Падчас нядаўняга наведвання Ружанскай СШ мы выпадкова пазнаёміліся з настаўнікам тэхнічнай працы і чарчэння Ігарам Солававым. Але праз пару мінут размовы зразумелі, што нічога выпадковага ў жыцці не бывае.
Мужчына прыпыніўся каля стэндаў, прысвечаных герою-падводніку Казіміру Марачу і воіну-інтэрнацыяналісту Анатолію Кубарку, пасмяротна ўзнагароджанаму ордэнам Чырвонай Зоркі, і стаў з сумам глядзець на фотаздымкі. Аказалася, і сам ён – інтэрнацыяналіст. А да ўсяго, 8 лютага Ігару Мікалаевічу споўнілася 60 гадоў.
Ігар Солаваў родам з Пружан. 4 мая 1980 года ён быў прызваны раённым ваенным камісарыятам на тэрміновую службу. Прайшоў «вучэбку» ў Краснадары, а ўжо восенню трапіў па размеркаванні ў Афганістан.
— Варыянтаў, дарэчы, было шмат: хтосьці з маіх саслужыўцаў паехаў у Германію, хтосьці вярнуўся ў Беларусь служыць… А мой лёс вырашыў праверыць мяне на трываласць. Ды яшчэ да арміі я неяк пажартаваў з маці: маўляў, паеду ў Афганістан. Дажартаваўся. Памятаю, як уначы групу салдат, і мяне ў тым ліку, знялі з нарада і адправілі ў Туркестанскую ваенную акругу. А адтуль самалётам у гарачы, у поўным сэнсе слова, Афган. Але лішніх пытанняў мы не задавалі і ў правільнасці рашэння камандавання не сумняваліся. Мы ляцелі абараняць паўднёвыя межы нашай савецкай Радзімы… Выходзім з самалёта — вакол ваенная тэхніка, усе ўзброеныя. Вось тут патыліцы юныя героі і пачухалі, — успамінае Ігар Солаваў.
Паўтара года мужчына служыў у горадзе Кабуле ў 180-м палку, забяспечваючы сакрэтную сувязь паміж палкамі і пасольствамі. І хоць прамога ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымаў, але смерці ў твар глядзеў.
— Часта пад прамым абстрэлам мы дастаўлялі сакрэтныя матэрыялы туды, дзе іх чакалі. У нас была свая ахова і свая баявая тэхніка. Аднойчы на нашых вачах расстралялі цэлую калону, мы даставалі хлопцаў… Гінулі маладыя афіцэры, а пра салдат і ўвогуле маўчу… Наглядзеўся на жахі. І таму, калі мне прапанавалі застацца яшчэ на звыштэрміновую службу, рашуча адказаў: не, хопіць, — прызнаецца мужчына.
Але душэўны боль пераследваў яго, як і многіх тых, хто выжыў, і пасля вяртання дадому.
— Я вярнуўся роўна праз два гады — 4 мая 1982 года. А ўжо восенню прысутнічаў на пахаванні Валодзі Чарнака. Страшна было на яго маці глядзець… Часта, асабліва 15 лютага, успамінаю сваіх дарагіх таварышаў па службе і тую паўднёвую краіну, дзе мірам ніколі і не пахла. Афганцы — асаблівы народ, з чужым нам менталітэтам. Днём яны здаюцца мірнымі, а ўначы… не дай Бог з імі было сустрэцца. І што самае цікавае, галоўнымі правадырамі ў бандах былі самыя састарэлыя мужчыны, аксакалы. Здавалася б, пажылыя людзі павінны былі прывіваць нашчадкам любоў да міру, да жыцця, а яны лічылі за шчасце забіваць «няверных»… Там было цяжка ваяваць. Як бы наша разведка ні працавала, мы былі на чужой зямлі, а афганцы — на роднай: ведалі ўсе сцежкі, пячоры і цясніны. З’яўляліся нібы ніадкуль і таксама непрыкметна знікалі. Многае давялося перажыць на чужыне нашым салдатам, — са слязамі на вачах гаворыць Ігар Солаваў.
Відаць было, што нават праз гады мужчыне цяжка ўспамінаць пра тыя страшныя падзеі.
— Я не раз сустракаўся са школьнікамі, з маладымі людзьмі, каб расказаць ім пра перажытае. Моладзь звычайна бравіруе, не разумеючы, што такое вайна. Усе мы героі да першага свісту кулі, якая ляціць над вухам… А зараз, прызнацца, і выступаць не хочацца. Вось так 15 лютага збяромся на мітынгу, моўчкі пастаім, памянем загінулых сяброў і разыдземся, кожны – у сваё жыццё.
Ігар Мікалаевіч, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, вернецца ў школу — да сваіх шматлікіх пераможцаў і прызёраў раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд па тэхнічнай працы. І будзе распавядаць сваім вучням не пра вайну, а пра тое, што нічога няма лепшага за жыццё без вайны.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіва Ігара Мікалаевіча.