Вторник, 18 февраля 2025

Збор духмяных вітамінаў напярэдадні Яблычнага Спаса пачалі ў пладовым садзе ААТ «Ружаны-Агра»

294

Толькі ў мінулую сераду асвяцілі ў цэрквах мёд, салодкі і духмяны, а ўжо сёння, 19 жніўня, праваслаўныя вернікі адзначаюць Яблычны Спас, ухваляюць нашага Збавіцеля. З чым мы іх шчыра віншуем. На сталах сёння закрасуюць чырванабокія, наліўныя, сочныя яблыкі. Такія прыгожыя, што некаторыя нават есці шкада. Толькі вось вырасціць іх, аказваецца, не так і проста, калі не займацца садаводствам з поўнай аддачай, з любоўю да ўсяго жывога.

Пэўна пра гэта ведаюць работнікі пладовага саду ААТ «Ружаны-Агра». Не першы раз карэспандэнты «раёнкі» з задавальненнем наведваюцца да ружанскіх садаводаў і кожны раз проста здзіўляюцца: гэта ж як трэба любіць прыроду, каб так пяшчотна адносіцца да кожнага дрэўца, моцна перажываць за кожную хворую яблыньку!

Для начальніка пладовага саду ААТ «Ружаны-Агра» Вольгі Гайдук праца ў садзе не абавязак, а задавальненне.

Вось і на гэты раз было прыемна сустрэцца з начальнікам саду Вольгай Гайдук і даведацца, ці будзем мы ласавацца на Спаса ды і зімой ружанскімі смачнымі яблыкамі? Наогул, па словах Вольгі Леанідаўны, год бягучы выдаўся не зусім удалым для садаводаў. Спачатку даймалі вясеннія халады, калі нават вада для паліву замярзала, і гэта падчас вельмі шчодрага цвіцення! То пасля засуха, то вільготнасць высокая, якая спрыяе развіццю такой хваробы, як мучністая раса. Але не здаліся ружанскія садаводы! Уносілі мінеральныя ўгнаенні ў глебу, пастаянна апрацоўвалі яблыні.

І ўдзячнасць не прымусіла сябе чакаць. Ужо сабралі добры ўраджай ранняга яблыка «каваленкаўскае», а ў мінулую пятніцу пачаўся збор беларускага вельмі смачнага і сакавітага сорту «слава пераможцам». Вельмі сугучная назва з тым, колькі сіл прыклалі садаводы для таго, каб радаваць нас сваёй прадукцыяй. Яблыкі ўжо цяпер рэалізуюцца праз гандлёвыя кропкі сельгаставарыства, у тым ліку і ў Пружанах, у магазіне «Ружанскі пачастунак». Так што, людзі, не зявайце, а ружанскія вітаміны купляйце! І ўдвая прыемна, што сёлета ўдасца сабраць яшчэ большы ўраджай, чым у мінулым годзе. Будзе на 100 % закладзены і стабілізацыйны фонд на 300 тон.

З такімі прыгожымі і адказнымі садаводамі кожнае дрэўца будзе дагледжанае і аблашчанае.

Канечне, вядзецца праца ў пладовым садзе і на перспектыву. Радуюць маладыя дрэўцы на 15 га, якія ўжо даюць плады. Яблынькі, якія высаджваюцца, цяпер падвязваюцца да трох шпалер і адразу абараняюцца ад грызуноў. І ўсё робіцца натруджанымі рукамі чалавека, з разуменнем справы. У будучым пасля планавай раскарчоўкі мяркуюць садаводы з ААТ «Ружаны-Агра» закласці грушавы сад, паспрабуюць заняцца вішняй і слівай. У такіх працаўнікоў несумненна ўсё атрымаецца!

Бачыць плён сваёй працы, мець дачыненне да жыцця краіны ў цэлым кожнаму чалавеку за шчасце. Таму заўсёды такія пазітыўныя і жыццярадасныя садаводы з ААТ «Ружаны-Агра». Дзякуй вам за працу!

Вадзім Раўнейка.

Фота Алега Сідарэнкі