Воскресенье, 12 января 2025

Запалілі зоркі «Круцёлачкі» і «Спадчына»

270

10-13 мая ў Мінску ў Палацы культуры чыгуначнікаў прайшоў IX Міжнародны фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва «Зажги свою звезду».

Яго арганізатарамі з’яўляліся міжнародны творчы праект «Светач», харэаграфічны тэатр дзяцей і моладзі «Пралесачка» (Беларусь) і дабрачынны фонд падтрымкі і развіцця народнай культуры «Садружнасць» (Расія). Шматгадовую падтрымку конкурсу аказваюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы, розныя арганізацыі і ўстановы Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі.

Конкурс праходзіў у 15 намінацыях і шасці ўзроставых групах. У ім прынялі ўдзел творчыя калектывы з розных краін. Сярод тых, хто годна прадставіў Рэспубліку Беларусь, былі пружанскія танцоры, якіх адзначылі шэрагам узнагарод у намінацыі «Народны танец».

Так, узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі» Пружанскага гарадскога Палаца культуры атрымаў дыплом лаўрэата І ступені ва ўзроставай групе 11-14 гадоў і дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені ва ўзроставых групах 8-10 і 11-16 гадоў. Таксама калектыву была ўручана спецыяльная ўзнагрода «За адданасць праекту і доўгатэрміновае супрацоўніцтва», а яго кіраўніку Аксане Ільюшонак — спецыяльны дыплом «За высокае педагагічнае майстэрства».

Ва ўзроставай групе 15-20 гадоў дыплом лаўрэата І ступені быў прысуджаны народнаму ансамблю народнага танца «Спадчына» Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Кіраўнік калектыву Валянціна Іскаліева атрымала спецыяльную ўзнагароду фестывалю «За вернасць традыцыям народнай харэаграфіі».

Віншуем! Жадаем поспехаў у новых творчых праектах!

Ірына Мікалаева