За вокнамі Нясвіжскага палаца бушавала летняя навальніца. Не струмені дажджу, а цэлыя вадаспады ліліся з неба. Шматлікія турысты, якія сумленна абышлі не менш шматлікія залы і ўдосталь захапіліся іх веліччу, а цяпер бадзяліся па прасторным унутраным дворыку не ў сілах развітацца з прыгажосцю, кінуліся назад пад дах. У пошуках самага сухога месца я раптам натрапіла на канцэртную залу, дзе, як папярэджвалі работнікі музея, праз хвіліну-другую пачнецца спектакль…
Аказваецца, па пэўных днях (нават без вечароў Вялікага тэатра) тут наладжваюць тэматычныя пастаноўкі пра былых уладальнікаў ахутанага легендамі і міфамі Нясвіжа. Класічная музыка і цудоўны вакал артыстаў прымірылі з абставінамі, якія немагчыма змяніць (застаецца мяняць сваё стаўленне да іх). І нават лёс сяброў, якія заблукалі ці то ў арсенале, ці то ў вінным склепе, ужо не здаваўся такім нявызначаным. Нешта часта ў забаўляльных паездках я пачынаю шукаць шляхі прымірэння з рэчаіснасцю. Можа, з-за таго, што ў турыстычных буклетах і тэлепраграмах выбітныя мясціны выглядаюць занадта ўрачыста-святочна-цукеркава? Таму пра свята пачынаеш марыць загадзя. І дарэмна. Пры падобным чаканні цуда нават нейкая драбнюткая дробязь здольна сапсаваць уражанне ад доўгачаканай паездкі.
Такой дробяззю ў Нясвіжы стала паркаванне машыны. Каля варот, зразумела, у выхадны дзень спыніцца было немагчыма, і нам паказалі, як праехаць на прыватную стаянку, адкуль блізенька — напрасткі па сцежцы — прайсці да музея. Так і зрабілі. Але ж ніхто не папярэдзіў, што білетная каса знаходзіцца якраз ля варот, і да яе давядзецца вяртацца, напэўна, з кіламетр. А яшчэ там жа, на ўваходзе, аказалася схема паркаў, без якой, як без бутэлькі, у сістэме сцежак не разабрацца… Адным словам, давядзецца ехаць сюды зноў ужо з веданнем, якія падводныя камяні могуць чакаць на шляху. Ад падобнай сітуацыі ўратавала б арганізаваная паездка з прафесійным экскурсаводам, але адрэналін «дзікіх» выездаў нам неяк больш імпануе. Можа, варта было аўдыёгід узяць? Ды вельмі занудна ён балбоча, заснеш.
Неарганізавана паблукаўшы сярод экспанатаў, зразумелі, што такое мноства партрэтаў, назваў, імёнаў, дат з першага разу запомніць немагчыма (і навошта наогул запамінаць пайменна нейкіх Радзівілаў, якія па жыцці канфрантавалі з нашымі ружанскімі Сапегамі?). Пакруціліся вакол групы японцаў, уведзеных у шок месцамі агульнага карыстання, прыцаніліся да сувеніраў… А тут і дождж скончыўся! Памыты палац пад промнямі сонца заззяў, як чароўны куфар, не падманвалі рэкламы. Але мы ўжо рушылі праз горад да ратушы, самага старажытнага будынка гарадскога самакіравання ў Беларусі. Вось цікава, якой была ратуша ў Пружанах у часы Магдэбургскага права? Музейная экспазіцыя, якая размяшчаецца на другім паверсе, зразумела, больш сціплая, чым у палацы. Затое тут аказаліся даступнымі па кошце паслугі экскурсавода. І тры чвэрці гадзіны нашай кампаніі прафесійна і (у адрозненне ад аўдыёгіда) эмацыянальна расказвалі пра рэальную гісторыю Нясвіжа і яго самакіравання, гаспадароў-магнатаў, некаранаваных каралёў, ваяроў, светароў, тэатр, арганізаваны Францішкай Урсулай Радзівіл, а таксама пра прывід Чорнай Панны і іншыя шматлікія міфы старажытнага месца. Так што калі, нарэшце, пасля набажэнства мы трапілі ў знакаміты касцёл Божага Цела, у крыпце якога знаходзяцца пахаванні дынастыі Радзівілаў, я ўжо з распальцоўкай тлумачыла нейкім турыстам з Расіі, што, дзе і як адбывалася.
Нахілілася, памацала рукой кольцы каменнай пліты над склепам, якую здымалі для новага пахавання.А калі ўзняла галаву, убачыла на калоне партрэт… Мікола Купрэеў? Але подпіс сведчыў, што гэта выява Уладзіслава Сыракомлі. Аказалася, што паэт, драматург, перакладчык, краязнаўца, У.Сыракомля (Людвік Кандратовіч) пэўны час вучыўся і служыў у Нясвіжы. У кнізе “Вандроўкі па маіх колішніх ваколіцах” ён апісаў гісторыю тутэйшых мясцін і асоб. У Нясвіжы памятаюць аб ім (дай Бог, каб пружанцы гэтак жа памяталі Купрэева) і ў парку ўстанавілі бюст (на здымку). Дзіўна, але выключнае не толькі знешняе падабенства У.Сыракомлі (1823-1862) і М.Купрэева (1937-2004), якіх раздзялялі больш за паўтара стагоддзя.
Яны вельмі падобныя па характарах, звычках, ладзе жыцця. Абодва таленавітыя літаратары і вандроўнікі ў душы. “Вось, нарэшце, і абышоў я, радзіма, гарады твае, вёскі з кіем пілігрыма”, – пісаў Уладзіслаў Сыракомля. “Ніколі не абыходзіўся сам сабою. Толькі – людзьмі, а найбольш – прыродай: рэчкай, дрэвам, кустом, птушкай”, — казаў Мікола Купрэеў. І той, і другі мелі згубныя слабасці, жылі адным днём, як птушкі нябесныя. Нават аднолькава хварэлі на сухоты. Што гэта? Перасяленне душ, рэінкарнацыя? Дзіўнае супадзенне генаў ці нават нявыяўленае кроўнае радство? Пасля паданняў аб прывідах, пярэваратнях, загубленых душах закаханых і розных іншых жахах феадальнага мінулага ў Нясвіжскіх ваколіцах паверыш ва ўсё.Дарэчы, пра Сыракомлю таксама ёсць паданне. Самы вядомы сучаснікам яго твор, які дажыў да сённяшніх дзён, — перакладзеныя на рускую мову словы песні “Когда я на почте служил ямщиком”. У гэтым вершы ён апісаў гісторыю, пачутую ў карчме, што знаходзілася нібыта ў Мірскім замку.
Ірына Сядова, фота аўтара.