Ураджай на палях паспеў добры, і цяпер важна яго ўбраць аператыўна, якасна і без страт. На гэтых аспектах кожны год акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Асабліва ў цяперашніх умовах, пры высокім дэфіцыце прадуктаў харчавання ў Заходняй Еўропе. Ды і самім запас таго ж зерня ніяк не перашкодзіць, тым больш, цана на яго ў сённяшніх рэаліях даволі высокая. Значыць, ёсць магчымасць папоўніць бюджэт як краіны ў цэлым, так і кожнай асобнай гаспадаркі ў прыватнасці.
Пра гэта добра ведаюць і ў ААТ «Агра-Калядзічы», таму вельмі стараюцца кожную ўборку праводзіць на высокім узроўні, у аптымальныя тэрміны і з мінімальнымі стратамі.
У ААТ «Агра-Калядзічы» сёлета павінны ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на 1860 га. Плошчы не самыя вялікія ў разрэзе раёна. Але ў таварыстве лічаць, што на першы план павінна выходзіць якасць сельгаскультур і, як вынік, унёсак у агульную скарбонку краіны.
Сапраўды, ураджайнасць азімага рапсу тут радуе — 33,4 ц/га. У ліку першых у рэгіёне ААТ «Агра-Калядзічы» пачало і жніво яравога ячменю, які размяшчаецца на плошчы ў 330 га. Сельгаскультура па стане на чацвер была ўбрана амаль на палове плошчаў, намалот складаў 46,5 ц/га.
Зразумела, каб атрымаць добры ўраджай, патрэбна папярэдняя сур’ёзная падрыхтоўка. Галоўны аграном гаспадаркі Павел Чэчка расказа ў, што ў таварыстве надаюць належную ўвагу гатункам яравога ячменю, сёлета пераважаюць «саламэ», «грэйс», «фэст». Яны не такія патрабавальныя да глебы і больш упэўнена пераносяць розныя кліматычныя змяненні. Таму ў сельгаставарыстве спадзяюцца, што дадзеная сельгаскультура па ўраджайнасці сёлета не падвядзе.
На момант прыезду карэспандэнтаў «раёнкі» работа кіпела каля аг. Калядзічы. Было задзейнічана чатыры камбайны «Палессе GS12-А1». Па словах камбайнера Дзмітрыя Валасовіча, тэхніка поўнасцю падрыхтаваная да жніва, прастояў з выпадку паломак няма ды і праблем на ўчастках з палеглым ячменем не назіраецца, бо беларускія камбайны аснашчаны патрэбнымі вузламі для такой уборкі.
Дзмітрый, які працуе ў сельгаставарыстве механізатарам, ужо 15-ты сезон сядае за штурвал уборачнай тэхнікі і, як прызнаецца, атрымлівае незабыўныя эмоцыі ад гэтай работы. Задаволены ўмовамі працы і памочнік камбайнера Аляксандр Чайка, пастаянным месцам працы якога з’яўляецца пелетны завод ДЛГУ «Пружанскі лясгас». Аляксандр — аператар аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній дрэваапрацоўкі. Дарэчы, як стала вядома, Дзмітрый і Аляксандр сябруюць з дзяцінства. А што можа быць лепшым закладам у паспяховым выкананні пастаўленай задачы, як ні моцнае сяброўства?
На адвозцы зерня было задзейнічана чатыры «МАЗы», якія аператыўна дастаўлялі яравы ячмень на ЗСК «Калядзічы». Вадзіцелі Аляксандр Грышкевіч (агульны стаж у сельгаставарыстве — 36 гадоў!) і Сяргей Якубовіч расказалі, што ў гаспадарцы работа падчас уборкі наладжана на высокім узроўні, абеды і вячэры не спазняюцца, каларыйныя і смачныя. Ды і заработная плата паддае імпэту. За адзін раз тэхніка можа забраць да 15 тон зерня, пры тым што ў бункеры камбайна змяшчаецца прыблізна 4800 кг.
Многае падчас жніва залежыць менавіта ад аператыўнасці. У сельгаставарыстве работа наладжана так, што адразу пасля камбайна ідзе прэс-падборшчык, салома прасуецца ў рулоны, якія потым вывозяцца і складваюцца ў сцірты. Усё! Палетак гатовы да наступных работ. Заўважылі мы, што не забываюць тут і пра пажарную бяспеку: на палетках са збажыной дзяжурылі пажарныя з ПАВП № 13 з аг. Кабылаўка.
Што ж, работа кіпіць, людзі стараюцца. Няхай гэта ў сукупнасці дасць добры ўраджай, на які разлічваюць у сельгаставарыстве «Агра-Калядзічы».
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік.