У красавіку новае папаўненне прыбыла ў Брэсцкую пагранічную групу.
За мінулы час навабранцы паспелі прайсці курс маладога байца, дасканала вывучылі ўсе асаблівасці армейскай службы. Засталіся ў памяці страявая падрыхтоўка, першыя стрэльбы. І якраз напярэдадні Дня пагранічніка яны прынеслі ваенную прысягу, дзякуючы чаму былыя прызыўнікі цяпер могуць у статусе ахоўнікаў рубяжоў Радзімы сустрэць гэта значнае свята.
Разам з таварышамі сустрэне яго і ўраджэнец Пружан радавы Уладзіслаў Богдан. Пасля заканчэння школы хлопец паспеў адвучыцца ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы і папрацаваць па размеркаванні ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». У канцы красавіка быў прызваны ў органы пагранічнай службы і трапіў у Брэсцкую пагранічную групу.
— Не магу сказаць, што ў першыя дні было складана: распарадак дня быў складзены так, што вялікая частка часу прыпадала на вучэбны працэс, — сцвярджае малады пагранічнік. — Каледж я скончыў не так даўно, таму дыскамфорту не было. Дапамагла і прывычка да фізічных нагрузак, таму і тут цяжкасцяў не ўзнікла. А яшчэ добра тое, што хутка пасябраваў з саслужыўцамі.
Зразумела, што Уладзіслаў, як і іншыя навабранцы, вельмі хваляваўся перад прынясеннем ваеннай прысягі.
— Урачыстасць праходзіла ў Брэсцкай крэпасці, а гэта такое месца, дзе адчуваеш сваю адказнасць удвая. Гэта і дапамагло пераадолець хваляванне, — кажа малады чалавек. — А яшчэ падтрымалі бацькі.
Сапраўды, Марына Васільеўна і Сяргей Мікалаевіч прыехалі паўдзельнічаць у такой знакавай для сына падзеі. І своеасаблівай узнагародай за ўдзел у цырымоніі ён атрымаў сваё першае звальненне.
— Заўсёды лічыў пагранвойскі элітай, таму рады, што трапіў служыць менавіта сюды. Гэта будзе мой першы Дзень пагранічніка ў форме, таму чакаю яго з гонарам.
Сяргей Дзмітрыеў, афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагранічнай групы. Фота аўтара