Четверг, 19 июня 2025

Замуровали, демоны! Или «капризы» одного пружанского лифта

733

Апошнія некалькі гадоў у Пружанах была праведзена маштабная замена ліфтавага абсталявання ў шматпавярхоўках. Адным з першых абнаўленне закранула дзевяціпавярховы дом па вул.Юбілейнай, і, трэба сказаць, жыхары спачатку не маглі нарадавацца гэтаму ліфту. Вось толькі пачуццё радасці было нядоўгім. Як расказвае М.М.Казлоўскі, які жыве ў гэтым доме ў другім пад’ездзе, абсталяванне стала адключацца ўсё часцей…

— Асабіста я толькі з пачатку бягучага года двойчы быў заблакаваны зламаным ліфтам,— скардзіцца Мікалай Міхайлавіч.
Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што старое абсталяванне па прычыне зношанасці таксама часта выходзіла са строю. Вось толькі падобныя няспраўнасці праходзілі неяк незаўважна. Цяпер жа наспела праблема іншага характару.
— Калі «завіс» у першы раз, то адразу звярнуў увагу на інструкцыю, якая размешчана непасрэдна ў кабінцы,— дзеліцца ўражаннямі наш чытач.— У ёй распрацоўшчыкі пры спыненні ліфта паміж паверхамі забараняюць спрабаваць самастойна выйсці з кабінкі. Першым дзеяннем трэба націснуць на кнопку «Выклік».
Гэта і зрабіў Мікалай Казлоўскі, вось толькі безвынікова: на іншым канцы сувязі ніхто пацярпеламу так і не адказаў. Дзеянні па другой парадзе ад распрацоўшчыкаў (патэлефанаваць у дыспетчарскую ліфта па нумары 9-09-38) таксама суправаджаліся няўдачай. Дарэчы, у старым тэлефонным даведніку, выдадзеным 13 гадоў таму, пазначаны такі ж тэлефон. Але мы дакладна ведаем, што апошні зборнік тэлефонных нумароў на 90% састарэў, і вырашылі таксама праверыць іх адпаведнасць. Дык вось па гэтым нумары адказалі, што мы патэлефанавалі ў бухгалтэрыю КУВП «Камунальнік», дзе ні пра якую рамонтную службу ліфтаў не ведаюць. Такі ж адказ тады пачуў і герой нашай гісторыі. Пасля чаго звярнуў увагу на іншыя парады:
«Дыспетчарскі пункт» __
«Аварыйная служба ліфта» «ААТ «Брэстліфт»__
»
Думаем, чытач здагадаўся, што там адведзена месца для пазначэння нумароў тэлефонаў экстраннай дапамогі пацярпелым, але іх там проста няма. Наш чытач патэлефанаваў знаёмаму, які праз іншага знаёмага ўсё-такі знайшоў тэлефон брэсцкага прадпрыемства, якое абслугоўвае ліфты ў Пружанах (!). Адтуль патэлефанавалі свайму спецыялісту, які знаходзіцца ў нашым райцэнтры, пасля чаго да пацярпелага прыйшла дапамога.
— У выніку разам з іншымі небаракамі я правёў у спыненай кабінцы 42 мінуты,— расказвае Мікалай Міхайлавіч.— Уявіце сабе, як гэта — вытрымаць такі час, стоячы на нагах, у закрытай прасторы, плошчай крыху больш за два квадратныя метры. Напрыканцы нават цяжка было дыхаць, бо ў кабінцы прадугледжана толькі натуральная вентыляцыйная цяга, ніякіх прымусовых вентылятараў няма.
У другі раз наш чытач трапіў у пастку 11 чэрвеня. І хаця цяпер яму быў дакладна вядомы алгарытм выратавання «Пружаны-Брэст-Пружаны», пэўны час там таксама давялося правесці. Пры гэтым яго абурала тое, што ўнук, якога дзядуля праводзіў на цягнік, у выніку спазніўся на свой рэйс і вымушаны быў купляць новы білет.
— Я не праводзіў апытання суседзяў, ці траплялі яны ў такую ж пастку, але дакладна ведаю, што падобныя гісторыі здараліся не толькі са мной, бо нярэдка ліфт стаіць адключаны. І страшна падумаць, што робіцца ў зачыненай кабінцы, асабліва з малымі дзецьмі. Ці аператыўна прыйдзе дапамога, калі ліфт спыніцца па прычыне надзвычайнай сітуацыі?
Зразумела, што нічога ідэальнага няма, у тым ліку і ліфтавае абсталяванне па розных, аб’ектыўных ці суб’ектыўных, прычынах можа выходзіць са строю. Вось толькі раней тыя, хто трапіў у ліфтавую пастку, чакалі лічаныя мінуты, а не амаль гадзіну. Чаму экстранную дапамогу неабходна запатрабаваць праз Брэст? Чаму камунальная служба больш не трымае сваіх ліфцёраў, якія пастаянна дзяжурылі і адказвалі на выклікі?
Напрыканцы наш чытач папрасіў звярнуцца праз газету да распрацоўшчыкаў і абслугоўваючых арганізацый ліфтавага абсталявання з просьбай зрабіць у кабінцы адкідныя сядзенні, накшталт тых, што ў купэйных вагонах. У адваротным выпадку састарэлым давядзецца заходзіць у кабінку са сваімі табурэткамі, бо як так доўга на нагах у пажылым узросце вытрымаць?

Алег Сідарэнка