Понедельник, 16 сентября 2024

Зборнік вершаў былога рэдактара “Раённых будняў” Міколы Антаноўскага “Як ліст сярод лістоў” прызнаны лепшым па выніках абласнога конкурсу. Віншуем!

804

19 мая ў брэсцкім музеі “Выратаваных мастацкіх каштоўнасцей” адбылося ўрачыстае віншаванне пераможцаў II абласнога літаратурнага конкурсу “Духоўная веліч”. У намінацыі “Паэзія” лепшым быў прызнаны зборнік вершаў былога рэдактара “Раённых будняў” Міколы Антаноўскага “Як ліст сярод лістоў”.


Як зазначыла старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч, перамога Міколы Антаноўскага была невыпадковай.


— Зборнік вершаў “Як ліст сярод лістоў” быў завочна прэзентаваны ва многіх культурных установах вобласці, аўтар атрымаў шмат станоўчых водгукаў ад вопытных мастацтвазнаўцаў і чытачоў. У кожным радку яго неверагодна тонкай лірыкі адчуваецца багацце душы беларускага народа, яго глыбокая вера ў светлую будучыню. Шмат яркіх, запамінальных вобразаў, эпітэтатаў і метафар, якія перадаюць багацце беларускай прыроды і народных святаў. Глыбокая павага і ўлюбёнасць, здаецца, у самыя простыя рэчы праз аўтарскую прызму перадаецца і чытачу. Акрыляюць пранізлівыя вершы, прысвечаныя каханню. Уражваюць і празаічныя ўстаўкі, якія перадаюць філасофскія роздумы творцы. Заўважу, што па задумцы арганізатараў, пры падвядзенні вы-нікаў улічваліся не толькі творы, але і маральныя якасці асобы самога пісьменніка. А Мікола Антаноўскі, які трыццаць гадоў працаваў галоўным рэдактарам Пружанскай раённай газеты, — гэта незвычайная асоба, паэтычная глыба, светлы, добры, мудры чалавек. Пружанцы павінны ганарыцца такім земляком! — зазначыла Таццяна Анатольеўна.

Шмат цёплых слоў у адрас пераможцаў прагучала і ад старшыні праўлення Брэсцкага аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Лідзіі Мікалаеўны Раманюк, сакратара Брэсцкага епархіяльнага савета протаіерэя Сяргея Петрусевіча і протаіерэя Пінскай епархіі Сяргея Малчана. Музычныя нумары для творцаў выканалі навучэнцы Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. Р.Шырмы. Напрыканцы для ўсіх удзельнікаў урачыстай імпрэзы была праведзена экскурсія па выставе “Сакральнае мастацтва Брэстчыны XVII-XVIII стагоддзяў”.
*
Конкурс быў заснаваны ў 2018 годзе абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, сумесна з Брэсцкім аддзяленнем “Беларускага Фонду міру”, Пінскай і Брэсцкай епархіямі Беларускай праваслаўнай Царквы. Сярод яго мэтаў — выяўленне лепшых твораў, што спрыяюць выхаванню ў чытачоў духоўнасці.
Сёлета ў фінале было прадстаўлена 28 кніг па чатырох намінацыях: “Проза”, “Публіцыстыка”, “Дзіцячая літаратура” і “Паэзія”. У апошняй і быў вылучаны твор нашага вядомага пружанскага паэта.
Алена Зялевіч.