15 снежня ў Пружанах быў дадзены старт сезона навагодніх святаў, а таксама дабрачынных акцый. Можа, надвор’е не радуе белым снегам, але Новы год ужо на парозе. І дзеці, і дарослыя заўсёды чакаюць самае чароўнае свята. Які ж Новы год можна ўявіць без прыгожа ўбранай ёлкі? А без карагодаў, танцаў, забаў і гульняў? Усё гэта было ўключана ў святочную праграму свята каля галоўнай ёлкі Пружан.
15 снежня на гарадской плошчы па вуліцы Савецкай прайшло ўрачыстае адкрыццё навагодняга сезона — запальванне агеньчыкаў на галоўнай ёлцы Пружан, якое з радасцю наведалі вучні школ горада.
Але навагоднія і калядныя святы — гэта не толькі карагоды вакол ёлак і віншаванні Дзеда Мароза. У гэтыя дні збываюцца самыя нязбыўныя мары, а стаць добрым чараўніком здольны любы жадаючы. Пра гэта нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які ўрачыста адкрыў самую добрую і чароўную акцыю «Нашы дзеці», удзел у якой прымае і раённая арганізацыя грамадскага аб‘яднання «Белая Русь».
Мерапрыемства «Стартуем у Новы год!», арганізаванае Палацам культуры, распачалі сваім выступленнем дзеці з узорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон». Далей маленькіх гледачоў чакала вясёлае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, Чараўніка-недавучкі, Цётачкі-Лесавушкі і Мароза. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю сачылі за прыгодамі персанажаў і разам з імі разгадвалі загадкі і танцавалі. А як весяліліся падчас гульні «Замарожу»!
Таксама сольнымі песеннымі нумарамі парадавалі Ксенія Шчыпанава, Мілана Рудакоўская, Кацярына Падлужная, Марыя Мікуцік, Анастасія Грышкевіч і Надзея Карташэвіч. А тэатр танца «Тапатушкі» выканаў на сцэне навагоднюю танцавальную кампазіцыю «Лясная казка».
Канечне, самай запамінальнай падзеяй, кульмінацыяй мерапрыемства стала запальванне агеньчыкаў на галоўнай ёлцы Пружан. Дзеці тройчы пракрычалі: «Раз, два, тры, ёлачка, гары!», Дзед Мароз узмахнуў сваім чароўным посахам — і вось на навагоднім дрэве заззялі агеньчыкі-сняжынкі!
А потым пад традыцыйныя зімовыя песні пачаліся карагоды. Маленькія гледачы з задавальненнем вадзілі іх разам з казачнымі героямі.
Напрыканцы свята былі агучаны вынікі паэтычнага конкурсу «Навагодняя феерыя», што праводзіў Палац культуры сярод юных жыхароў горада і раёна. Трэцяе месца дасталася Георгію Фядотаву, другое месца заняла Кацярына Макарэвіч, а перамог у конкурсе Мацвей Кулікоў. Пераможца і прызёры былі ўзнагроджаны граматамі і памятнымі падарункамі.
Падобныя мерапрыемствы прайшлі па ўсім раёне: ужо вечарам у пятніцу з дапамогай работнікаў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» і артыстаў Шарашэўскага цэнтра культуры і вольнага часу выдатныя эмоцыі атрымалі жыхары пасёлка Сонечны.
Наогул у Сонечным традыцыйна парадавалі жыхароў мноствам святочных фотазон і цудоўнай ілюмінацыяй. А мы нагадваем: пачаўся раённы конкурс на лепшае навагодняе афармленне тэрыторыі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і асабістых падворкаў. Мяркуем, што ззянне агеньчыкаў дадасць навагодняга настрою. А ўбачыць увачавідкі варыянты цудоўнага афармлення чытачы змогуць у нашых месенджарах.
Жадаем, каб такі ж радасны святочны настрой заставаўся з дзецьмі і дарослымі надоўга! Стартуем у Новы год са сваімі марамі, надзеямі і імкненнямі! Жадаем іх выканання!
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара і Кацярыны МАСІК
Фотаальбомы з мерапрыемства — у нашых групах «Укантакце» і «Аднакласніках»