Воскресенье, 20 апреля 2025

Зборы завершаны — навыкі адпрацаваны. На працягу трох тыдняў ваеннаабавязаныя з Пружаншчыны атрымлівалі вайсковыя веды і навыкі на базе часці ў Баранавіцкім раёне

1 091

Днямі ў пружанскім ваенкамаце адбылася значная падзея: тут сустракалі ўдзельнікаў чарговых вучэбных збораў, якія праходзілі на базе вайсковай часці тылавога прызначэння №55435, якая дыслацыруецца ў Баранавічах. Яе асноўныя задачы — прыём, захоўванне i выдача паліва воінскім часцям і злучэнням.

На працягу трох тыдняў ліпеня ваеннаабавязаныя з Пружан і раёна атрымлівалі веды і адпаведна са спецыфікай часці развівалі вайсковыя навыкі па пэўных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях.

Як адзначыў ваенны камісар Пружанскага раёна падпалкоўнік Шаўчэнка, падобныя мерапрыемствы па адпраўцы ваеннаабавязаных праводзяцца ў рамках комплекснай праверкі баявой гатоўнасці вайсковых часцей і прызначаны для павелічэння мабілізацыйнага рэсурсу раёна.

— Зборы рэгламентуюцца законам аб усеагульным воiнскiм абавязку, на іх абавязаны з’явіцца ўсе, хто стаіць у нас на ўліку. У прыватнасці, у гэтых зборах прымалі ўдзел маладыя людзі, якія па аб’ектыўных прычынах не праходзілі тэрміновую ваенную службу. Кожны з іх у звычайны час займаецца пэўнай прафесійнай дзейнасцю, таму абавязкам іх кіраўнікоў з’яўлялася забеспячэнне яўкі сваіх работнікаў на зборы. Трэба аддаць належнае, што ўсе пружанскія арганізацыі, сельскагаспадарчыя таварыствы, у якіх працуюць нашы ваеннаабавязаныя, паставіліся да мерапрыемства добрасумленна. Мы ўдзячныя ўсім за падтрымку. Нашы байцы «мірнага фронту» годна прайшлі навучанне і гатовы да ўкамплектавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На працягу збораў мы ўзаемадзейнічалі з камандаваннем базы паліва. Водгукі пра нашых пружанцаў толькі станоўчыя, усе задачы, пастаўленыя перад імі, былі выкананы. Ніякіх нараканняў у наш бок не паступала, — адзначыў Кірыл Усеваладавіч.

Сваімі ўражаннямі пра зборы падзяліўся адзін з іх удзельнікаў, будаўнік ААТ «Жураўлінае» Аляксей Пракаповіч:

— Вядома, большасць з нас ехалі на зборы не з асаблівым жаданнем, але ў працэсе навучання з’явілася цікавасць да службы.

Магу сказаць, што 25 дзён праляцелі непрыкметна. Ды асабліва і прывыкаць да новага ўкладу не трэба было. Напрыклад, для мяне рэжым дня быў, як і дома: пад’ём а шостай гадзіне раніцы і плённая праца ў добрым, дружным калектыве. Мы ставілі тэхніку на захоўванне, знаходзіліся на поўным забеспячэнні Міністэрства абароны, атрымлівалі збалансаванае трохразовае харчаванне. Усяго хапала, у вазе дакладна не страцілі…

У цэлым, думаю, зборы дазваляюць ваеннабавязаным не губляць форму і спрыт. Кожнаму з нас карысна прайсці альбо ўспомніць тэрміновую службу. Лічу, што зборы — адказны і неабходны перыяд у жыцці мужчыны.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.