Танцы і фітнес – гэта заўсёды прыгажосць, і нават мастацтва. Але рэпетыцыі і трэніроўкі – гэта цяжкая манатонная праца. На самай справе заняткі могуць прыносіць радасць і задавальненне, як у выпадку з новым напрамкам фітнесу «зумба». Вельмі прыемна ведаць, што сучасная тэндэнцыя не абышла і Пружанскі раён. Ужо больш за год у Лінове існуе клуб танцавальнага фітнесу «Нічога лішняга», дзе ўсе жадаючыя могуць паспрабаваць сябе ў зумбе. Я сустрэлася з заснавальніцай клуба, ліцэнзаваным трэнерам па зумбе, кіраўніком дзіцячага тэатра мініяцюр «ТМІН», маці дваіх дзяцей і проста ветлівай жанчынай Вольгай Ільіч.

– Раскажыце, як Вы пачалі займацца зумбай.
– Доўгі час мы з мужам і дзецьмі жылі ў Брэсце. Там я ўпершыню пачула пра зумбу і схадзіла на заняткі. Трапіла да вельмі добрай дзяўчыны-інструктара, якую да гэтага часу ўспамінаю з цеплынёй. Я заўжды атрымлівала задавальненне ад заняткаў, з нецярпеннем чакала наступную трэніроўку. Так і палюбіла зумбу.
– Як і калі быў створаны клуб танцавальнага фітнесу «Нічога лішняга» ў Лінове?
– Тры гады таму мы з сям’ёй пераехалі з Брэста ў Лінова, на радзіму майго мужа. Я ўладкавалася на працу ў Ліноўскі сельскі Дом культуры і вырашыла здзейсніць сваю маленькую мару – стаць рэжысёрам. Так з‘явіўся дзіцячы тэатр мініяцюр «ТМІН». Мы з дзецьмі займаемся пастаноўкай розных сцэнак, таксама танцуем.
А вось група танцавальнага фітнесу была створана выпадкова. Попыт спарадзіў прапанову. Мясцовыя дзяўчаты і жанчыны самі падыходзілі да мяне і прасілі арганізаваць што-небудзь для дарослых. І я вырашыла, что гэта будзе менавіта зумба. 16 сакавіка 2022 года была заснавана наша група. Хацелася зрабіць месца, куды маглі б прыходзіць розныя людзі, незалежна ад узросту і месца працы, каб проста весела і цікава правесці вольны час. Нават дзяўчыны з Пружан пачалі ездзіць да нас, у Лінова, на заняткі. Некаторых наведвальніц клуба танцы натхнілі на тое, каб пераняць карысныя звычкі: пачаць правільна харчавацца, даглядаць сябе.
Пакуль на занятках мы развучвалі танцавальныя рухі, я марыла аб тым, каб стаць кваліфікаваным інструктарам па зумбе. І толькі ў снежні 2022 года ў мяне атрымалася з’ездзіць у Маскву, прайсці навучанне і стаць ліцэнзаваным інструктарам танцавальнай фітнес-праграмы Zumba Fitness. Гэта дазволіла мне адкрыць яшчэ дзве групы, ужо ў Пружанах. Займаюся з імі са студзеня 2023 года.
– Чаму менавіта «Нічога лішняга»? З чым звязана такая назва?
– Мы доўга выбіралі назву і спыніліся на варыянце «Нічога лішняга», бо гэта ёмка, цікава, з падтэкстам. Ні лішніх кілаграмаў – для тых, хто хоча пахудзець, ні лішніх перашкод – для тых, хто хоча займацца. Здаецца, гэта запамінальна, з гумарам.
– Хто наведвае заняткі і як яны звычайна праходзяць?
– Да нас прыходзяць жанчыны розных узростаў, прыкладна ад 16 да 60. Заўсёды ёсць размінка, каб разагрэць мышцы, і замінка, каб паступова аднавіць нармальнае дыханне і сардэчны рытм. У нас няма доўгага завучвання і паўтарэння рухаў, мы танцуем адразу. Жанчыны проста глядзяць на мяне і паўтараюць рухі.
– Якія дасягненні ёсць у Вашага клуба? Ці памятаеце Вы сваё першае выступленне?
– Наша першае выступленне прайшло на «Ліноўскім гасцінцы» – свяце, якое ў ліпені мінулага года было арганізавана Ліноўскім сельсаветам. Да гэтага мерапрыемства мы падрыхтавалі цэлую праграму: 40 хвілін танцавалі на сцэне і запрашалі людзей далучыцца да нас. Гэта быў проста фурор! Атрымалі шмат захопленых водгукаў, і поспех вельмі натхніў нас. Таму вырашылі прыняць удзел у дзясятым рэгіянальным свяце-конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Магія танца», які праходзіў у Пружанах у верасні 2022 года. На гэтым конкурсе мы занялі першае месца. Пасля гэтага нас запрасілі ў Ваўкавыск на трэці адкрыты фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва «Танцуюць усе!». Там мы таксама сталі лаўрэатамі I ступені. Зараз зноў рыхтуемся да конкурсу «Магія танца», які пройдзе ў чэрвені гэтага года.
– Бачыла ваша выступленне на святкаванні Дня Перамогі ў Пружанах: флэшмоб каля палацыка з удзелам вашых дзяўчат вельмі спадабаўся гледачам. Ці часта праводзіце штосьці падобнае?

– Гэты быў першы флэшмоб, на які нас запрасілі. Але мы заўжды адкрыты для супрацоўніцтва.
– Гавораць, у кожным танцы ёсць свая філасофія. Якая філасофія ў зумбы?
– Зумба – гэта танцавальная фітнес-праграма, у аснове якой ляжаць чатыры папулярныя лацінаамерыканскія рытмы: сальса, кумбія, мерэнге і рэгетон. Але часам могуць выкарыстоўвацца і іншыя элементы, напрыклад хіп-хоп, нават нацыянальная музыка. Зумба існуе ўжо больш за 20 гадоў і за гэты час ахапіла амаль увесь свет дзякуючы сваім запальным рытмам, да якіх цяжка застацца абыякавым. У зумбе няма манатоннасці, як напрыклад пры бегу ці класічным фітнесе, але ў той жа час ёсць і анаэробная, і інтэрвальная, і сілавая нагрузка. Падчас трэніроўкі задзейнічаны амаль усе групы мышцаў. За адзін клас зумбы, які доўжыцца гадзіну, можна спаліць каля 700-800 калорый. Танцавальныя рухі ў зумбе лёгкія, таму на заняткі могуць прыходзіць людзі без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі. Галоўнае – пачуццё рытму і жаданне. Таму я лічу, што філасофія зумбы – гэта камунікацыя праз музыку, атрыманне задавальнення ад трэніровак і зняцце стрэсу. Зумба – гэта, у першую чаргу, пра радасць ад заняткаў, а не пра пахудзенне ці строгі комплекс фізічных практыкаванняў.
– Жадаю Вам поспехаў у Вашай справе!
А мы будзем чакаць запальныя танцы Вольгі Ільіч і яе падапечных на розных мерапрыемствах горада і раёна, каб самім акунуцца ў добры настрой і энергічны рытм зумбы.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ