Бягучы тыдзень пачаўся з тэлефанавання ў рэдакцыю жыхароў вуліцы Камсамольскай з аграгарадка Лінова. Журналістаў вяскоўцы тэрмінова паклікалі ў якасці… арбітраў у канфліктнай сітуацыі паміж людзьмі і энергетыкамі. Апошнія меркавалі разбурыць гняздо буслоў, уладкаванае на апоры ліній электраперадач. Менавіта супраць гэтага і выступілі жыхары аграгарадка.

Аднак аказалася, што сапраўдным «яблыкам разладу» стала не буслянка, а калектыўная скарга жыхароў гэтай вуліцы на якасць энергазабеспячэння. Як расказалі работнікі энергетычнай службы раёна, прычынай іх прыезду паслужыў зварот абанентаў, звязаны з рэгулярнымі скачкамі напружання, якія ствараюць пагрозу бытавой тэхніцы і бяспецы грамадзян. Нярэдка падобныя сітуацыі ўзнікаюць з-за буслянак, вага якіх бывае да 100 кілаграмаў. Такая нагрузка шкодзіць лініям электраперадач, псуе ізаляцыю. Такую праблему ўбачылі і ў Лінове. Энергетыкі мяркуюць, што буслянка «хавае» месца пашкоджання, дабрацца да якога магчыма толькі пасля разбурэння гнязда.
У той жа час супраць разбурэння катэгарычна выступаюць жыхары Камсамольскай. Зразумець вяскоўцаў можна, бо бусел даўно перастаў быць для нас звычайнай птушкай. Ён не толькі сімвал Беларусі, але і мае асаблівае значэнне для людзей, якія звязваюць з ім прыкметы дэмаграфічнага росту насельніцтва.

Тым не менш, людзі падобнай пазіцыяй самі ж заганяюць сябе ў непарыўнае кола нявырашанай праблемы. Па-першае, здаецца, навошта так спрачацца менавіта зараз, калі буслы паляцелі ў вырай і гняздо пустое? Больш таго, самі вяскоўцы ўпэўненыя, што вясной птушкі здольны хутка пабудаваць новую буслянку. Напрыклад, некалькі гадоў таму, калі праводзілася рэканструкцыя энергалініі на вуліцы Камсамольскай, буслы зрабілі новае гняздо за тры дні. У работнікаў энергаслужбы ёсць дазвол з боку прыродаахоўных органаў на правядзенне рэканструкцый сетак, пачынаючы з 15 жніўня.
Па-другое, усё, што знаходзіцца па-за плотам прыватнага домаўладання, з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю — тратуары, дарогі і нават слупы ЛЭП. Чаму на правядзенне рамонтных работ на гэтых аб’ектах трэба атрымліваць згоду грамадзян? Тым больш, што яны самі патрабуюць якаснага электразабеспячэння.

Але ж аварыйная брыгада энергетыкаў атрымала адпор ад вяскоўцаў, з-за чаго работнікі былі вымушаны з’ехаць з «праблемнага месца», пакінуўшы ўсё так, як і было да звароту грамадзян. У выніку цяпер узнік істотны шанец, што наступныя скаргі на няякаснае энергазабеспячэнне будуць заставацца нявырашанымі з-за немагчымасці правесці рамонтныя работы па прычыне нязгоды вяскоўцаў.
Нам бачыцца яшчэ адзін бок праблемы. Нават калі электрыкі ўсё ж разбураць гняздо і адрамантуюць сетку, а вясной буслы адновяць свой дом, непаладка зноў узнікне. Але ж даўно распрацаваны спецыяльныя канструкцыі, якія мацуюцца на слупах ЛЭП менавіта ў такіх месцах, якія падабаюцца нашым белакрылым сімвалам. Ёсць рэкамендацыі Міністэрства энергетыкі выкарыстоўваць іх паўсюдна. У выніку буслы атрымліваюць магчымасць будаваць свае гнёзды, не ствараючы праблем для сетак. Да таго ж, такі падыход, на нашу думку, дазволіў бы у будучым вырашаць рамонтныя пытанні, не даводзячы іх да ўзроўню канфлікту з мясцовым насельніцтвам.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік