У старажытнае Заслаўе мы трапілі выпадкова. Ездзілі на “Лінію Сталіна” — паглядзець рэканструкцыю танкавага бою часоў Вялікай Айчыннай вайны. І на зваротным шляху збочылі з шашы, каб павітацца з горадам, заснаваным больш за 10 стагоддзяў таму князем кіеўскім Уладзімірам Святаслававічам. Не, не так, з горадам, дзе жыла жонка Уладзіміра апальная княгіня Рагнеда і іх сын Ізяслаў.
Усе падручнікі гісторыі расказваюць аб сумным лёсе дачкі полацкага князя Рагвалода. Ганарлівая палачанка адмовілася стаць жонкай Уладзіміра, сына рабыні, але сіла сілу пераламіла. “Рабічыч” заваяваў Полацк, самым жорсткім чынам адпомсціў за свае прыніжэнні і… увайшоў у гісторыю як хрысціцель Русі.
Не хочацца верыць мінулагодняму расійскаму фільму “Вікінг”, у якім зроблена спроба сучаснымі кінематаграфічнымі сродкамі паказаць тую самую “гістарычную праўду” праз гвалт, кроў, бруд. Куды прыемней, на мой густ, мультфільмы пра Уладзіміра Краснае Сонейка, дзе прыгожыя і чысценькія былінныя героі ратуюць дзяржаву ад Салаўя-рабаўніка ці якіх іншых злодзеяў. Што выбіраць для прагляду, зразумела, – справа густу, але не варта забываць, што і там, і тут у аснову сюжэта пакладзены паданні, а ўсё астатняе – рэжысёрскае бачанне падзей.
Але з якога боку ні разглядай мужчынскія разборкі ў гісторыі тысячагадовай даўнасці, адусюль бачная постаць Рагнеды. Нешчаслівая ў каханні (а хто наогул пытаў у князёўнаў пра каханне, калі заключаліся дынастычныя саюзы?), яна стала роданачальніцай дынастыі Рурыкавічаў. Яе спроба адстаяць уласную годнасць дала штуршок Уладзіміру пераасэнсаваць сваё жыццё і ў рэшце рэшт прыйсці да хрысціянства. Яе сын Яраслаў атрымаў мянушку Мудры і стаў аўтарам першага зводу законаў рускага права. Яе праўнук легендарны Усяслаў Чарадзей амаль шэсць дзесяцігоддзяў княжыў у Полацку. Яе прапрапраўнучка Ефрасіння Полацкая стала сімвалам духоўнага жыцця Беларусі. (Вось бы каго нам, жанчынам, браць за прыклад у барацьбе за свае правы, а не Клару Цэткін з яе 8 Сакавіка…)
Жыццё Ізяслава, які назаўсёды пакінуў сваё імя ў назве старажытнага Заслаўя, было кароткім, але ён паспеў зрабіць шмат. Маленькім хлопчыкам праявіў гераізм — стаў на абарону маці, якой па язычніцкім законам пагражала смерць за спробу забойства крыўдзіцеля-мужа. Княжыў у Полацку і адбудаваў разбураны міжусобнымі войнамі горад у новым, больш зручным месцы, дзе і стаіць ён цяпер. Імкнуўся да асветы: летапісцы называюць яго кніжнікам…
Помнік Ізяславу адкрылі на цэнтральнай плошчы Заслаўя тры гады таму падчас святкавання тут Дня беларускага пісьменства. Юны прыгажун, падобны на секс-сімвал майго юнацтва акцёра Алега Відава ў ролі князя Гвідона з казак Пушкіна, адной рукой абапіраецца на меч, другой прыціскае да сэрца раскрытую кнігу… А вось скульптурную кампазіцыю, прысвечаную Рагнедзе, мы так не знайшлі, хаця менавіта да яе я імкнулася сюды. Нейкай складанай на наш розум аказалася схема праезду, а навігатар, з якім пасварыліся яшчэ ў мінулую паездку, зларадна маўчаў. Ды мясцовы святар, у якога мы распытвалі пра славутасці Заслаўя, адразу папярэдзіў: не знойдзеце самі.
Што ж, затое да змяркання паспелі прайсціся па ўнушальным вале, які застаўся на месцы абарончых умацаванняў старажытнага замка. Рэшткі брамы, якія кожны паважаючы сябе турыст імкнуўся памацаць, цяпер закрылі празрыстым каўпаком, таму пакласці ў кішэню дробку старажытнай цэглы – на памяць — не ўдалося. Палюбаваліся велічным храмам і нават зайшлі ў яго.
Аказалася, што цяперашняя Спаса-Праабражэнская царква першапачаткова ўзводзілася як пратэстанцкі сабор у 1577 годзе. За гэты час прыстасоўвалі яе пад свае патрэбы і католікі, і ўніяты, і праваслаўныя, і атэісты…
Дарэчы, фундатар сабора Ян Глебовіч, тагачасны ўладальнік Заслаўя, заснаваў у горадзе і друкарню, а таксама запрасіў сюды Сымона Буднага. Менавіта тут вялікі асветнік і гуманіст зрабіў пераклад Новага Запавета на родную (заходнерускую або старабеларускую) мову. Але дзе толькі не “засвяціўся” свавольны рэфарматар! З ім мы нядаўна віталіся і ў Нясвіжы, дзе ўстаноўлены помнік і нават захаваўся будынак друкарні.
Доўга шукала і ў інтэрнэце, і ў друкаваных выданнях звесткі аб гэтым кнігадрукары: вельмі ўжо хацелася знайсці нейкую сувязь Буднага з Пружанамі. Не, нічога, на жаль, не атрымалася. Хаця, па адной з версій, вёска Будне, адкуль ён родам, знаходзілася на Беласточчыне, адносна недалёка ад нас.
Ірына СЯДОВА.