае спрыт, хуткасць, вынослівасць дэманстравалі каманды з 11 працоўных калектываў арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак раёна.

Арганізатарамі летняга мнагаборства “Здароўе” пад эгідай Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь сталі райвыканкам, Пружанскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб “Мухавец”, ДЮСШ №1 сумесна з Пружанскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённым камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Распачалося мерапрыемства цудоўнай музычнай хвілінкай ад салістак узорнай эстраднай студыі “Меладзін” гарадскога Палаца культуры Ульяны Кунда і Ірыны Курусь, пасля якой да ўдзельнікаў мнагаборства звярнуўся галоўны спецыяліст райвыканкама А.Л.Лапыка.
— Здаровы лад жыцця — тая аснова, на якой трымаецца годнае грамадства і дабрабыт людзей. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для яго развіцця. Гэтае мнагаборства заклікана не толькі пракласці шлях да рэгулярных заняткаў спортам, але і згуртавання калектываў. Спорт аб’ядноўвае і натхняе людзей на перамогі, — адзначыў Аляксей Леанідавіч і пажадаў усім моцнага здароўя і аптымізму.

У спаборніцтве ўдзельнічалі каманды спартсменаў з Пружанскага райспажыўтаварыства, філіяла РУП “Брэстэнерга” “Аграэнерга-Зеляневічы”, КУВП “Камунальнік”, ААТ “Пружанскі малочны камбінат”, “Ружаны-Агра”, “Шані-аграпрадукт”, “Жураўлінае”, “Агра-Калядзічы”, “Мурава”, а таксама з Пружанскай раённай бальніцы і Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы”.

Фізкультурна-аздараўленчая праграма мнагаборства складалася з дзвюх ступеняў: першая — “Здароўе, моц і прыгажосць” для ўзроставай катэгорыі 19-22 гады, другая — “Здароўе і прыгажосць” для катэгорый 23-29, 30-39 і 40-49 гадоў.

Спартсмены спаборнічалі ў дзевяці відах спорту, сярод якіх былі скачкі ў даўжыню з месца, адцісканне, падцягванне на высокай перакладзіне, чаўночны бег 4 х 9 метраў, бег на 30, 1500 і 3000 метраў.

Асабістае першынство сярод мужчын і жанчын вызначалася па суме балаў, набраных ва ўсіх практыкаваннях.
Пераможцамі мнагаборства ў сваіх узроставых катэгорыях сталі восем чалавек.

У лідары трапіла ажно чатыры прадстаўнікі ААТ “Жураўлінае”: Антон Чарняк, Юлія Ярашэнка, Дзяніс Малікаў і Аліна Карпыза. Таксама вылучыліся Ігар Плеска і Сяргей Мятліцкі з малочнага камбіната, Марыя Нічыпарук з Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы”, Марыя Тарасава з “Камунальніка”.

Алена Зялевіч