Суббота, 15 февраля 2025

Застаёмся ў масках і выконваем меры прафілактыкі! Самая актуальная інфармацыя пра COVID-19 на сёння ад Жанны Ісакавай

1 420

Пра важныя аспекты, якія тычацца эпідэміялагічнай сітуацыі па каранавірусе, расказвае загадчыца аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Жанаўна Ісакава.

— Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі зноў складваецца напружаная. Калі ў мінулыя хвалі ўзровень захворвання нарастаў павольна, то цяпер, можна сказаць, адбылася масавая ўспышка кавіду.

За апошнія сем дзён выяўлены вялікі прырост хворых — амаль на 40 працэнтаў у параўнанні з мінулым тыднем.

Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што да нас прыйшоў вельмі небяспечны дэльта-штам каранавіруса. Ён яшчэ недастаткова даследаваны, але, паводле папярэдніх ацэнак, можна сцвярджаць, што адрозніваецца большай кантагіёзнасцю, гэта значыць, больш заразны, чым іншыя штамы. Дэльта-штам часцей прыводзіць да шпіталізацыі, у хворых павялічваецца рызыка трапіць у рэанімацыю. Мяркуючы па лічбах, якія публікуе Міністэрства аховы здароўя, павышаецца і верагоднасць смяротных зыходаў.

Яшчэ адна асаблівасць гэтай разнавіднасці інфекцыі — дэльта-штам уяўляе небяспеку не толькі для людзей пажылога ўзросту, але нават для дзяцей і моладзі.

Якое выйсце з гэтай сітуацыі бачым мы, урачы? Толькі правядзенне масавай вакцынацыі насельніцтва.

Медыцынская статыстыка сведчыць: сярод людзей, якія прайшлі ўвесь курс вакцынацыі (прынялі два кампаненты вакцыны і вытрымалі перыяд у 21 дзень, неабходны для выпрацоўкі імунітэту) і ўсё ж такі сутыкнуліся з COVID-19, не было ніводнага выпадку смяротнасці. Больш за тое, ім нават не патрабавалася шпіталізацыя. Так, бывала, што прышчэпленыя людзі хварэлі, але ў даволі лёгкай форме, без ускладненняў.

У цяперашні час вакцынацыя ў нас праводзіцца двума прэпаратамі, якія ёсць у дастатковай колькасці, — «Спадарожнік-V» расійскай вытворчасці і кітайская «Vero Cell». Прайсці вакцынацыю можна ў Пружанскай паліклініцы, любой участковай бальніцы і амбулаторыі раёна. Адкрыўся прышчэпачны пункт і ў магазіне «Белмаркет» у райцэнтры.

Таксама заўважу, што ў сувязі з ростам захворвання зараз у бальніцы функцыянуе тры аддзяленні для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Гэта інфекцыйнае, тэрапеўтычнае (на 30 ложкаў) і траўматалагічнае аддзяленні. Падзелена на зоны рэанімацыйнае аддзяленне, а таксама падзяляюцца патокі ў прыёмным пакоі бальніцы. Адзін прыёмны пакой працуе для людзей з каранавіруснай інфекцыяй, а таксама з падазрэннем на яе, другі — для астатніх пацыентаў, паколькі іншых хвароб ніхто, на жаль, не адмяняў.

Мы заклікаем людзей не займацца самалячэннем! Пацыенту мэтазгодней прыйсці на прыём у паліклініку, дзе ў яго пры неабходнасці адразу возьмуць мазкі. Калі стан цяжкі, доктар, не чакаючы вынікаў тэста, адразу накіруе хворага на шпіталізацыю ў стацыянар.

Пацыент мае права таксама выклікаць «хуткую дапамогу» альбо ўрача на дом. Любы метад даступны, але трэба разумець, што фельчар «хуткай дапамогі» пастараецца толькі збіць высокую тэмпературу, але той жа лісток працаздольнасці ён не выдасць.

Вядома, урачам цяпер асабліва нялёгка. Хоць мы і працуем з гэтай інфекцыяй ужо другі год, але яшчэ ні пры адным захворванні столькі разоў не мяняліся загады па пратаколах лячэння. Для параўнання, пры сардэчна-сасудзістых захворваннях мы дзейнічаем, згодна з пратаколамі 2017 года. А пры COVID-19 інфармацыя пастаянна абнаўляецца, з’яўляюцца новыя дадзеныя па развіцці хваробы.

Медыкі імкнуцца пры лячэнні людзей выкарыстоўваць самыя новыя і дасканалыя прэпараты. Хочуць знайсці нітачку, за якую можна ўтрымаць жыццё чалавека. Але, трэба прызнаць, без дапамогі саміх пацыентаў яны не справяцца. Людзі павінны сачыць за сваім здароўем і рабіць усё магчымае, каб абараніць сябе і сваіх родных ад новай хвалі інфекцыі. І вакцынацыя дае такую магчымасць.

Аднак і гэтага недастаткова.

Звяртаю ўвагу на тое, што, як аказалася, асабліва цяжка пераносяць хваробу людзі з залішняй масай цела. Таму сачыце, калі ласка, за вагой. Таксама назірайце за ўзроўнем вітамінаў у крыві, асабліва вітаміну D. Як следства яго недахопу — аслаблены імунітэт.

Не ігнаруйце рэкамендацыі ўрачоў. Колькі ўжо казалі і пісалі пра тое, якія прафілактычныя меры неабходна выконваць, каб мінімізаваць верагоднасць заражэння, але па-ранейшаму людзей у масках нават у людных месцах сустракаеш вельмі мала.

Паслухайце хаця б нашых пацыентаў, якія перахварэлі на кавід! Яны ў адзін голас кажуць: «Ворагу не пажадаеш такога і нават дзесяць разоў цяпер падумаеш над тым, як засцерагчыся».

Майце на ўвазе, калі вы хварэлі і перанеслі каранавірусную інфекцыю ў лёгкай форме, не факт, што другая сустрэча з ёй будзе такой жа.

Людзі могуць хварэць на кавід па некалькі разоў, таму што пажыццёвы імунітэт да яго не выпрацоўваецца. Вірус муціруе, прыстасоўваецца. І дзейнічае ён, асабліва дэльта-штам, вельмі хутка. Калі раней цяжкая пнеўманія развівалася на 10-14 суткі хваробы, то зараз гэта можа здарыцца значна раней.

Таму ў выпадку ўзнікнення сімптомаў не спадзявайцеся на ўдачу, а адразу звяртайцеся да ўрачоў. Як бы там ні было, медыкі лепш ведаюць, што рабіць. На жаль, у нашай практыцы сустракаліся сітуацыі, калі ўрачам даводзілася ўпрошваць людзей згаджацца на шпіталізацыю.

Некаторыя хворыя дагэтуль не ўсведамляюць усёй небяспекі, якую нясе COVID-19.

Падрыхтавала Алена Зялевіч