Понедельник, 14 октября 2024

Заслужаныя ўзнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі працаўнікі «Пружанскага льнозавода»

338

Жніво ідзе сваёй чарадой. Але ні ў якім выпадку не трэба забываць і пра нашых ільнаводаў, для якіх гэтыя жнівеньскія дні таксама гарачая працоўная пара. На гэтым тыдні Пружанскі льнозавод пачаў вывозіць з палеткаў трасту ў рулонах.

Але першачарговай задачай ільнаводаў з’яўляецца церабленне культуры. Падчас гэтай работы патрэбна і майстэрства, і вопыт, і адказнае стаўленне да справы. Чаго, як адзначае кіраўніцтва прадпрыемства, механізатарам ільнозавода не пазычаць.

Механізатары Сяргей Басько, Уладзімір Бармута і Аляксандр Музычка — прафесіяналы сваёй справы.

А чаму б не адзначыць тых, хто паказаў сёлета лепшыя вынікі на церабленні? Здаецца, механізатары гэтага заслужылі.

Разам з намеснікам дырэктара льнозавода Дзмітрыем Жогалам і старшынёй Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Зубковай мы адправіліся з пачэснай місіяй на палетак каля вёскі Андрыянаўка. Словы падзякі за высокія паказчыкі ў рабоце Дзмітрый Мікалаевіч адрасаваў Сяргею Басько, Уладзіміру Бармуце і Аляксандру Музычку. А Вольга Васільеўна пажадала механізатарам моцнага здароўя, добрых заробкаў, працоўнага запалу і ўручыла ім каштоўныя падарункі.

Дарэчы, гэтыя хлопцы паказалі сябе не толькі на родным прадпрыемстве, а яшчэ ездзілі дапамагаць у церабленні на Ляхавіцкі льнозавод. Аляксандр Музычка папрацаваў і на палетках РУП «Інстытут ільну» ў Аршанскім раёне.

Што ж, калі ў галіне льнаводства працуюць такія шчырыя работнікі, значыць, наша родная Беларусь яшчэ доўгія гады будзе славіцца непаўторнымі сінімі палеткамі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік