Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам фестывалю «Тэрыторыя дзяцінства», прысвечанага 100-годдзю ўтварэння піянерскага руху. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Шчыра віншую вас са знамянальным юбілеем — 100-годдзем піянерскага руху. Вы прадаўжаеце слаўны шлях адной з самых магутных дзіцячых арганізацый у свеце, якая з’яднала ў пачатку мінулага стагоддзя хлапчукоў і дзяўчат — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і культур, якія гаварылі на розных мовах, але аб’яднаны самымі высакароднымі памкненнямі», — гаворыцца ў прывітанні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што першыя піянеры пакінулі багатую спадчыну, якая стала часткай гісторыі Беларусі: «Гэта прыклады актыўнага ўдзелу ў жыцці сваёй краіны і бескарыслівай дапамогі людзям, шчырага патрыятызму і гераічных подзвігаў, здзейсненых у гады Вялікай Айчыннай вайны».
«Сёння, захоўваючы традыцыі піянерыі, упісваючы ў летапіс руху новыя дасягненні і падзеі, вы звязваеце лёсы мінулых і будучых пакаленняў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў беларускім піянерам за цеплыню і ўвагу, якімі яны акружаюць ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, за беражлівае стаўленне да гістарычнай памяці, мемарыялаў і помнікаў, за крэатыўнасць і яркія ідэі, якімі яны напаўняюць будні і святы.
«Будзьце заўсёды дастойныя сваіх папярэднікаў і заставайцеся лепшым прыкладам для тых, хто ідзе за вамі», — даў наказ Прэзідэнт, а таксама пажадаў удзельнікам піянерскага руху моцнага здароўя, творчай энергіі і новых поспехаў у пачынаннях на карысць роднай Беларусі.