Среда, 13 ноября 2024

Завяршыўся турнір па валейболе памяці А.А. Салтруковіча

237

На мінулым тыдні завяршыўся адкрыты раённы турнір па валейболе памяці А.А. Салтруковіча. У гэтым годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел адразу восем каманд: «Ружаны», ПДАТК, РАНС, ААТ «Роўбіцкае», «Лінова», «Камунальнік», а таксама госці з гарадоў Кобрына і Бярозы.

Сам турнір стартаваў яшчэ напрыканцы красавіка і працягваўся каля месяца. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме ў адзін круг. Гэта значыць, што ўсім удзельнікам неабходна было сустрэцца з кожнай камандай па адным разе. Гульні праходзілі ў спартыўнай зале Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Пасля першых трох тураў сфармавалася тройка лідараў, якая перамагла ва ўсіх сваіх матчах і пры гэтым не аддала саперніку ніводнай партыі. Гэтымі камандамі сталі ААТ «Роўбіцкае», «Лінова» і «Бяроза». Першымі з лідараў у вочнай дуэлі сышліся каманды «Лінова» і «Бяроза». Як і меркавалася, гульня выдалася напружанай, і ўсё вырашылася толькі ў апошняй, пятай партыі. Перамогу ў ёй, як і ў матчы ў цэлым, святкавала каманда з нашага раёна.

А вось для ААТ «Роўбіцкае» каманда з Лінова не стала перашкодай, іх вочнае супрацьстаянне завяршылася ўпэўненай перамогай 3:0 на карысць роўбіцкіх гульцоў.

Лёс пераможцы турніру вырашаўся ў апошнім туры, у якім сышліся паміж сабой каманды ААТ «Роўбіцкае» і «Бяроза». Нібы па сцэнарыі драматычнага жанру, гэта была і апошняя гульня турніру. Атмасфера на ёй была цудоўнай, амаль усе гледачы падтрымлівалі каманду з нашага раёна. Першая партыя ва ўпартай барацьбе засталася за гасцямі. Другую, у больш спакойнай абстаноўцы, таксама пакінула за сабой каманда з суседняга горада. Здавалася, што ўсё ішло да ўпэўненай перамогі бярозаўскіх хлопцаў, але гэта толькі здавалася… У трэцяй партыі гульцы ААТ «Роўбіцкае» прадэманстравалі выдатную гульню і скарацілі лік па партыях да мінімальнага. Але ўсё ж такі чацвёртая партыя засталася за камандай Бярозы, якая і адсвяткавала перамогу ў матчы.

Трыумф у апошняй гульні дазволіў камандзе з суседняга горада стаць чэмпіёнам адкрытага раённага турніру па валейболе памяці А.А. Салтруковіча. Другое месца засталося за камандай ААТ «Роўбіцкае», якая да апошняга тура лідзіравала ў турнірнай табліцы. Замкнула тройку прызёраў каманда з Лінова.

Калектывы, якія занялі першыя тры месцы, былі ўзнагароджаны прызамі і каштоўнымі падарункамі. Таксама не абышлі міма і лепшых у індывідуальных намінацыях. Так, лепшым злучным стаў Барыс Кулагін (ААТ «Роўбіцкае»). Узнагарода лепшага нападаючага турніру адправілася ў Бярозу разам з Канстанцінам Астравухавым. А лепшым гульцом стаў Армэн Мелікян з Кобрына.

Руслан Басак. Фота аўтара